У той жа дзень я з’ехаў з былой кватэры, эканомячы грошы і часова пасяліўся ў цяперашняй мансардзе высотнага састарэлага будынка. Адзінай перавагай майго новага, непрацяглага да гэтага часу жытла, было тое, што я, дзякуючы сваёй раптоўнай вынаходлівасці, дадумаўся адразу зрабіць на балкончыку вадасцёк, і з даху ў пластыкавую ёмістасць у час рэдкіх, заўжды кіслотных дажджоў, сцякала вада, якую пасля кіпячэння можна было нават піць. Вады, якая каштавала вялікіх грошай, паўсюдна не хапала, і за яе раз-пораз нават забівалі.
На маёй крэдытнай картцы яшчэ заставалася сёе-тое з грошай, але становішча маё пагаршалася з кожным днём. Трэба было рыхтавацца да ад’езду, а знайсці якую працу ў паселішчах вакол горада было амаль немагчыма, але я, урэшце, пэўна, стоік, і гэта мяне ўратоўвае.
У той вечар пачуццё голаду, як заўсёды, адхіліла мяне ад маіх змрочных думак і прымусіла дзейнічаць. Лядоўня была пустая, і я пачаў апранацца. Вечар быў неабавязковы ў сэнсе сустрэч з кімнебудзь ці якіх асабістых спраў, і я вырашыў спусціцца ўніз.
Але мяне падсвядома непакоіў нейкі дыскамфорт: урэшце я ўспомніў — трэба неадкладна знішчыць “клапа” на шкле, пра яго я мог і запамятаваць, а гэта заўсёды небяспечна. Пра абстрэл імплантантамі для падслушкі ведалі, пэўна, усе, тым не менш, многія на гэтым пагарэлі, і справы скончыліся лагерам.
Я асцярожна адчыніў акно, аперазаў сябе вяроўкай, якую прывязаў да ножкі стала, і, перавесіўшы цела вонкі, неўзабаве намацаў на шкле празрысты пухірок. Я выцягнуў яго і раструшчыў нагой на падлозе. Цяпер можна было займацца іншым.
Перад тым як выбрацца са свайго прытулку ў вонкавы свет, я падышоў да люстэрка і прыкінуў, як мне хоць крыху змяніць аблічча. Дарэчы, мяне завуць Берташ Яновіч. Я — белы. Вышэй ся-рэдняга росту — дзесьці каля ста дзевяноста сантыметраў, валасы ў мяне русыя, вочы шэрыя, лоб шырокі, але нізкі, нос прамы, падбародак звычайны. Мае продкі з гэтых мясцін і, наколькі я ведаю, збольшага захоўвалі этнічную чысціню. Але зараз такія, як я, — нешматлікія адзінкі на вуліцах Мегаполіса і часам выклікаюць да сябе неадэкватныя адносіны: знянацку цябе могуць зняважыць словам, а то і пырнуць нажом. І калі нажавая рана можа загаіцца, то абраза ў вы-глядзе слова — ніколі. Супраціў жорстка падаўляўся, а іншадумцаў, як у маім выпадку, высылалі ў так званыя Выхаваўчыя Паселішчы — сельскагаспадарчыя кластэры, дзе сасланыя альбо працавалі пад прымусам, альбо былі проста кінутыя на волю лёсу і асабістых здольнасцей да выжывання ў экстрыме.
Я ніколі не скарджуся на сваю інтуіцыю, можа, дзякуючы ёй, я мажліва і выжыў на мінулай вайне. Якраз цяпер яна, інтуіцыя, чамусьці ўпарта перасцерагала мяне, дасылаючы сігналы аб небяспецы. Калі ж больш дакладна, то ў мяне днямі з’явілася пачуццё, што за мной пачалася адсочка, і таму я вырашыў злёгку мяняць сваю знешнасць — такое часта спрацоўвае, збівае з толку тых, хто за табой сочыць. Чаму цяпер, меркаваў я, мне не паспрабаваць зноў стаць адным з большасці?
Я знайшоў на паліцы адмысловы крэм, які раней набыў у тэатральнай краме, выціснуў крыху з цюбіка на далонь і ўцёр на скуру, з-за чаго твар набыў карычневы колер, потым тое ж паўтарыў і з тыльным бокам далоняў. Цяпер, калі на лоб нізка насунуць капялюш, на вочы — акуляры, апрануць кашулю з даўгімі рукавамі, то можна сысці і за “каляровага” — ва ўсялякім разе станеш непрыкметным у натоўпе. Менавіта так пра гэта калісьці і выказаўся старажытны філосаф: “Будзь непрыкметны”. Лічыцца, што Эпікур меў на ўвазе зусім іншае, але зараз я ў гэтым сумняваюся.
У апошні момант я, пасля роздуму, сунуў у кішэню, спачатку праверыўшы перасцерагальнік, свой рэвальвер старога ўзору, забраў “надалоннік” — кішэнны , магнітную картку-пропуск і, зачыніўшы дзверы, зайшоў у ліфт. Ліфт працаваў.
Унізе я праверыў паштовую скрыню з нумарам маёй кватэры, але яна аказалася пустая. Тым не менш, мяне гэта не заспакоіла, бо дзень таму, хоць жыву тут лічаныя гадзіны, я знайшоў у ёй канверт без адраса. З канверта, які я адразу ускрыў, я выцягнуў папяровы аркушык, на якім выявіў толькі два словы і лічбу. Словы і лічбу я запомніў, а паперку адразу знішчыў. Урэшце такія паперкі маглі ўкінуць не толькі ў маю, а і ў любую іншую паштовую скрыню. На паперцы было напісана звычайнай асадкай: “Сімуляцыя. Блог 2412”.
Я занепакоіўся таму, што сам, вядома, ананімна, вяду ў Сеціве асабісты блог, а гэта, у залежнасці ад тэмы запісаў, можа каштаваць, у лепшым выпадку, свабоды, а фільтрацыйна-папраўчы лагер — не паселішча, якое ў параўнанні з ім лічыцца курортам, а месца, якое з неверагоднай хуткасцю скарочвае жыццё нават самага фізічна здаровага чалавека з самай устойлівай нервовай сістэмай. З-за недахопу грошай, рэштку якіх я абачліва эканоміў, я не ўваходзіў у Сеціва ўжо некалькі дзён, але паперку трымаў у памяці, адклаўшы ўсё на потым.
Читать дальше