Вясна. Веяў цёплы ветрык, грэў сонечны прамень, з кожным днём цямнеючы, раставаў на Нешчардзе лёд. Пуста на ўсім возеры. У паветры лёталі толькі белыя крачкі; ручаі збягалі з пагоркаў, шумела, заліваючы ўсю абалонь, рака, вада пакрывала прыбярэжныя лугі і лясы; высокія бярозы і вербы люстраваліся ў чыстым крышталі. Над палямі спявалі жаўрукі, а ўдалечыні адзываліся жураўліныя крыкі.
У канцы красавіка зямля ўбралася зялёным кілімам. Ужо пастух выгнаў на пашу статак, ужо араты працаваў да захаду сонца. Ясным днём захаплялі вока пекным краявідам горы і лясы, увечары адзываліся ў гаях птушыныя хоры і чароўныя песні салаўёў, уначы на берагах Нешчарды раскладвалі вогнішчы рыбакі; крычалі ў густым чароце качкі і вадзяныя куры.
Сярод весялосці прыроды, сярод добрага надвор’я я быў журботны, мае думкі азмрочыў смутак; адведваў палеткі і лясы, развітваючыся з веснавою роднаю зямлёю; будучыня паўставала ў маіх думках як далёкая, дзікая і страшная пустэльня, дзе мяне могуць спаткаць прорвы, звяры і гадзюкі.
Калі сонца хілілася да вечара, дзядзька, вяртаючыся з поля, паклікаў мяне да сябе і сказаў:
— Чаму ты такі змрочны і задуманы?
— Думаю пра дарогу.
— Калі ты збіраешся пакінуць наш край?
— Хацеў бы заўтра. Ужо наважыўся, і няхай усё споўніцца хутчэй, апрача таго, такое вясновае надвор’е — найлепшы час для падарожнікаў.
— Не трымаю, калі ўжо вырашыў. Будзеш мець заўтра каня і прыпасы на дарогу, але цяпер, перш чым назусім ад’едзеш з гэтага краю, пабудзь у пана Марагоўскага, пана Сівохі і ў сляпога Францішка. Едзеш у той бок, і ад дарогі недалёка трэба будзе ад’язджаць; яны любяць цябе, шчыра зычаць шчаслівага жыцця.
Раніцай, калі ўсё ўжо было прыгатавана, пан Завальня сказаў:
— Янка! Я паўтару табе напамін, які калісьці сам чуў ад свайго бацькі: «Ідзі ў свет, шукай сабе долі, любі Бога, бліжняга і праўду. Апека Творцы цябе не пакіне. Служачы, будзь адданы і працавіты, калі зазнаеш няшчасце, цярпі, у бядзе не паддавайся роспачы, памятай, што на свеце няма нічога вечнага, толькі на небе ад стварэння свету свецяць тыя самыя зоркі і тое ж самае сонца.
Калі спаткаеш дзесьці там шчаслівейшых ад нас людзей, калі ў вёсках і ў гарадах у іх заўсёды песні, музыка і вясёлыя забавы, калі ўся зямля нагадвае пышны сад і штогод добра ўзнагароджвае земляробаў, не забывай пра пакуты сваіх землякоў, няхай твая малітва да Бога лучыцца з іх малітвамі. Можа, калі-небудзь і нашыя дзікія пушчы і лясы загучаць вяселлем, Бог магутны і міласэрны.
Праз шмат гадоў, можа, калі-небудзь наведаеш гэты край, ужо, пэўна, не ўбачыш тых старых людзей, з якімі столькі разоў размаўлялі ў маім доме, і мяне ўжо на свеце не будзе; магілу маю, можа, хто-небудзь пакажа табе. Бывай здаровы і памятай гэтыя мае словы».
Праз гадзіну ўжо схаваўся ад мяне высокі лес, што акружаў сядзібу майго дзядзькі, схавалася чыстае люстра і зялёныя берагі возера Нешчарды.
ДРАЎЛЯНЫ ДЗЯДОК І КАБЕТА ІНСЕКТА [173] Першая частка (раздзелы «Што здарылася з Драўляным Дзядком» і «Кабета Інсекта») гэтае аповесці Я. Баршчэўскага была надрукавана ў пятым томіку альманаха «Nіezabudka» на 1844 г. яшчэ да з’яўлення «Шляхціца Завальні». Другая частка — у восьмым томіку альманаха Казіміра Буйніцкага «Rubon» на 1847 г. ужо пасля выхаду «Шляхціца Завальні».
Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра ціхае, у лесе чуліся мілагучныя і дзікія спевы птушак; блізкі быў час начлегу, і я спяшаўся як найхутчэй пакінуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкі дамок, на ўраджайных нівах даспявалі залатыя каласы, і вялікая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасціннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.
Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сівая, на твары спакой і бадзёрасць.
Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вітаюся і прашу, каб быў ласкавы дазволіць адпачыць з дарогі да наступнага дня.
— Проша, проша, — шчыра адказаў ён. — Цяпер дзень доўгі, можна не спяшаючыся шмат прайсці. Пан Бог, пэўна, накіраваў у Полацак, адсюль яшчэ сорак вёрст дарогі праз пусткі і пясчаныя баравіны, аднаму, а яшчэ пеша, маркотна і нядобра ісці цёмнаю ноччу.
Калі падыходзілі да жытла, два вялікія сабакі спаткалі нас на дзядзінцы і насцярожана пазіралі на мяне.
Читать дальше