Яны выйшлі ў калідор, і, калі спусціліся на чацвёрты паверх, Астахава, дзейнічаючы, як ёй загадаў Славін, папрасіла свайго спадарожніка пачакаць трохі, а сама пастукала ў дзверы, дзе жыў Жыркоў. У кватэры яе чакалі Славін і Падрэзаў. Яна сказала ім, што яны ідуць за «пакупкамі», і праз хвіліну выйшла ў пад’езд. А Клаўдзін, які чакаў яе на лесвічнай пляцоўцы, падазрона спытаў:
— Чаго ты заходзіла ў гэту кватэру?
— Грошы забрала. Жыву адна і, калі сыходжу на работу, заўсёды турбуюся за кватэру, раптам злодзеі залезуць.
— У мінулы раз мне казала, што грошы ў бацькоў захоўваеш.
— Правільна. Мне іх маці ўчора прынесла, а сёння я з раніцы на работу хадзіла. Таму і занесла да суседзяў.
Такое тлумачэнне было праўдападобным і адразу супакоіла Клаўдзіна. Астахава спытала:
— Нам далёка?
— Не, блізка. Мы цяпер сядзем у трамвай і даедзем да апошняга прыпынку, а затым праз лясок.
— А чаму трэба ісці праз лес, што, іншай дарогі няма?
— Дарога дык ёсць, але гэта кіламетры на тры далей.
— А колькі лесам трэба ісці?
— Не больш за кіламетр.
— Сказаў бы раней. Я б туфлі іншыя абула, а то цяпер ногі сатру.
— Нічога, на базе падбяром што-небудзь, што табе падыдзе. Ты колькі грошай з сабой узяла?
— Дванаццаць тысяч. Ты ж папярэдзіў, каб пабольш брала, ну вось я і вырашыла, калі падвярнулася фартуна, то трэба скарыстацца да канца.
— Гэты ты правільна вырашыла.
Ля Камароўкі яны селі на трамвай і моўчкі ехалі. На канечным прыпынку выйшлі і праз поле па ледзь прыкметнай сцяжынцы пайшлі да лесу.
Падрэзаў і Славін апынуліся ў складаным становішчы: выпусціць з поля зроку Астахаву і Клаўдзіна было смяротна небяспечна для жанчыны, а ісці за імі праз поле — паставіць пад удар усю аперацыю. Падрэзаў быў за тое, каб неадкладна затрымаць злачынцу і не рызыкаваць. Але Славін хацеў усю справу давесці да канца. Яго трывожыла тое, што Клаўдзін пасля затрымання, напэўна, будзе доўга ўпірацца. Пра пярсцёнак і плашч Лазаркевіч ён можа сказаць, што купіў у невядомага, а потым перапрадаў Астахавай, ці можа прыдумаць іншую версію, напрыклад: пярсцёнак і плашч папрасіў прадаць знаёмы хлопец, які паабяцаў па грошы прыйсці ў клуб будаўнікоў, а паколькі клуб зачынілі на рамонт, то сустрэча не адбылася. Таму Славін у гэту крытычную мінуту ліхаманкава шукаў выйсця з гэтага няпростага становішча. Усе яго думкі былі накіраваны на тое, каб не згубіць з вачэй пару, якая аддаляецца. Налева ішла прасёлкавая дарога, яна метраў праз трыста ўпіралася ў лес, які паўколам ахопліваў поле і сцяжынку, дзе віднеліся постаці Астахавай і Клаўдзіна.
— Лёша, давай па гэтай дарозе бягом да лесу, а там сустрэнем іх.
Падрэзаў зразумеў задуму сябра і, не адказваючы, пабег, Славін — за ім.
Вось і лес. Яны павярнулі направа і зноў пабеглі. Неўзабаве ўбачылі Клаўдзіна і Астахаву. Тыя якраз уваходзілі ў лес. Далей аператыўнікі ішлі паралельна, крыху воддаль ад іх.
Славін і Падрэзаў разумелі, што вельмі рызыкуюць, але былі ўпэўнены — трагедыі не дапусцяць. А каб затрымаць такога небяспечнага злачынцу, як Клаўдзін — трэба ўзяць яго на месцы злачынства.
Лес станавіўся ўсё гусцейшы. Уладзімір шапнуў:
— Давай да іх бліжэй, бачыш, на другім баку сцяжынкі хмызняк пачаўся, месца для яго зручнае.
Падрэзаў прапанаваў:
— Я перайду на той бок сцяжынкі, а ты ідзі па гэтай. Нам трэба быць побач з імі.
Яны так і зрабілі. Цяпер знаходзіліся амаль побач з Клаўдзіным і Астахавай. Было чуваць, як Астахава спытала:
— Доўга нам яшчэ тупаць?
Але адказу не прагучала. Прама з кустоў да іх ступіў мужчына. Гэта быў Алматаў. Ён гучна сказаў:
— Жора, прывітанне! Іду лесам, чую гутарку і вырашыў праверыць, хто так шуміць. Каго я бачу? Гэты ты, сяброўка? Ха-ха, са мной, нябось, не пайшла б у лес, а з Жорам — калі ласка!
Славін стаіўся: ён зразумеў задуму гэтых сябрукоў. Вырашылі напасці на жанчыну тут і сустрэчу накшталт выпадковай падрыхтавалі. «А дзе ж Рагозін? Ён жа за Алматавым пайшоў!»
У гэты момант Астахава злосна сказала:
— Ну, што мы стаім?
І яна пайшла наперад. Клаўдзін і Алматаў моўчкі пераглянуліся. Жора дастаў з кішэні паліто малаток і, замахваючыся на хаду, кінуўся ззаду на жанчыну. Толькі хацеў Славін крыкнуць: «Стой! Рукі ўгару!»? — як наперадзе, метрах у шасці, раздаўся стрэл. Куля ўзарала зямлю перад нагамі Клаўдзіна, і тут жа пачуўся грозны воклік:
— Ні з месца! Рукі ўгару!
Славін убачыў, як Алматаў кінуўся ў процілеглы бок, у кусты, але праз імгненне, наткнуўшыся на магутны кулак Падрэзава, вылецеў адтуль назад на сцяжынку. Славін выйшаў са сваёй хованкі:
Читать дальше