— Усім заставацца на сваіх месцах!
Падрэзаў устаў ззаду Клаўдзіна, які так і трымаў у руцэ малаток. Кожны з аператыўнікаў лічыў, што страляў яго напарнік, але тут з кустоў выйшаў Рагозін, і ўсё стала ясна. У Славіна ў кішэні былі наручнікі. Імі сашчапілі злачынцаў. Уладзімір спытаў у Клаўдзіна:
— Што, Жора, вырашыў яшчэ адну ахвяру на сумленне ўзяць?
Той маўчаў.
— Ну, што ты маўчыш, Клаўдзін?
— І прозвішча ўжо ведаеце? — здзіўлена спытаў Жора.
— А як жа. І прозвішча, і пасаду, і месца работы.
Рагозін дадаў:
— І нават магілу не перашкаджалі капаць.
Аператыўнікі здзіўлена пераглянуліся паміж сабой.
А Рагозін кіўнуў у бок Алматава:
— Вось гэты выкапаў яму, каб труп схаваць. Паглядзіце.
І ён рассунуў кусты, а там у дзесяці метрах — свежая яма. Славін падышоў да Астахавай, якая, здавалася, была абыякавай да ўсяго:
— Паглядзіце, Вера Валяр’янаўна, што яны хацелі зрабіць з вамі. — І Славін малатком, аднятым у Клаўдзіна, паказаў ёй на яму. Падвялі да яе і затрыманых. Астахава глядзела на яму, потым абышла яе і раптам — адкуль у яе сілы толькі ўзяліся — падскочыла да злачынцаў і пхнула Алматава ў яму. Той, пацягнуўшы за сабой Клаўдзіна, паляцеў уніз. Як толькі яны апынуліся ў яме, Астахава схапіла рыдлёўку, якая ляжала на краю ямы і так ударыла ёю Алматава па спіне, што той войкнуў і апусціўся на дно. Добра, што стукнула плазам. З крыкам «набрыдзі» жанчына ўжо замахнулася на Клаўдзіна, але Падрэзаў выхапіў у яе з рук рыдлёўку:
— Спыніцеся, яны нам жывыя патрэбныя!
Астахава ўмольна глядзела на работнікаў міліцыі:
— Родненькія, міленькія, ну дазвольце мне хоць бы пару разоў ударыць іх гэтай рыдлёўкай! Яны ж мяне, сволачы, хацелі закапаць тут! За што?! Разумееце, проста так, хацелі ўзяць і забіць мяне! Дазволіце, га?
Ледзь яе супакоілі. Выцягнулі затрыманых з ямы, і Падрэзаў загадаў усім ісці да ўзлеску, у бок горада. Выйшлі на сцяжынку. Наперадзе крочылі счэпленыя наручнікамі Клаўдзін і Алматаў, за імі — работнікі міліцыі. Замыкала працэсію Астахава.
Славін спытаў у Рагозіна:
— Доўга ты за Алматавым хадзіў?
— Не, сёння нядоўга. Раніцай ён узяў дома рыдлёўку і накіраваўся сюды. Ён капаў, а я адпачываў і чакаў вас, задума іх мне, калі Алматаў пачаў капаць яму, стала яснай. Таму я і стрэліў раней вас, бо быў гатовы да таго, што нападаць яны будуць менавіта тут.
Калі выйшлі з лесу, Славін параўняўся з Клаўдзіным.
— Гэтым малатком ты Іру стукнуў?
Клаўдзін памаўчаў трохі, зірнуў на Славіна і адвёў у бок вочы:
— Не, той я выкінуў.
— Куды выкінуў?
— Пакажу.
48 Капітан міліцыі Уладзімір Міхайлавіч Славін
— Здравія жадаю, таварыш капітан! — адказаў на прывітанне начальніка аддзялення крымінальнага вышуку дзяжурны. Старшы лейтэнант, мужчына сярэдніх гадоў, з няголеным, крыху азызлым, стомленым тварам, ужо заканчваў дзяжурства. Засталося толькі далажыць кіраўніцтву пра здарэнні і здаць справы новаму дзяжурнаму. Аднаго погляду на твары дзяжурнага і яго памочніка — маладзенькага, нядаўна дэмабілізаванага з войска сяржанта — было дастаткова, каб зразумець: ноч была клопатнай.
Капітан сказаў:
— Бярыце матэрыялы і прыходзіце да мяне! — Ён выйшаў з дзяжурнага пакоя і, крочачы па калідоры, падумаў: «Калі мне не тэлефанавалі, значыць, складаных пытанняў не павінна быць. Хоць любое пытанне, з якім звяртаюцца людзі ў міліцыю, для іх далёка не простае».
Ён зняў кіцель, павесіў яго ў шафу і, не спяшаючыся, падышоў да стала. Блакітная міліцэйская кашуля вельмі пасавала гэтаму высокаму, цёмнавалосаму, з чорнымі цыганскімі вачыма чалавеку. Стройны, падцягнуты, з загарэлым хударлявым тварам, ён быў падобны на баксёра. У кожным руху адчуваліся стоеная сіла і кіпучая энергія. Здавалася, што капітан увесь час стрымлівае сябе, прымушае не спяшацца.
Вось і цяпер Славін у кабінеце адзін, але ніводнага рэзкага руху: спакойна адсунуў крэсла, сеў, не спяшаючыся дастаў з высоўнай скрынкі паперу, нататнік, папку, заправіў чарнілам аўтаручку. Зірнуў на гадзіннік: восем сорак. Нягледзячы на выхадны дзень, ён прыйшоў на работу як звычайна. Набытая за гады працы ў міліцыі звычка ператварылася ў неабходнасць, і Уладзімір Міхайлавіч кожны нядзельны дзень пачынаў з кароткага падарожжа ў аддзел. Рыта жартам казала: «Добра, што жывём побач з аддзелам, хоць гэта эканоміць час, адведзены мне».
З’явіўся дзяжурны, ён трымаў у руках пульхную папку. Славін спытаў:
— Дасталося вам?
Читать дальше