Шафёр рэзка затармазіў, і машына спынілася каля трохпавярховага дома. Славін выйшаў і, зірнуўшы на пад’езд — ці тут размешчана патрэбная яму кватэра, увайшоў, а насустрач — Купрэйчык. Палкоўнік паціснуў яму руку:
— Добра, што прыехаў. Мяне выклікаюць тэрмінова ў міністэрства. Працягвай агляд, пазней абмяняемся меркаваннямі.
Славін падняўся на другі паверх і, убачыўшы прыадчыненыя дзверы, без стуку ўвайшоў. Прывітаўся з гаспадаром, зусім непадобным на святара. Апрануты ў выдатна пашыты шавіётавы гарнітур, пры гальштуку, у беласнежнай кашулі, з акуратнай прычоскай — няйначай дырэктар саліднай установы.
Славін назваў сябе. Г аспадар нізка схіліў галаву:
— Архібіскуп Ротмістраў. Мяне папярэдзіў глыбокапаважаны Аляксей Васільевіч Купрэйчык, што вы будзеце весці маю справу.
— Справу будзе весці следчы, я ж і мае супрацоўнікі — шукаць злодзея. З вашага дазволу я агледжу кватэру?
— Так, так, прашу вас.
Славін зазірнуў у кухню, затым у пакой, што размяшчаўся побач. Тут быў парадак, і Уладзімір Міхайлавіч зразумеў, што грошы захоўваліся ў іншым месцы. Ён зрабіў некалькі крокаў па калідоры і апынуўся ў вялікім светлым пакоі. Злева меліся дзверы ў меншы пакой. Там і ўбачыў Славін сваіх. Увайшоў. Прывітаўся і акінуў поглядам пакой. Ля сцен стаялі два ложкі. Ля акна — старадаўні вялікі стол. «Як з гістарычнага музея, — падумаў Славін, — напэўна грошы захоўваліся ў ім».
Ён не памыліўся. У правай тумбе былі высунуты дзве бакавых скрыні.
Следчы, ужо немалады, з вялікім мясістым носам і цяжкім падбародкам капітан, убачыўшы Славіна, коратка павітаўся і зноў схіліўся над пратаколам агляду месца здарэння. Высокі падцягнуты эксперт навукова-тэхнічнага аддзялення, апрануты ў форму старшага лейтэнанта, праз вялікую лупу аглядаў скрыні. Славін спытаў у яго:
— Грошы ў скрыні ляжалі?
Старшага лейтэнанта апярэдзіў архібіскуп. Ён паспешна растлумачыў:
— Так, так, у скрынях. У верхняй — пяцьдзясят дзве тысячы, а ў ніжняй — сто трыццаць тысяч рублёў, прызначаных для Маскоўскай патрыярхіі.
«Пра свае грошы ў першую чаргу паведамляе», — падумаў капітан і зазірнуў праз плячо следчага ў пратакол. Убачыўшы, што той якраз апісвае стол і высунутыя скрыні, Славін паціху, каб не чуў архібіскуп, спытаў:
— А чаму ты сцвярджаеш, што ў верхняй скрыні ляжала пяцьдзясят дзве тысячы, а ў ніжняй? — сто трыццаць. Ты што, бачыў гэтыя грошы?
Следчы здзіўлена зірнуў на капітана і нечакана ўсміхнуўся:
— Сапраўды! Не падумаў я, што гэтым запісам у сведкі набіваюся.
Ён схіліўся над паперай і зрабіў дапаўненні пра грошы, са спасылкай на сведчанні пацярпелага.
У калідоры пачуўся шум, і ў пакой увайшоў Падрэзаў. Славін адказаў на прывітанне і крануў яго за рукаў:
— Ідзём перакурым.
Яны выйшлі на лесвічную пляцоўку. Славін ужо каля двух месяцаў не бачыў сябра. Падрэзаў зараз працаваў ва ўпраўленні старшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку, і сустракаліся яны часцей за ўсё на нарадах або, як сёння, на месцах здарэнняў.
— Разумееш, — сказаў Падрэзаў, — абышлі ўсе кватэры пад’езда, але ніхто нічога пэўнага сказаць не можа. Нікога падазронага не бачылі, ніхто ў кватэру не стукаў і не заходзіў.
— А што кажуць пра гаспадара?
— Нічога істотнага: чалавек як чалавек, толькі замест чорта ў Бога верыць. — Ён ледзь усміхнуўся, але тут жа стаў сур’ёзным. — Май на ўвазе, учора ў архібіскупа дапазна госці былі, напэўна, кагорам прычашчаліся, трошкі пашумелі.
— Архібіскуп расказваў пра гэта?
— Не, і я пра гэта нічога не казаў яму.
— Ясна. — З любімым словам Гарчакова Славін так і не расстаўся. Яны ўвайшлі ў кватэру, і Уладзімір Міхайлавіч спытаў у гаспадара:
— Да вас учора прыходзіў хто-небудзь са старонніх?
— Так. Да мяне ўвечары прыходзілі святар Цыбуля Фёдар і падзяк Лацюк Барыс.
— Калі яны сышлі?
Ротмістраў задумаўся і, як здалося Славіну, некалькі збянтэжыўся:
— Мабыць, ужо было пазнавата, гадзіны ў дзве.
— Больш нікога не было?
— Былі яшчэ мой шафёр — жанчына і адзін знаёмы. Ён, праўда, прыйшоў пазней.
— Вы нікога з іх не падазраяце?
— Хто яго ведае. але, зрэшты, калі з іх на каго і можна падумаць, то толькі на майго знаёмага, і то. як чалавек ён выклікае павагу, ваяваў.
— Як яго прозвішча?
— Чорт.
— Як-як?
— Чорт.
Славін усміхнуўся:
— І чаго гэта Чорт да святара панадзіўся ў госці хадзіць? І часта ён у вас бывае?
— Не, не вельмі.
— Як завуць яго?
Читать дальше