Нарэшце Алешка пайшоў у далёкі край, дзе за лясамі, за водамі, за гарамі ёсць велізарная краіна, у якую страшны чарнакніжнік заслаў злых духаў і ператварыў яе ўсю ў жахлівую пустэльню.
Колькі дзён і тыдняў Алешка з кіем у руках ішоў далей і далей, мінаў вёскі і гарады, мінуў велізарныя з даўніх часоў не кранутыя сахою пусткі і прыйшоў на месца, дзе хавалася ў цёмных лясах утравелая дарога. Там ён убачыў велізарнага асілка. Найвышэйшыя бярозы ледзь маглі вершалінаю дастаць да яго шырокіх рамёнаў; ён адною рукою вырываў з зямлі стогадовыя дубы і, перанёсшы іх на новае месца, саджаў зноў у зямлю. Калі ўбачыў вандроўніка, пагрозліва закрычаў:
— Чаго ты прыцягнуўся ў гэтыя цёмныя лясы? Загінеш, як нікчэмны чарвяк.
— Я не такі палахлівы, як табе здаецца, — адказаў Алешка і ўзняў канец кія ў неба.
Зашумеў лес, і ў міг вока ўпалі велізарныя дрэвы, вырваныя з зямлі, нібыта прайшла па іх страшная бура. Сам асілак, пакараны незразумелаю сілаю, паваліўся, як стогадовы дуб, на дол і папрасіў літасці.
— Хто ты і што робіш у гэтай глухой пустэльні? — спытаўся Алешка.
— Тут недалёка мяжа царства Вялікага Чарнакніжніка, — сказаў асілак. — Я Дубіна [172] Дубiна, Пруд, Гарыня — гэта асілкі паганскіх часоў. Яны засталiся ў памяцi люду i згадваюцца ў асобных казках як і Баба Яга, Купала, Чур ды iншыя багi.
, яго лёкай, вартую гэтыя цёмныя лясы, а цяпер хачу служыць табе.
— Устань і вартуй лясы, але не нападай на вандроўнікаў, а дапамагай ім.
Сказаўшы так, Алешка пайшоў далей.
Ідзе праз цёмныя бары, бачыць перад сабою толькі хвоі, а над сабою — неба, сустракае толькі дзікага звера, часам адзываецца здалёку пугач. Калі прайшоў цёмныя пусткі, нечакана адкрылася яго воку велізарная даліна, пасярод якой плыла шырокая рака, зарослая па берагах густым чаротам, і, бегучы з розных бакоў, уліваліся ў яе ручаіны. На высокім беразе сядзеў асілак, падобны да велізарнае скалы. На яго галаве раслі такія цвёрдыя валасы, што вецер не мог варухнуць іх. З-пад носа тырчалі велізарныя вусы; ён закідаў іх на самую сярэдзіну ракі і выцягваў вялікія рыбіны, што былі яму за ежу. Калі гэтая пачвара ўбачыла Алешку, дык закрычала:
— Чаго ты прыцёгся сюды? Ані човен рыбацкі, ані дзікі звер не пераплывалі гэтае ракі. Толькі птушкі бяскарна могуць ляцець у той бок; загінеш тут праз сваю дурную смеласць.
— Я не баюся тваіх пагрозаў, — адказваў Алешка і ўзняў кій у неба.
Завірылася вада, і рака, нібыта падаючы з высокіх гор, пачала змываць імкліваю плынню берагі. Паваліўся асілак, як скала, падмытая вадою. Скарыўся і папрасіў літасці.
— Ты хто? Навошта, жывучы тут адзін, забараняеш хадзіць іншым? — спытаўся Алешка.
— Тут недалёка мяжа царства Вялікага Чарнакніжніка. Я Пруд, яго лёкай, вартую гэтую рэчку, каб ніхто не пераплываў яе. А цяпер хачу служыць табе.
— Устань, можаш лавіць рыбу ў гэтай рацэ, але не чапай вандроўнікаў, не забараняй пераплываць на той бераг, а нешчаслівым дапамагай. А цяпер пакажы мне брод.
Калі так сказаў, супакоілася вада, а Пруд перакінуў вус на другі бераг. Алешка прайшоў па ім, нібыта па плывучым мосце, падняўся на высокі бераг і рушыў далей.
Неўзабаве ўбачыў ён перад сабою вяршыні велізарных гор, што ўздымаліся над усёй зямлёю, нібыта хмары перад рабінаваю ноччу. Падышоў бліжэй і ўбачыў асілка, які быў мацнейшы і страшнейшы за Дубіну і Пруда. Гэты магут збіраў горы і скалы ў адно месца і, стаўляючы іх адна на адну, будаваў мур, які быў ужо вышэй за аблокі. Убачыўшы вандроўніка, ён закрычаў страшным, бы грымоты, голасам так, што задрыжала ўся ваколіца.
— Куды ідзеш, небарака? Не пералятае праз гэтае месца ні арол, ні сокал, і воблакі далей не плывуць. Загінеш, як нікчэмны чарвяк.
— Я не баюся тваіх пагрозаў, — адказваў Алешка і ўзняў кій у неба.
Абваліліся скалы і горы, скаланулася зямля. Перапалоханы асілак зваліўся на дол і папрасіў літасці.
— Ты хто? Каму ты служыш, носячы гэтыя скалы і горы на плячах? Навошта трэба гэтая сцяна, вышэйшая за аблокі?
— Я Гарыня, лёкай Вялікага Чарнакніжніка. Тут мяжа яго царства. Ён не любіць птушак, хмар і ветру, хоча патушыць на небе сонца і зоркі, каб была вакол толькі цемра, але табе само неба спрыяе, ты мацнейшы за майго гаспадара, а таму я хачу кінуць гэтую цяжкую працу, служыць табе і ісці туды, куды ты пашлеш.
— Хадзем у царства Вялікага Чарнакніжніка, будзеш мне паказваць дарогу.
І вось бачыць Алешка перад сабою смутную краіну, дзе знямела ўся прырода; ані звера, ані чалавека. На пагорках узвышаліся руіны старых замкаў, а ў далінах відаць былі нейкія скамянелыя постаці, падобныя да жабракоў у сумным одуме, дзе-нідзе ў тумане стаяць на грудах ніцыя бярозы, а над зацвілаю вадою — самотныя вербы. У некаторых мясцінах былі чорныя лясы, але аніводная птушка не абзывалася ў тых лясах, толькі паўсюль лёталі крумкачы.
Читать дальше