Я прыспешыў крок. У некаторых дзяўчат ваяўніча ўзнімаліся аголеныя грудзі з ушытымі ў іх сіліконавымі трансплантантамі. Адна была зусім без трусікаў у лёгкім хітончыку, нагу, сагнуўшы ў калене, яна знарок паставіла на прыступку так, што была бачная каляровая татуіроўка на верхняй частцы бледнага, незагарэлага бядра.
Нягледзячы на мой маскіравальны камуфляж, Джэма беспамылкова пазнала мяне. У гандляроў і прастытутак цупкая памяць.
“Прывітанне, Берташ! — захіхікала яна і па-змоўніцку зашаптала ў вуха. — Цябе вэндзілі? Ці ты хаваешся ад падатказбіральнікаў?” “Дабрыдзень, Джэма, — стрымана павітаўся я.” “Можа, зробім шпацыр да цябе? — Ты ў настроі?” “Не так часта, — сказаў я, абыходзячы яе па крывой. — Прабач, Джэма.”
Я зірнуў на мулатку больш уважліва. Нават за тыя два-тры дні, калі я завёў яе да сябе на ноч, яна адчувальна дэградавала. І хоць на яе руках я не ўбачыў слядоў ад шпрыца, яна выглядала значна горш: скура на прыкметна азызлым твары набыла нездаровае адценне, па кутках пажадлівага роту з’явіліся зморшчыны, а ёй жа, як я ведаў, толькі крыху за дваццаць. Урэшце здагадка напрошвалася сама — дзяўчыну губіў алкаголь.
“Я заняты, Джэма. Другім разам.”
Яна не настойвала, у іх гэта, дарэчы, не прынята.
Я зноў рухаўся да выхаду з пераходу, і натоўп абцякаў мяне з бакоў. К ночы ўсе спяшаліся да-дому. Мой надалоннік раптам засігналіў.
“Гэта зноў Джэма, — пачуў я голас мулаткі. — Мы ж абмяняліся тэлефонамі — памятаеш? Твой мабільнік у мяне на...” “Што ты хочаш, Джэма?” — незадаволена перапыніў я.
“За табой хвост.” “Ты ўпэўнена?” — праз паўзу пацікавіўся я.
“У мяне вока вострае.” “Штучнік?”
“Не. Іх двое. Мужчына і жанчына. Белыя. Яны цябе адсочваюць.” “Як яны выглядаюць?” — спытаў я.
“Мужчына цяжкаваты. За трыста фунтаў. Жанчына ў хіджабу, зялёнай сукенцы. Але яна, мяр-кую, не мусульманка. Высокая, хударлявая. На мадэль можа і не цягне, але — супер.” “Досыць, — сказаў я. — Дзякуй, Джэма.”
Я ўстрывожыўся. Служба бяспекі выяўляе сябе заўсёды раптоўна, калі чарговая яе ахвяра нават не падазрае пра блізкі напад і не чакае яго. Так, раптоўна, забралі майго бацьку —
шараговага навукоўцу, які займаўся тэхнічнымі распрацоўкамі, але, на бяду, меў дапытлівы розум і схільнасць да нетрадыцыйных ідэй. Ён зацікавіўся квантавай фізікай, тарсіённымі палямі, ва-
куумам, гравітацыяй, урэшце, уфалогіяй, парапсіхалогіяй — што ўжо даўно было пад забаронай. Больш я яго не бачыў, а ў яго распрацоўках пакрысе, прынамсі ў большасці, разабраўся сам, а “флэшкі”, памерам з вітамінную капсулу, з запісамі яго работ я здолеў схаваць засыпанымі ў цукар. Іх не знайшлі пры вобыску.
З гэтымі думкамі я выйшаў з пераходу наверх, тасуючы ў галаве варыянты. Урэшце, хавацца не мела аніякага сэнсу: мяне заўсёды б вылічылі. Хіба што як мага хутчэй знікнуць з Мегаполіса назаўсёды. Але ж у мяне пакуль няма запасной лежкі, запасных дакументаў на іншую асобу, няма і асноўнага для выканання гэтага плана — грошай. Частку ўсяго гэтага я спадзяваўся знайсці праз Сеціва.
З ходнікаў я ступіў на эскалатар, які вёў у супермаркет, і паволі паехаў унутр разам з усімі патэнцыяльнымі пакупнікамі. Да гэтага часу я ўжо амаль супакоіўся. Калі б мяне хацелі браць, то, пэўна ж, зрабілі б гэта па ўсіх правілах: адсеклі б ад транспарту, заманілі ў які дробны побытавы канфлікт і запіхнулі б, у рэшце рэшт, у аўтазак, а то і прымянілі б псіхатропны сродак імгненнага дзеяння. А палохацца звычайнай адсочкі не было нагоды — цяпер мала хто яе мінаў.
З-за пастаяннага недахопу вады, якая ў бедных кварталах была рэдкасцю, ад людзей, якія рухаліся побач са мной, смярдзела потам, пах якога не маглі заглушыць ніякія дэзадаранты. Урэшце я заўсёды пачынаў задыхацца як ад аднаго, так і другога, бо даваў сябе адчуць устойлівы астматычны сіндром, набыты мной у час службы ў войску. Я выцягнуў з кішэні насоўку і, прыціснуўшы да носа, пачаў дыхаць праз яе. Было, да таго ж, яшчэ і невыносна спякотна.
Каб пабачыць бліжэй сваіх праследавацеляў, я рэзка звярнуў у нішу з банкаматамі, адкуль быў выхад на супрацьлеглы бок, і прыціснуўся да сцяны, робячы выгляд, што шукаю ў кішэнях: тут было багата відэакамер. Неўзабаве я пазнаў сваю адсочку — маладога мужчыну гадоў трыццаці пяці, мажнага, змрочнага выгляду, і жанчыну, гадоў на восем–дзесяць маладзейшую за яго, вы-сокую, даволі прыгожую на мой погляд, у зялёнай доўгай сукенцы, шчыльна павязаную хусткай-хіджабам. Яны азіраліся па баках, пэўна, шукалі мяне. Як мне здавалася, абодва не маглі мець дачынення да службаў бяспекі, хоць я мог і памыляцца. Незаўважна я праслізнуў за іх спінамі назад, і эскалатар зноў вынес мяне на вуліцу, толькі з іншага боку.
Читать дальше