Праметэй
Усё, што ўведаць хочаш, раскажу табе,
На ўсё адказ я шчыры й просты дам,
Як гэта між сябрамі толькі робіцца.
Я — Праметэй, што даў агонь людзям.
Iо
О дабрадзей смяротных, бог бяздольны,
За што ж пакутуеш ты, Праметэй?
Праметэй
Я толькі што бяду сваю адплакаў.
Iо
І мне даведацца пра гэтае не суджана...
Праметэй
Я раскажу пра ўсё, пгго ведаць хочаш.
Iо
Хто прыкаваў цябе да гэтае скалы?
Праметэй
Зевеса воля, а Гефэстава рука...
Iо
А ў чым твая віна? За што пакутуеш?
Праметэй
Сказаў табе і так зашмат я. Досыць.
Iо
Ты раскажы, гаротнай, мне, калі
Бадзянні ды пакуты мае скончацца.
Праметэй
Табе не ведаць лешп аб тым, чым ведаць.
Iо
Пакут, што буду я цярпець, ты не хавай.
Праметэй
Калі жадаеш, я зраблю такую ласку.
Iо
Ну, дык чаму ж марудзіш і не кажаш?
Праметэй
Не, проста сэрца кроіць не хачу тваё.
Iо
Ды на мяне ты не зважай больш, чым прашу я...
Праметэй
Калі так хочаш, раскажу я. Слухай.
Xор
Яшчэ не трэба! Дай і нам узяць удзел...
Спачатку хай яна раскажа пра пакуты,
Што выцерпела ўжо, ды пра сваю нядолю.
А пра далейшыя пасля раскажаш ты.
Праметэй
Іо, ты з імі добрай быць павінна,
Бо гэта ж сёстры бацькі роднага твайго;
Апроч таго, расказваць пра свае няшчасці
Заўсёды лепш, калі ў вачах у слухачоў —
Спагады шчырае і суцяшэння слёзы.
Іо
Не ведаю, як я магла б адмовіць...
Вядома ж, вы пра ўсё павінны ведаць;
Хоць і нялёгка мне пра тое гаварыць,
Як навальніца божая мяне, няшчасную,
Дагнала — і ўсю знішчыла маю красу!
Так сніла я ў сваёй дзявочай спальні
Штоночы, як мне прывіды шапталі
Лісліва: «О, шчаслівае дзіця!
Чаму цнатлівасць ты захоўваеш так доўга,
Калі табе наканаваны найвышэйшы шлюб?
Бо Зеўс, стралой любоўнаю працяты,
З табой спажыць дароў Цытрэі [15] Цытрэя — адно з імён багіні кахання Афрадыты.
хоча.
Не будзь упартаю, сыдзі ў даліну Лерны [16] Лерна — возера ў Аргалідзе.
,
Да пашаў бацькавых і Зеўсаў позірк палкі
Сваім каханнем шчырым наталі!»
Пакуты мела я ад гэткіх сноў,
Пакуль не расказала бацьку ўсё пра іх.
I шмат ганцоў паслаў ён у Піфо,
Ў Дадону — каб даведацца, як можна —
Малітваю ці словам — дагадзіць багам.
Але загадкавыя звеставанні
Прыносілі ганцы, і ўсё занадта цёмна
Было ўвесь час... Нарэшце да Інаха
Прыйшоў адказ выразны: ён павінен
Мяне прагнаць і з дому, і з радзімы,
Каб я адна блукала па ўсім свеце —
Інакш адразу ж бліскавіцай з неба
Ударыць Зеўс і ўвесь наш знішчыць род!
Так, як сказаў аракул Апалонаў,
Зрабіў мой бацька — з дому выправіў мяне,
Насуперак сваёй ахвоце і маёй,
Паддаўшыся Зевесавай уладзе.
Адразу ж розум мой, маё аблічча
Змяніліся: тут рогі выраслі,
Сляпень за мною з вострым джалам учапіўся,
Я паімчалася шалёнымі скачкамі
Да тых гаючых струмянёў керхнэйскіх [17] Керхнэйскія струмяні...— крыніца ў Аргалідзе.
I да Лернэйскае крыніцы. Аргас,
Бязлітасны пастух, дзіця зямное,
За мной паўсюды йшоў і ўсё сачыў
Шматлікімі вачмі сваімі. Ды раптоўна
Скон напаткаў яго, а я па свеце,
Багамі гнаная, скусаная сляпнём,
Блукаю з краю ў край... Цяпер вядомая
Табе гісторыя мая. Ты можаш расказаць
Пра новыя пакуты, што мяне чакаюць.
Кажы ды, спачуваючы, не хлусь!
Няма заганы горшай за хлусню.
Xор
Досыць! Досыць! Спыніся! Ах!
Мы не думалі ніколі, ніколі,
Што апавяданне дзіўнае тваё
Так наш слых уразіць; што нясцерпным
Невыносным болем — лязом двухвострым —
Сэрца ганьба твая пратне нам!
О наканаванне! Наканаванне!
Лёс, Іо, твой бачыць так цяжка нам!
Праметэй
Занадта рана жахаешся ты і плачаш:
Даведайся і пра астатняе, пачакай.
Xор
Дык гавары! Бо хвораму суцяшэнне —
Пра боль свой будучы даведацца.
Праметэй
Вы лёгка атрымалі ад мяне, што напачатку
Хацелі: расказала вам яна сама
Журботнае апавяданне пра пакуты.
Цяпер, дазвольце, я вам раскажу,
Што за няшчасці гэтую дзяўчыну
Чакаюць, Гераю падрыхтаваныя.
Дзіця Інахава, трымай у сэрцы словы
Мае — каб ведаць, дзе канец тваіх блуканняў.
Адсюль назааранымі палямі
На ўсход ты пойдзеш і нарэшце прыйдзеш
Да скіфаў тых вандроўных, з лукамі,
Чыё жытло — ў хацінах трысняговых,
Усталяваных проста на калёсах.
Да іх занадта блізка ты не падыходзь,
Але трымайся берага марскога; леваруч
Там застанецца край халібаў-кавалёў;
Яны — народ суровы, негасцінны...
Іх лепш асцерагацца. Да ракі ты прыйдзеш,
Што Крыўдаю завецца справядліва:
Няма ў ёй броду, й ты яе не пераходзь.
Тады ты выйдзеш да Каўказа — да гары,
За ўсё вышэйшай, дзе з вяршыні самай
Зрываецца паток уніз. Пяройдзеш ты
Хрыбты, што з зоркамі суседзяць,
I накіруешся на поўдзень: амазонак —
Мужчынам варагіняў — там спаткаеш,
Што пасяліліся калісьці ў Тэміскіры
На Тэрмадоне [18] Тэрмадон — мяркуецца, што так называлася рака і адна з мясцін Каўказа.
, дзе пагрозна Сальмідэс
Бяздоннай пашчай караблі пужае;
Яны табе з ахвотай шлях пакажуць!
Да Істма Кімерыйскага ты дойдзеш,
Да вузкае пратокі Міятыды.
Навечна застанецца ў памяці
Людской, як ты пераплывеш пратоку —
I тое месца назавуць Баспорам,
У гонар твой. Вось гэтак ты пакінеш
Еўропу й прыйдзеш на Азійскую зямлю.
Ці не здаецца вам, што цар багоў
Аднолькава да ўсіх бязлітасны і жорсткі?
Бо ён, з дзяўчынай шлюбу захацеўшы,
Яе да гэтакіх блуканняў змусіў!
Дзіця, ты маеш жаніха нядобрага.
Ды ўсё, што чула ты цяпер — адно
Пачатак будучых тваіх выпрабаванняў!
Читать дальше