Крэонт
Ты, ты! Кажы, чаму так голаў апусціла?
Ці ты зрабіла гэтае, ці не?
Антыгона
Не адмаўляюся — я гэтае зрабіла.
Крэонт( да вартаўніка )
Ты вольны — йдзі цяпер, куды жадаеш,
Свабодны ад віны ў злачынстве цяжкім.
Вартаўнік выходзіць .
Крэонт( да Антыгоны )
А ты кажы мне коратка і ясна:
Ці ведала загад, каб не рабіць таго?
Антыгона
Я добра ведала... ўсім ён вядомы быў.
Крэонт
Адважылася ўсё-ткі ты пераступіць загад?
Антыгона
Напраўду, то не Зеўс агаласіў яго.
I Дыка [38] Дыка — багіня справядлівасці, дачка Зеўса і Феміды.
, што жыве з падземнымі багамі,
Людзям такіх законаў не давала.
I твой загад я не магла лічыць такім,
Каб, дадзены людзьмі, ён мог бы скасаваць
Закон багоў, няпісаны ды вечны.
Не ўчора, не цяпер з’явіўся той закон:
Спрадвеку існаваў, заўсёды ён жыве;
Ніхто не ведае, калі з’явіўся ён.
Я за яго баялася перад багамі
Адказ даваць — людзей жа не баюся я зусім.
Я ж добра ведаю, што я памру, хаця б
Ты мне й не пагражаў. Чаму ж і не памерці?
Я смерць раней пары карыснаю лічу.
Бо хто жыве — як я — сярод няшчасцяў сталых,
Няўжо лічыць не будзе смерць жаданым сном?
Таксама й для мяне зусім не будзе гора
Такі мець лёс. А вось калі б я брата
Памерлага пакінула непахаваным —
Было б вось гэта гора. Іншага не знаю.
Табе здаецца, што раблю я як дурная? —
Глядзі, каб ты не быў дурнейшы за мяне.
Карыфей
Суровы бацькаў дух паказвае дзіця
Суровае — хіліцца прад бядой не ўмее.
Крэонт( да Антыгоны )
Дык ведай жа, што дух занадта цвёрды
Тым падае лягчэй. Таксама бачыць можаш,
Як цвёрдае жалеза, калі мы яго
Ў агні распалім і яшчэ цвярдзейшым зробім —
Лягчэй ламаецца і крышыцца яно.
Я ведаю, што наравісты конь аброццю
Маленькаю кіруецца. Бо нельга быць
Занадта гордым тым, хто ў іншых пад уладай.
( Да старцаў .)
Злачынства першы раз яна зрабіла,
Калі не споўніла абвешчаны загад;
Другі раз — вось цяпер, калі, пасля учынку,
Яна ім пахваляецца й смяецца з нас.
Не буду я мужчына — дык яна ім будзе,
Калі без кары ёй абыдзецца злачынства.
Але хаця б яна раднейшай за сястру
Была мне — і за ўласную маю сям’ю —
Яны ад кары самай жорсткай не ўцякуць —
Яна з сястрой сваёй. Бо і яе таксама
Я вінавачу ў тым, што і яна супольна
З сястрою раілася труп той пахаваць.
( Да варты .)
Паклічце мне яе. Ў палацы бачыў я,
Шалела як яна і розуму не мела.
Звычайна бо душа злачынцу выдае
Раней, чым выкрытага ў змове, схопяць.
Але найгоршы той, хто, схоплены на месцы,
Пасля віну сваю за словамі хавае.
Антыгона
Ці больш жадаеш ты, чымся забіць мяне?
Крэонт
Нічога больш. То ўсё, чаго жадаю.
Антыгона
Чаму ж яшчэ марудзіш? Словы ўсе твае
Мне прыкрыя і будуць прыкрымі заўсёды.
Дый і табе таксама я зрабіла прыкрасць.
Але ж чым я магла б здабыць такую славу,
Якую здабыла я, брата пахаваўшы?
( Да хору .)
Вы ўсе згадзіліся б, што я зрабіла добра,
Калі б не скоўваў страх вам вуснаў гэтак.
Крэонт
Так думаеш з усіх кадмейцаў [39] Кадмейцы — тое самае, што фіванцы (горад Фівы быў закладзены Кадмам).
ты адна. Антыгона
Такія ж думкі ў іх — але перад табой маўчаць.
Крэонт
Не сорамна табе не быць з усімі разам?
Антыгона
Я не саромлюся аддаць пашану брату.
Крэонт
Ці ж братам той не быў,
хто ў бойцы з ім загінуў?
Антыгона
I ён мой брат: бацькі адныя ў нас.
Крэонт
А гэтага ж чаму зняважыла ты так?
Антыгона
Не будзе так казаць нябожчык Этэокл.
Крэонт
Ты ж кепскага шануеш гэтаксама, як яго.
Антыгона
То быў не раб яго, той,
што загінуў — родны брат.
Крэонт
Радзіму нішчыў той, другі — абараняў.
Антыгона
А смерць для ўсіх адны законы мае.
Крэонт
Дык нельга ж добрага з нядобрым параўноўваць.
Антыгона( паказваючы на зямлю )
Читать дальше