Іх хата была невялікая: гасціная, кухня і дзве спальні.
— Дзе ж яму паслаць? — разгубілася Блерта, а бабуля паціснула плячамі:
— Дзецьмі вы дзялілі адзін пакой. Яго ложак дагэтуль стаіць насупраць твайго. Толькі шырму вазьмі з гарышча.
Пераапранаючыся за шырмай, Блерта нібыта адчувала позірк брата. А ён пасмейваўся, заўважаючы яе збянтэжанасць, і апускаў вочы ў кніжку.
— Сяброўкі ў цябе ёсць? — спытаў неяк. — Паклікала б у госці мясцовых прыгажунь.
— Іголка ды мяцёлка мае сяброўкі, — усміхнулася Блерта, успомніўшы ўлюбёную бабуліну прымаўку.
А вось старадаўнія сябрукі Грэна заявіліся неўзабаве па яго прыездзе.
— Змяніўся ты, прыяцель, вельмі змяніўся, — казалі яны наперабой.
— Ды і вас не пазнаць, хлопцы, — ухмыляўся Грэн. А Блерта з жахам глядзела як яны топчуць падлогу бруднымі ботамі, сыплюць попел, паплёўваюць, напаўняюць кухню моцным духам поту, выпіўкі, тытуню. «Пачуе бабуля, не выветру», — безнадзейна думала яна. Хтосьці, падміргнуўшы, дастаў пляшку, і братка спытаў у Блерты шклянкі, «чорт з імі, сыдуць і кубкі, ды адшукай закуску, заставаўся ж пірог з трыбухамі, вы любіце трыбуху, сябры?»
Сябры пыталіся таксама:
— А памятаеш, як мы будавалі плыт і ледзь не патанулі ў кар’ерах?
— А як цябе дзікія пчолы пакусалі?
— А як траву палілі і дурыла Пеле сабе ногі апёк?
Блерта бачыла: Грэн нічога не памятае, блытае імёны прыяцеляў. Ён не надта хаваў грэбаванне і нуду, што праглядвалі ў яго вачах. Але ён ведаў непрыстойныя песенькі і анекдоты, хітрыя картачныя гульні, і цыгаркі згортваў адмысловым чынам ды так трапна кідаў нож. Яму ахвотна даравалі яго няпамятлівасць. Яны дымілі, спявалі пошасці пад гітару, гулялі на грошы. Блерта прыслугоўвала ім: прыбірала аб’едкі, адкрывала насцеж акно, а Грэн пасмейваўся і тасаваў карты, сыпаў бруднымі гісторыямі. «Так, хлапчукі любяць усё гэта», — думала Блерта, седзячы ў кутку пад суровым абліччам нейкага святога.
Ёй здаўся нечы погляд. Яна падняла вочы. Пастух! І ён тут! Ён не мог быць дзіцячым прыяцелем Грэна. Упершыню Блерта бачыла яго пад дахам чалавечай хаты. Хоць бы не даведалася бабуля!
Пастух не ўдзельнічаў у дурных паўдзіцячых гутарках, толькі пыхкаў люлькай ды аглядаўся. Напэўна, яму захацелася пабыць у людзях. Ці на сталічнага госця паглядзець, паслухаць навіны. А можа, Грэн запрасіў яго знарок, каб здзівіць сябрукоў.
***
Вядома, бабуля ўчула няпрошаных гасцей, ды так лаялася, а падвыпіты Грэн ухмыляўся і грубіў. І што было рабіць старой, не ставіць жа гэтага бамбізу каленкамі на гарох.
Не складалася ў яго з бабуляй. Быццам спецыяльна яе даймаў.
То ў спальню яе пракраўся, дзе куфэрак з гусінымі грашыма. Напэўна, жадаў здабыць сабе на тытунь і выпіўку. А бабулі сказаў, што правяраў, ці на месцы яе чаравікі. Маўляў, спадарыня Трынога не знайшла шаўца і крадзе абутак у паважаных гараджан...
То ў падмосце панадзіўся. Бабуля сердавала, што ён пад’есць запасы, — варэнні ды саленні, смалец, гусіны паштэт у збанках, — замахвалася палкай, а ён рагатаў і ўцякаў, вяртаючыся апоўначы, калі вокны ў хаце былі ўжо цёмныя і бабуля, спагнаўшы злосць на Блерце, салодка спала.
Грэн вырабляў, што ўздумаецца, а Блерта шчыра захаплялася ім. Ён жа са здзіўленнем глядзеў, як сястра пакорліва падстаўляе рукі пад кульбу, застаецца без вячэры ці нясе крапіву для лупцоўкі. Блерта таксама дзівілася: няўжо ж не ўсе бабулі з унучкамі так жывуць?
***
Калі кампанія зноў сабралася ў Грэна, яны знатна перапіліся.
— Цішэй, бабуля можа прыйсці, — маліла Блерта, а яны запэўнівалі, што не прыйдзе, сёння ўсе ў паштмайстаршы, хлапчук яе знік, няйначай Спадарыня Трынога звалакла.
— Пачым ведаеш, што Трынога? — спытаў Грэн.
— А пад акном лускавінку зялёную знайшлі і след ад хваста.
— Хлусня, сляды яна хвастом і замятае.
— Навошта яны наогул жывуць на свеце? Які сэнс у гэтых пачварах? — сказаў хтосьці грэбліва.
— А які сэнс у людзях? — хмыкнуў Грэн. — Для чаго жыве на свеце наш сусед, мешчанін Пфук? Для чаго ён нарадзіў дзесяцёра дзяцей, тоўстых і дурных? А яны вырастуць і народзяць яшчэ па дзясятку. Навошта гэта? Прага размнажэння. Так і ў жывёл. Так і ў трыногаў.
— А чаму яна заўсёды з’яўляецца ў выглядзе жанчыны?
— Бо пад доўгімі спадніцамі зручна хаваць трэцюю нагу і хвост.
— А можа, наша ціхоня Блерта таксама трыногая, вунь якая сукенка, да пят!
І яны, разгарачаныя віном і забароненай гутаркай, пачалі вязацца да Блерты:
— Мы толькі ножкі твае пералічым!
Читать дальше