— Сядайце, бабуля, — яна падсунула крэсла бліжэй да агню, — я падам ваш сняданак.
***
Блерта жыла адзіночкай. У дзяцінстве былі знаёмыя дзяўчынкі. Пасля школы яны забягалі да яе на кубачак гарбаты. Пад строгім бабуліным наглядам прыладжваліся на праседжанай старой канапцы і шапталіся, пасмейваліся, вішчалі:
— Ой, Блерта, павук паўзе!
— Дык адсуньцеся, — спакойна казала Блерта. Сама яна хоць і баялася павукоў, але не кідалася ад іх. Падумаеш, шчыпане за палец. Пабаліць і зажыве. Не такія ўжо яны і атрутныя.
Сыпалася вапна са столі, дываны пахлі цвіллю. Заварваючы на кухні гарбату для сябровак, Блерта мыском туфлі адкідала жаб, што пасяліліся пад кухонным сталом. Сяброўкі зноў паднімалі віск. Паступова адна за другой яны перасталі прыходзіць.
А ёй не дазвалялася выбірацца на шпацыры, як рабілі, збіўшыся ў зграйкі, усе дзяўчынкі яе ўзросту. Яны пэцкалі вусны ў ружовы колер, завівалі валасы шчыпцамі, падкладалі ў гарсаж хустачкі, каб здавацца пышней. А Блерце было забаронена ўсё, што рабілі яны, і ўсё, чаго яны не рабілі. Усё цалкам. Яна магла толькі назіраць за імі ў царкве ды ў краме. Сяброўкі раслі і прыгажэлі, бегалі на танцы і выскоквалі замуж, а Блерта сцірала, варыла, пякла, выграбала попел, скрэбла дабяла падлогу, скубала гусей і тапіла тлушч, набівала падушкі і насіла іх на рынак. Ці ж да сябровак, тут бы выспацца.
Вечарамі дзяўчына падала кулём, але заставаўся яшчэ ўрок. Рыпала крэсла, калыхаўся на сцяне згорблены бабулін цень, кружылася і падскоквала верацяно. Блерта адчувала бабулін погляд, і нітка адразу блыталася і рвалася.
— Бязрукая, — сердавала бабуля. Блерта спалохана ўздрыгвала: кульба пакідала жудасныя сінякі. Але біла бабуля рэдка. Часцей уздыхала: «З цябе папрадуха, як з лайна заціруха», брала верацяно, паказвала, як трэба. Нітка, тонкая і моцная, бегла між яе скручанымі пальцамі, цяжэла верацяно, абрастала ваўняным брушкам.
Клубкі збіраліся ў глыбокім кошыку, а ўзімку бабуля з Блертай вязалі на продаж павуцінкі-шалі і тоўстыя пухнатыя хусткі. Сыпаў снег, вокны пацелі, пакрываліся блакітна-белымі ўзорамі, і такія ж узоры вязала бабуля, ракавінкі, вінаградныя гронкі, слупкі, ланцужкі, завітушкі. Валтузіліся на рабіне амялушкі, шклянела рака, Блерта задумвалася, паглядаючы на завею, і адразу блытаўся ўзор, уцякалі непаслухмяныя вочкі, і замест ажурнага лісця і кветак выходзілі крывыя, нязграбныя птушыныя лапы, зблытаныя радкі. Сняжынкі шаргацелі аб акенца, клікалі на двор. Блерта хапалася за хустку і паўкажушок.
— Куды? — ціха пытала бабуля са свайго крэсла, і ўнучка замірала.
— Пагуляць.
— Гуляюць бяздзейны ды лянівы, — чаканіла бабуля. Уставала і, усёй вагою абапіраючыся на палку, кульгала да акна. — Гарох не драблёны, насыпкі не дашытыя, а будзе мала — спытай, я табе яшчэ працу адшукаю.
Бясконцай справай было гатаванне ежы. Пагодліва ці дажджліва, спальваюць саламянае пудзіла ці завіваюць бярозкі, доля Блерты адна — патэльні ды кацялкі. Куды табе шпацыраваць, дурніца, без цябе абыдуцца. Так і састарэеш тут, на цёмнай кухні, так і памрэш з нажом у руцэ, з маркоўным сокам пад пазногцямі, з пахам цыбулі і лаўровага ліста ў валасах. Нуда, нуда. Паўзлі па сценах расколіны, цёк рукамыйнік, глядзела адкрытым ротам сальніца-свіння. Павуцінне аплятала куты, колькі ні вымятай, на наступны дзень з’яўлялася зноў.
Вось і цяпер па белай нітцы дзелавіта спускаўся павук. Будзе ліст, падумала Блерта, здрыгануўшыся, абавязкова будзе ліст. Яна баялася забабонаў: поўні, магільнай костачкі, павукоў з крыжом на спіне, чорных котак і каменьчыкаў з дзіркай, ва ўсім ёй здавалася прысутнасць невядомых злых сіл. Яшчэ і соль прасыпала. Ой, што за весткі будуць?
— Як управішся, у лес ідзі, спасіцвету набяры, — прагаварыла бабуля, дапіўшы каву. — Нашы пучкі зусім за зіму схуднелі.
Спасіцвет — далёкія, цяністыя лагчыны, паўдня волі. Блерта, стрымліваючы ўсмешку, стала думаць пра тое, як развесіць пахкія букецікі па ўсіх кутах, на гарышчы. Бабуля кажа, што ад молі, але ўсе ж ведаюць: гэтыя чэзлыя балотныя кветачкі адпужваюць нечысць. Асабліва тую, пра якую страшна казаць услых.
Калі здаралася штосьці благое ў горадзе, бабуля чытала малітву, зачыняла аканіцы і паліла сухія галінкі спасіцвету. Гаркаваты травяны дым ахутваў пакоі супакойваў, суцяшаў. Ніхто не ўпаўзе ўпотай, ніхто не сцягне за нагу з ложка, не ўгрызецца ў шыю, спі, Блерта, спі. Моль таксама не любіла гэты пах, і зберажоныя шалі чакалі новых уладальніц. Пусцелі гусіныя кашалькі, а бабуля пасылала Блерту на пошту з пульхным канвертам, з чарговым унёскам у школу, дзе вучыўся малодшы братка Грэн.
Читать дальше