Тваю памылку за маю палічаць.
Акіян
Дык значыць, мне ў палац вяртацца трэба?
Праметэй
Тым спачуваннем ворага набудзеш...
Акіян
Каго? Таго, хто ў небе валадарыць?
Праметэй
Яго ўзлаваць ацерагайся ўсё-ткі!
Акіян
Твая бяда напраўду мне навука.
Праметэй
Яго не забывай ды паспяшайся!
Акіян
Я адлятаю ўжо: не трэба падганяць.
Там у эфіры мне паказвае дарогу
Лятун чатырохногі мой: ён рады
У родным стойле адпачыць нарэшце.
Акіян адлятае .
Хор
Страфа першая
Мы аб тваёй цяжкай долі плачам, Праметэй,
Бягуць з нашых вачэй слёзы ручаямі,
Сцякаюць з нашых бледных шчок —
Ад іх — вільготныя сляды.
Уладу цяпер мае Зеўс,
I жорстка ён уладарыць:
Шанаваным колісь багам
Дзідай пагражае ён.
Антыстрафа першая
Стогны паўсюды навокал чутны — так плачуць
Па тваёй колішняй былой славе
I па братах, моцных калісь.
Усе народы, што жывуць,
Маюць котлішча сваё
На землях Азіі святой,
Спачуваюць лёсу твайму;
Твой боль — таксама іх боль.
Страфа другая
I плачуць дочкі Калхіды ўсе,
Якім і ў бітвах не боязна;
Плямёны скіфскія на краі
Зямлі далёкім, абапал
Вод Міятыйскіх [9] Міятыйскія воды — Керчанская пратока.
, таксама плачуць.
Антыстрафа другая
I Арыі [10] Арыі люд...— назва аднаго з персідскіх плямён.
люд ваяўнічы,
З каўказскіх схілаў люд,
Што з крыкам на бітвы ідзе,
Дзіды маючы вострыя —
Плача таксама ён.
Страфа трэцяя
Бачылі мы ў гэткім няшчасці толькі
Аднойчы іншага бога,
Атланта: як гэты Тытан падставіў
Спіну сваю пад цяжар невыносны — скляпенне
Неба, й трымае так яго; вось лёс, варты спачування!
Антыстрафа трэцяя
Марскія хвалі шумяць і скавычуць; чорныя
Нетры ўсе Аідавы, і стогнуць патокі рэк
Пра гэта, прарваўшыся з безлічы светлых
Крыніц.
Праметэй
Няма зусім ніякай пахвальбы
Ў маім маўчанні. Так балюча мне,
Як прыніжэнне бачу я сваё.
Бо гэта ж я, не іншы хто, багам
Цяперашнім пашану, ўладу даў!
Пра гэта, зрэшты, не хачу казаць —
Усё вядома вам і так. Вы лепш
Паслухайце, што за бяда ў людзей.
Наважыўся я кемлівасць у іх
I розум абудзіць: пра гэта не таму
Кажу я, каб ім неяк дапячы —
А каб вы ўцямілі, што добры я да іх.
Ды, вочы маючы, не бачылі яны,
Ды, вушы маючы, не чулі, і
Да ценяў сноў падобныя былі,
Не цемячы нічога ўсё жыццё
Яны дамоў з камення, поўных сонца,
Не будавалі й не маглі цяслярыць.
А ў сутарэннях, нібы мурашы,
Жылі, зусім без дзённага святла.
Не ведалі прыкмет, калі зіма
Або вясна надыдзе, з кветкамі,
Або, з пладамі, лета — ў іх
Пра гэта не было ўяўлення, аж
Пакуль пра зоркі, руху сонца сэнс
Я ім не расказаў; пакуль яшчэ
Навуку лічбаў — самую галоўную —
Я не прыдумаў для людзей; пакуль
Як літары складаюцца ў склады —
Мастацтву гэтаму, падмурку памяці —
Я іх не навучыў. Быў першы я,
Хто да ярма скаціну прывучыў,
Да хамута і да сядла — жывёлаў,
Каб у цяжкой рабоце чалавеку
Крыху дапамагчы. Пазапрагаў
Я коней паслухмяных у вазы —
Багацця прыгажосць ды бляск. То я ж
I ветразі льняныя ўсталяваў
На караблях — іх выправіў у моры.—
Вось колькі я, гаротны, для людзей
Усякага прыдумаў. Каб цяпер
Прыдумаць як ратунак ад пакут.
Хор
Пад катаваннямі ганебнымі ўжо дух
Твой аслабеў — так кепскі лекар,
захварэўшы сам,
Слабее. Сіл не маеш лекаў ты знайсці,
Якія б для цябе гаючымі былі.
Праметэй
Паслухай да канца і ацаніць ты здолееш,
Якім умельствам я смяротных навучыў.
Галоўнае і, пэўна найважнейшае:
Даўней ратунку ад хваробаў не было —
Ні зёлак, ні пітва, ні мазяў, ні прыпарак;
Без лекаў проста паміралі людзі,
Пакуль я сумесяў ім розных не нараіў —
Каб боль паслабіць. Шмат ім усялякіх
Гаданняў, варажбы, прыкметаў падказаў.
I сны, якія спраўдзяцца,
Якія не — іх вызначыў таксама я.
Я растлумачыў сэнс прыкмет, якія
Патрэбна ведаць, як збіраешся ў дарогу.
Палёты птахаў з кіпцямі дакладна
Я вызначыў: калі дабра чакаць
Ад іх, калі ж — няшчасця, як яны
Жывуць; як варагуюць між сабой,
Як чарадой лятаюць, як кахаюцца
I што за колер маюць, што за гладкасць.
Усім людзям я растлумачыў знакі
Агню, што ім былі незразумелкя.
А хто наважыцца сказаць яшчэ,
Што за мяне раней людзям адкрыў,
Якія ў нетрах дзе багацці ёсць:
Жалеза, срэбра, золата ды медзь?..—
Ніхто не скажа, калі ён не выхваляка!
Багацце ў нетрах — золата і срэбра,
Жалеза, медзь — хто скажа, што пра іх
Хтось ведаў да мяне? Хіба што нейкі хлус.
Таму адна ёсць праўда на зямлі:
Усе умельствы — Праметэеў дар.
Читать дальше