— Ну хоць туфель пакажы!
— Хлопцы, яна баіцца, што мы ўбачым ейны хвост!
Адзін, самы п’яны, улёгся на падлогу і паспрабаваў прыўзняць яе спадніцу. Блерта разгубілася, а Грэн кудысьці дзеўся, за півам уцёк, ці што, і ўступіцца не было каму. І тут устаў Пастух.
Ён нічога не казаў. Моўчкі наступіў нагой на тую руку, што цягнулася да Блерты. «А яго баяцца», — зразумела Блерта, назіраючы, як хутка цверазеюць, разбіраюць шапкі і сыходзяць прочкі Грэнавы сябрукі.
З тых часоў, калі і сустракаўся братка з імі, то не дома. І, дзівосная справа, дапытваўся ў Блерты, хто такі гэты Пастух.
— Ты хіба не памятаеш яго? Ён добры чалавек.
— Трымайся далей ад гэтага добрага чалавека, — загадаў Грэн злосна.
Блерта не магла ўзяць да галавы, чым ён так незадаволены. Як быццам раўнуе.
Яна ўсміхнулася гэтай думцы і пайшла заганяць гусей.
***
Наступіла лета, шчодрая пара. Суніцы, грыбы, ліпавы цвет і чабор для гарбаты, зверабой і альховыя шышкі для бабуліных суставаў, венікі на зіму гусям. Грэну надакучылі яго сябрукі, і ён увязваўся з Блертай у лес. Дапамагаў нават. Зразаў нажом бярозавую чагу, выкопваў карані цыкорыя, цягаў цяжкія кошыкі з грыбамі. Яна цешылася: «У два разы болей збяром», — а ён смяяўся, дражніў яе клапатухай і гусінай прынцэсай, дзівіўся ведзьміным кругам шампіньёнаў, ледзь не наеўся ваўчыных ягад, аднойчы заблукаў, напалохаўшы сястру.
— Быццам нетутэйшы, — дзівілася Блерта. — У дзяцінстве ж па сонцы заўсёды знаходзіў дарогу.
Ён разводзіў рукамі, а яна працягвала:
— Палянку з рыжыкамі не памятаеш, гадзючы камень не ведаеш, магілу шыбеніка прайшоў і не заўважыў. А дзе мы заўсёды палуднавалі, малако пілі? А як згубіў кошык і бабуля пакалаціла цябе?
Ён паціснуў плячамі.
— І пра гэта забыўся? — засмучана спытала яна.
Блерта ўспамінала дзяцінства з цеплынёй. А Грэна цікавіла сучаснасць, буду чыня.
— Увосень вярнуся ў сталіцу, — аднойчы сказаў ён. — Паедзеш са мной?
— Што ты, я не магу кінуць бабулю, — спалохалася Блерта. — І табе навошта сыходзіць? Няўжо тут не можаш знайсці сабе справу? Ды хоць бы дапамагаў мне узялі б гусей паболей, яны прыносяць добры прыбытак.
— Гусі, прыбытак, — перадражніў ён. — Грэн-гусятнік, так мяне будуць клікаць? Дурніца ты, Блерта. Далей носа свайго не бачыш. Няўжо ты не жадала б паглядзець на іншае жыццё? Паспрабаваць штосьці новае? Няўжо ты народжана для таго каб усё жыццё галовы гусям круціць?
Блерта маўчала. Яна ніколі не задумвалася пра гэта. Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся, яна была з такіх людзей, так, а Грэн быў, відаць, пералётнай птушкай. І сэрца яе сціскалася ад думкі пра хуткае расстанне.
Неяк яны збіралі буякі на балоце і знайшлі выспачку, парослую мячэўнікам ды алешынай, пасярод гразкага месца. Разбураны масток дагніваў у вадзе, а за дрэвамі віднелася хатка.
— Старая леснічоўка, — прагаварыла Блерта. — Кажуць, там жыве Спадарыня Трынога.
— Глыбока тут? — Грэн ткнуў палкай у ваду.
— Нішто сабе, ды п’явак досыць, высмакчуць усю кроў раней, чым перабярэшся, — яна сцепанулася.
Братка глядзеў задуменна туды, на густыя зараснікі алешыны, увітыя хмелем. І Блерта глядзела.
— Дзяўчына-малочніца выхвалялася, быццам хадзіла да Спадарыні Трыногі па вядзьмарскія зеллі. Чатыры пары ваўняных панчох надзела, ад п’явак. Яна паказвала Блерце бутэлечку, і быццам бы костачка ў каламутнай вадзе плавала і блішчала штосьці, але Блерта бачыла, што дзяўчына хлусіць. Ды і пахла з бутэлечкі не таемнымі зёлкамі, а сардэчнікам і палыном. Ці варта было да Трыногі хадзіць за тым, што ля ўсякага плота расце.
— Кажуць, яна жаданні выконвае. Што б ты папрасіла?
— Смерці хіба што, — прашаптала Блерта. — Калі б стала жыццё зусім не мілае.
— А я папрасіў бы, — сур’ёзна прамовіў Грэн, — цётухна Трынога, пакажы мне свой хвосцік, з пэндзлікам ён у цябе ці без?
— Не жартуй так, — спалохалася Блерта.
— А я і не жартую, — хмыкнуў ён.
***
На вячэру былі бабы і вараная цяляціна. Бабуля прачытала малітву. Цікалі ходзікі, трашчаў агонь у печы. Грэн не мог трываць цішыні, Блерта ўжо зразумела гэта. Вось і цяпер, не паспеўшы пражаваць, ён паведаміў:
— А спадарыню Трыногу надоечы бачылі ў горадзе.
Блерта здрыганулася і прасыпала бабы з лыжкі.
Бабуля злосна паглядзела на іх абодвух.
— Годзе памінаць гэтую погань у хаце. У дзяцінстве рот з мылам паласкалі, ды ўсё дарма, так балбатуном і застаўся. Чайнік ускіпеў, Блерта. Ці ты аслепла?
Блерта паспешна ўскочыла. А Грэн працягваў:
Читать дальше