— Гэта значыць, ён проста страціў над сабой кантроль?
— Не зусім карэктнае сцвярджэнне, спадар Сарва, аднак сутнасць адлюстроўвае дакладна. Ніводзін з тэстаў ніякай дэвіяцыі і псіхічнага расстройства ў Кабата не выявіў.
— Наколькі дакладныя вынікі тэстаў псіхічнага здароўя? — адным рухам стыла інспектар рабіў паметы ў сваім камп'ютары.
— Мы выкарыстоўваем шкалу дэпрэсіі Бека, шкалу Занга для самаацэнкі трывогі, тэст Сандзі, апытальнік структуры актуальных страхаў асобы, Я-структурны тэст Амона, шкалу самаацэнкі рэактыўнай трывожнасці па Спілбергеру, тэст Роршаха і мноства іншых методык! Кабат быў цалкам здаровы, калі не лічыць прыступаў гемікраніі.
— І як часта Кабата адольвала мігрэнь?
— Ён звяртаўся да мяне чатыры разы за мінулы месяц і тры — за дзве дэкады гэтага. У ніводным з выпадкаў прыступы не суправаджаліся ні фотафобіяй, ні фонафобіяй, ні гіперакузіяй, ні дысфарыяй, ні гіперасміяй. Толькі млоснасць, часам ваніты і агульная слабасць арганізму. Працягласць прыступаў — не даўжэйшая за чатыры гадзіны. Прапісаны дыгідраэргатамін.
— Вы не спрабавалі высветліць прычыны псіхозу, спадар Звірбуль?
— Натуральна, я прыняў усе меры для высвятлення матываў учынку Кабата, але адназначнага адказу так і не атрымаў.
— А чым займаўся Кабат?
— Крыягеніка, — адказаў Дароўскі, які ўвесь гэты час моўчкі мераў крокамі кабінет. — Ворагаў у Эрыка не было, калі што.
— Спадар Звірбуль, што паказаў аналіз ежы і вады?
— Слядоў іншародных рэчываў у крыві Кабата не выяўлена. Якой бы ні аказалася прычына, гэта дакладна не атручванне!
— Давайце зірнем на цела!
У якасці морга на станцыі выкарыстоўвалася адна з лабараторый, тэмпература ў якой падтрымлівалася на ўзроўні плюс два градусы па Цэльсію.
Твар інжынера-геакрыёлага нагадваў выродлівую гумовую маску з увагнутасцямі ў раёне лба і правай скроні. Іх глыбіня выдавала сілу ўдараў. Інспектар прысеў над целам і ўважліва агледзеў скурнае покрыва на руках Кабата.
— Гематомы адсутнічаюць... на шыі таксама ніякіх слядоў прымянення сілы... Кабат быў праўшой?
— Так, — разам адказалі Дароўскі і Звірбуль.
— Дзе айсбаль? — скрываўленая прылада самагубства была загорнутая ў плёнку з поліпрапілену. Агляд, зняцце адбіткаў пальцаў і следчы эксперымент занялі ў Сарвы гадзіну. Параўнанне адбіткаў пальцаў з айсбаля і перадсмяротнай запіскі паказала, што яны належаць аднаму чалавеку. Інжынеру-геакрыёлагу — як высветлілася з базы даных медыцынскага пункта. — Адназначна самагубства!
— Гэта было відавочна з самага пачатку! — сказаў Звірбуль, а Дароўскі прыгнечана паківаў галавой. І без слоў было ясна, што ён да апошняга не верыў у тое, што таварышу хапіла духу.
— Пакажыце мне жылую ячэйку Кабата! — ролю гіда ўзяў на сябе інжынер.
Статус вучонага з сусветным імем меў свае перавагі — пакой інжынера-геакрыёлага адрозніваўся ад жылой ячэйкі, выдзеленай інспектару, у лепшы бок. Сарва вырашыў пачаць з агляду асабістых рэчаў Кабата: вельмі часта разгадку трэба было шукаць менавіта ў дарагіх чалавеку прадметах.
Фатаграфій — сям'я, родныя, калегі — было шмат: інжынер-геакрыёлаг захоўваў два альбомы. Кожны са здымкаў быў забяспечаны кароткім тлумачальным подпісам. Яны дапамаглі інспектару скласці псіхалагічны партрэт Кабата. Да канца прагляду ў Сарвы больш не заставалася сумненняў у тым, што разгадку варта шукаць у мінулым.
Почыркі на налепках у альбомах і ў перадсмяротнай запісцы былі ідэнтычнымі, з улікам, безумоўна, стрэсавага стану інжынера-геакрыёлага перад самагубствам.
Пасля альбомаў інспектар зірнуў на ноўтбук. Адсутнасць інвентарнага нумара пераканала Сарву ў тым, што камп'ютар належыць Кабату.
— Акумулятарная батарэя цалкам разраджаная... — інспектар пачаў высоўваць шуфляды пісьмовага стала і неўзабаве выявіў сеткавы адаптар, машынальна адзначыўшы прысутнасць у шуфлядах толькі канцылярскіх прылад і паперы. — Паглядзім, што ў нас тут!
З ноўтбукам Сарва звязваў пэўныя надзеі. Сістэма загрузілася адразу — пароль для ўваходу адсутнічаў. Двайной пстрычкай па працоўным стале інспектар выклікаў файлавы менеджар і пачаў корпацца ў інтэрфейсе.
— Вось табе і маеш!
— Што такое? — страпянуўся інжынер, які стаяў у дзвярным праёме.
— З аператыўнай запамінальнай прылады выдалена ўся інфармацыя... Падобна на тое, што нехта вельмі не хацеў, каб звесткі сталі агульнадаступныя... Ці ў парыве шаленства Кабат выдаліў іх сам!.. Ёсць толькі адзін спосаб праверыць! — Сарва дастаў з чамаданчыка USBфлэш-назапашвальнік і сунуў канектар у гняздо на бакавой панэлі ноўтбука, а затым вывеў на экран меню. Засталося толькі запусціць спецыяльна распрацаваную для паліцыі праграму аднаўлення для выдаленых файлаў.
Читать дальше