Рэхам лесуноў ды вадзянікоў смяецца мне цёмная ноч:
— Шукае імя тваё таемнае мой найлепшы. Павер у яго, як веру ў яго я.
Ценямі вольхаў ды асін смяецца мне самотны ветах:
— Адшукае дзіўны-непрадказальны імя тваё таемнае. Буду берагчы-хаваць як найдаражэйшы дарунак тваю таямніцу.
Шлях мне перабягае, смяецца з мяне белы воўк:
— Не бойся мяне. Панясу цябе на сваёй спіне далёка-далёка. Адно азавіся-адгукніся.
Не ўсміхаецца мне яснае сонца, не шлюць мне прывітання імклівыя вятры, плачуць, плачуць над светам тужлівыя хмаркі.
Кліча мяне дзіўны-непрадказальны ў цёмную ноч. Кліча пад ветахава святло. Пасылае белага ваўка, каб хутчэй прынёс мяне. Не магу адмовіцца ад чарадзейнага імя свайго. Не магу не паслухаць. Не магу не прыйсці. Хутка імчыць праз ноч белы воўк. Загарнулася ты ў хмары, яснае ласкавае сонейка. Калі ж прагоніш цёмную ноч? Знікла ты ад мяне. Сышлі вы за свет, імклівыя вятры. Калі ж запалоніце самотны ветах шэрымі хмарамі? Схаваліся вы ад мяне. Заліліся вы слязьмі, тужлівыя хмаркі. Калі ж змыеце-схаваеце мой след ад белага ваўка?
— Не адкажа табе болей гарачае сонца, не азавуцца табе болей віхурныя вятры, не пачуюць цябе болей шэрыя-плакучыя, — смяюцца з мяне ноч, ветах і воўк. — Цяпер ты наша, наша, наша.
Не ваша!..
І знікае тады ў карагодзе асенніх лістоў лясная сцяжынка. Знікае, такая барвовая, такая мяккая. І хочацца бегчы па ёй. Бегчы, каб не зважаць на самотныя дрэвы, праз галіны якіх сочыць за тобою халодны ветах. Хочацца бегчы праз ноч, у якую скрушна лятуць лёгкія асеннія лісты. Лятуць ды не прасвятляюць яе, маленькія зямныя зоркі. Хочацца бегчы і не азірацца, калі не твае хуткія крокі трывожаць амаль бязгучным шоргатам асенні спакой. Адвечны, як ветах, велічны, як ноч.
— Шып-шы-на, — рэхам выдыхае цёмная ноч, азываецца русальчаным спевам.
— Шып-шы-на, — прамаўляе самотны ветах над светам чарадзейным, над светам людскім.
— Шып-шы-на, — вые белы воўк, і слухаюць тое выццё ўсе драпежныя звяры.
— Адпусці мяне, чарадзей. Няхай не шукае мяне цёмная ноч, няхай не высочвае мяне з неба самотны ветах, няхай не бяжыць за мной белы воўк.
— Буду шукаці, — шэпча невядомымі галасамі цёмная ноч, — буду шукаці і знайду.
— Буду сачыці, — шэпча цягуча самотны ветах, — буду сачыці і знайду.
— Буду бегчы, — шэпча чалавечымі словамі белы воўк, — даганю-даганю.
— Ты цяпер наша, наша Шыпшына, — радуюцца цёмная ноч, самотны ветах і белы воўк. — Паслухай нас, паслухай.
Не, не слухаю... Пазбылося мяне яснае сонейка, пазбыліся мяне імклівыя вятры, пазбыліся мяне тужлівыя хмаркі. Самотна мне ў ночы, адзінока пад халодным ветахам, скрушна ісці мне побач з белым ваўком... Хачу назад, да сонца, да вятроў, да хмар. Адпусці мяне, адпусці, чарадзей, як маеш да мяне хоць крыху спагады. А не то сама да дрэва мудрага высокага пайду, знайду сабе ратаванне.
— Няма табе шляху да дрэва мудрага высокага праз ноч, — прамаўляе мне дзіўны-непрадказальны. — Не стала яго, як не паслухалася ты кляновай зоркі, ды не падняла чырвонай гронкі рабіны, ды выпусціла з рук зялёны дубовы лісточак. Лісток з дрэва мудрага высокага. Няма табе шляху да дрэва мудрага высокага і ўдзень.
— Цяпер ты наша, наша Шыпшына, — радуюцца цёмная ноч, самотны ветах і белы воўк. — Слова тваё слухаць будзем. Імя тваё вымаўляць будзем, каб ніколі не спраўдзілася тое страшнае закляцце.
Не, не слухаю ... Навошта вам маё слова? Адно хачу пачуць: «Шыпшынка, — ціхае, як біццё сэрца, шаргаценне вятроў праз сонечныя іскрынкі, — усміхніся, ты наша...»
— Паслухай, паслухай нас, — не сунімаюцца цёмная ноч, самотны ветах і белы воўк. — Бачылі мы дзяўчынку, ціхую, маленькую, якая ў святле была, пад сонцам хадзіла, якой вятры спявалі ды хмаркі плялі вянкі. Бачылі даўно. Сплылі сонца вароты, і стала тая дзяўчынка моцнай светлай чараўніцай, адзінай, якая не баялася ночы. Не жадаем мы, каб страціла яна сваё людское аблічча. І таму клічам яе, смя ротную, чалавечную, бо ведаем, што не спраўдзіцца тое закляцце, пакуль цёмная ноч, самотны ветах ды белы воўк вымаўляюць імя таемнае.
Не, не слухаю ... Што гэта? Міласэрнасць ночы, міласэрнасць цемры? Спагада ветаха і белага ваўка? Няўжо ўмееце вы спагадаць... А можа, таму вы не адпускаеце мяне, што ён, дзіўны-непрадказальны, таго не загадвае... Шукае мяне, чакае мяне. Толькі што мне да ўсяго гэтага. Думаю пра цудадзейнае зернейка, самае лепшае на зямлі. Няўжо не змагу перамагчы вас, ноч, ветах і воўк, калі мною створаны такія чары ...
Читать дальше