— Вы ведаеце, я так спалохалася, убачыўшы яго, што пасля таго, як ён пайшоў, ужо вачэй не магла звесці. Ледзь раніцы дачакалася і пабегла адразу ж у сталовую тэлефанаваць вам.
— Хвалявацца і турбавацца вам не трэба. Варта толькі выконваць усё, што я скажу.
Славін без запрашэння сеў на крэсла:
— Прысаджвайцеся, Вера Валяр’янаўна, і ўважліва запамінайце ўсё.
46 Капітан міліцыі Рагозін
На наступны дзень капітан Рагозін, пераапрануты ў цывільнае, прыйшоў дамоў да Алматава. Паступова на вуліцы станавілася ўсё больш людна, сустракаліся і знаёмыя. Гэта турбавала ўчастковага. Прахожыя зразумеюць, што ён тут не выпадкова, могуць пайсці гаворкі сярод суседзяў, дойдзе да
Алматава. Насупраць праз вуліцу стаяў двухпавярховы драўляны дом. Рагозін дастаў з кішэні плашча газету і прысеў на лаўку, якая была на ганку пад падстрэшкам. Зараз ён мог сачыць за домам Алматава і хаваць твар ад прахожых. У палове дзявятай выйшаў Алматаў, яго Рагозін паспеў запомніць. Алматаў пастаяў ля брамкі, уважліва агледзеў вуліцу, потым павярнуўся і махнуў рукой. Амаль адразу ж побач з ім з’явіўся высокі малады мужчына. Сэрца Рагозіна ўздрыгнула: «Няўжо Жора?» Ён зрабіў выгляд, што чытае газету, а сам уважліва разглядаў таго, хто ішоў побач з Алматавым па другім боку вуліцы. Хто ведаў старую Цнянскую вуліцу, той, напэўна, памятае, што яна была нешырокай, і Рагозіну ўдалося разгледзець твар спадарожніка электрыка. Так, ён быў падобны па прыкметах на Жору! Скураное паліто, невялікія вусікі. Нават заўважыў характэрную звычку Жоры, пра якую расказвала Сваткова: мужчына трымаў рукі ў кішэнях.
Рагозін адпусціў іх далей, схаваў газету, зняў плашч і, накінуўшы яго на руку, рушыў следам. Алматаў і яго спадарожнік, пра штосьці ажыўлена размаўляючы, прыйшлі на Камароўскі рынак. Патапталіся сярод доўгіх гандлёвых сталоў, купілі ў бабулькі шклянку семачак і накіраваліся ў сталовую. Рагозін, павагаўшыся з хвіліну, пайшоў следам. У твар участковага ні Алматаў, ні яго сябар, напэўна, не ведалі, і гэта аблягчала задачу. Калі капітан увайшоў у залу, то ўбачыў, што яго падапечныя робяць заказ у афіцыянткі. Рагозін сеў за суседні столік і зрабіў выгляд, што разглядае меню. Неўзабаве афіцыянтка прынесла ежу, бутэльку гарэлкі і два куфлі піва. Паставіла гэта на стол перад наведвальнікамі і адразу ж падышла да століка Рагозіна. Яму давялося рабіць заказ і есці гэтай раніцай другі раз. Для большай пераканаўчасці Рагозін замовіў сто грамаў гарэлкі і куфель піва. Народу ў сталовай было мала, і афіцыянтка хутка абслужыла яго. Рагозін уладкаваўся нядрэнна. Ён сядзеў спінай да іх століка. Гэта дазваляла яму чуць размову. Яны выпілі «за сустрэчу», затым «за здароўе». Паступова іх языкі развязваліся, а галасы гучалі гучней. Зараз Рагозін ужо не сумняваўся, што перад ім Жора. Вядома, цяпер участковы ўпаўнаважаны мог адлучыцца на хвіліну і патэлефанаваць сваім, але ён не хацеў прапусціць нават аднаго іх слова. Тым больш, як ён зразумеў, Жору пра нешта дамаўляўся з Алматавым.
— Разумееш, — казаў Жора, — яна, гэта падла, працуе буфетчыцай і накралася — во, — ён правёў рабром далоні па горле. — Грошай у яе навалам. Але яна баіцца іх у сябе дома трымаць. Таму я прапанаваў купіць ёй.
Пры гэтых словах Жора нечакана абярнуўся і сп’янелым, але насцярожаным поглядам агледзеў адзінокага мужчыну, які сядзеў за яго спінай. Той, пра нешта думаючы, жаваў катлету, запіваючы півам, побач стаяла апарожненая шклянка. Выгляд піва і пустой шклянкі з-пад гарэлкі супакоіў Жору. Ён зноў павярнуўся да свайго сябрука, але далей казаў шэптам. Рагозін мог разабраць толькі асобныя фразы.
Капітан паклікаў афіцыянтку і, разлічыўшыся з ёй, устаў з-за стала і выйшаў са сталовай. Хутка надзеў плашч, абышоў сталовую і праз службовы ўваход прайшоў у кабінет загадчыка. Той, убачыўшы Рагозіна, заўсміхаўся:
— Добрай раніцы, таварыш капітан! Не спіцца вам, як я пагляджу.
Рагозін ведаў загадчыка даўно, ён калісьці абслугоўваў гэты ўчастак, у які ўваходзіў і рынак. Не завязваючы доўгай гаворкі, папрасіў загадчыка пастаяць ля ўвахода ў кабінет і нікога сюды не ўпускаць, пакуль ён пагаворыць па тэлефоне. Застаўшыся адзін, хутка набраў нумар тэлефона дзяжурнай часці і папрасіў паклікаць да тэлефона Славіна.
Участковаму пашанцавала, Славін знаходзіўся ў аддзяленні. Капітан коратка далажыў становішча.
— Слухай, Андрэй Міронавіч, ты паспрабуй затрымаць іх з дапамогай афіцыянткі на хвілін пяць, а я бягу да цябе! Потым вырашым, што рабіць далей.
Читать дальше