— А ці з’яўляўся яшчэ дзе-небудзь той кот Варгін? — спытаўся дзядзька.
— З’яўляецца і цяпер. Нядаўна ў нашым маёнтку, калі паніч з людзьмі прыйшлі апоўначы да афіцыны, дык убачылі ў першым пакоі велізарнага чорнага ката. Дзверы і вокны былі зачыненыя, і ўсе дзівіліся, якім чынам ён туды залез. Калі хацелі яго злавіць і выкінуць, кот, ратуючыся, не зрабіў аніводнага шораху, а як лёгкі вецер пералятаў цераз сталы, шафы і канапы, нідзе не затрымліваючыся. Нарэшце сеў у куце і, калі яго акружылі, каб схапіць, — імгненна знік. Усіх агарнула трывога, і дрыжыкі пабеглі па целе.
Часам у навальнічную ноч, калі вецер вые за сцяною, можна пачуць жахлівае варкатанне таго ката, і цяжкая туга лажыцца на душу; бачаць сяды-тады апоўначы яго агнёвыя вочы, нібы дзве свечкі; трывожна тады на сэрцы. Але не ўсе даюць веры гэтым страхам. Толькі просты люд моліцца, просячы Бога, каб збавіў ад таго нячысціка.
— Бура на падворку, — сказаў дзядзька, — шуміць вецер за сцяною, замятае ўсе дарогі снегам, заўтра не паедзеце вельмі рана, ды і няма вам патрэбы спяшацца: хлеб і сена, дзякуй Богу, маю, дык можам яшчэ нейкі час пагаманіць, пакуль певень заспявае. Што ж нам раскажа цяпер ваш трэці таварыш?
Апавяданне чатырнаццатае. Дзіўны кій
Трэці падарожны быў яшчэ малады, вусы і барада былі ў яго кароткія і мяккія; твар паказваў на моцнае здароўе і добрую памяць. Пачаў ён так:
— Я нічога яшчэ не сустрэў у жыцці такога, што было б вартым асаблівае ўвагі, але чуў некалькі гісторый, якія апавядаюць у нас у доўгія зімовыя вечары; адну з іх — пра дзіўны кій — раскажу пану.
Калісьці ў багатага чалавека служыў малады працавіты і пачцівы парабак Алешка. Быў ён дбайны, паслухмяны і стараўся ва ўсім дагадзіць свайму гаспадару. Гады тры праслужыў ён без усялякіх спагнанняў. На чацвёртым годзе за ўсю сваю працу атрымаў толькі тры талеры і пайшоў з імі шукаць іншае службы.
«Як цяжка жыць на свеце беднаму чалавеку, — думаў, ідучы. — О! Калі б я меў грошы, шмат на свеце добрага зрабіў бы; ёсць людзі, змучаныя старасцю і калецтвам, якія і працуючы не могуць зарабіць сабе ні грошай, ні хлеба. Я іх забяспечыў бы, каб маглі спакойна жыць да самае смерці».
Калі гэтак падумаў, убачыў жабрака. Той быў без рукі, змучаны падарожжам і голадам. Алешка дастаў талер, даў бедаку і пайшоў далей.
Прайшоўшы крыху яшчэ, заўважыў сляпога, якому быў за павадыра дзесяцігадовы хлопчык. Сляпы просіць, каб злітаваўся над яго калецтвам. Алешка дастаў другі талер і аддаў жабраку.
Ідучы далей, убачыў трэцяга старца, зусім згорбленага, барада і валасы на галаве белыя як снег; успёршыся на кій, дрыготкім голасам прасіў той міласціну.
Алешка выняў апошні талер і, аддаючы яго жабраку, сказаў:
— Бяры мой апошні талер. Сёння ён мне не трэба, але не ведаю, які лёс выпадзе мне заўтра.
— Не турбуйся за заўтрашні дзень, — сказаў жабрак. — Аддаю табе гэты кій; ён служыў маёй старасці, і ты, калі будзеш мець якую-небудзь патрэбу, падымі да неба той канец кія, якім абапіраешся на зямлю, і адразу зробіцца ўсё, што ты захочаш.
Сказаўшы гэта, ён аддаў кій, а сам імгненна знік. Алешка доўгі час стаяў задуманы, разважаў пра дзіўную здань у вобліку беднага старца, пра таямнічую сілу кія, які трымаў у руках, і, агорнуты гэтымі думкамі, пайшоў далей.
Бачыць перад сабою лес, спавіты дымам — нібы густым туманам. Падыходзіць бліжэй: страшны пажар у пушчы, полымя, гнанае ветрам, запальвае галіны высокіх хвояў. Ласі і дзікія козы, ратуючыся ад агню, кідаюцца ў ваду і плывуць на другі бок возера, сяляне ў роспачы дарэмна спрабуюць утаймаваць імклівае полымя, якое ўжо дасягае палеткаў і пагражае паглынуць усе пасевы.
Алешка згадаў старцавы словы і падняў канец кія ўгору. Умомант пажар ачах, нібыта заліты вадою. Толькі чорныя клубы дыму падымаліся ў неба. Людзі здзіўлена глядзелі на гэта, а Алешка пайшоў далей.
Раптам пацямнела, схавалася сонца ў аблоках, з-за гор паднялася страшная хмара і засланіла палову неба, бесперапынна ўспыхвалі бліскавіцы, і стралялі адзін за адным перуны, падзьмуў вецер, жывёла ўцякала з пашы, страх ахапіў усіх сялян.
Алешка падняў кій да неба — клубы чорных воблакаў вецер разнёс у розныя бакі, і навальніца не ўчыніла аніякае шкоды.
Калі сонца выпаліла ў полі працу земляробаў, высахла трава на лугах і паплавах, Алешка чароўным кіем выклікаў з далёкіх краёў хмары, і шчодры дождж ажывіў зямлю.
Шмат ён дапамагаў бедным і нешчаслівым, і людзі дзякавалі лёсу.
Читать дальше