— Сапраўды так.
— Ну, што ж, — Падрэзаў падняўся, — гэта ваша справа. Але мне незразумела адно. Вы сказалі, што ён з’ехаў учора, і нават бачылі ў яго на ўчарашняе чысло білет на цягнік. Як жа тады зразумець, што ён выпісаўся з гасцініцы «Беларусь» некалькі гадзін назад?
— Сёння?
— Вядома.
— Дзіўна. а вы не памыляецеся?
— Хіба толькі ў тым выпадку, калі ў гасцініцы «Беларусь» пражываў яшчэ адзін Гілер Якаў Самойлавіч.
Архібіскуп быў відавочна збянтэжаны, але Падрэзаў не стаў больш затрымлівацца. На вуліцы, здавалася, стала яшчэ больш горача. Аляксей Станіслававіч не змог мінуць кіёска з газіраванай вадой. Залпам выпіў дзве шклянкі халоднай вады і пашыбаваў у бок гасцініцы. Прадаўшчыца газіроўкі кінула дзве аднакапеечныя манеты ў адкрыты слоік з-пад манпансье, незадаволена прабурчала: «Піць хоча, а на сіроп грошай шкадуе. Яму лепш дзве шклянкі чыстай вады, чым адну з сіропам». Яна пазяхнула і абярнулася ў бок кінатэатра «Першы», адкуль неўзабаве павінны былі з’явіцца гледачы, якія, вядома, адразу ж акружаць каляску з газіраванай вадой.
А Падрэзаў хутка крочыў па вуліцы імя Валадарскага. У гасцініцы ён адразу ж звярнуўся да адміністратара. Прадставіўся і папрасіў паказаць яму картку, запоўненую Гілерам. Праз некалькі хвілін ён трымаў у руках гэту картку і здзіўлена ўзіраўся ў напісанае, дзе гаварылася, што Гілер Якаў Самойлавіч прыехаў у Мінск з Кіева, дзе і пражывае. Маёр хутка запісаў яго адрас, нумар пашпарта, дзе, кім і калі ён быў выдадзены, спытаў у адміністратара:
— Хто з вашых работнікаў бачыў Гілера ў твар?
— Хто? Напэўна дзяжурная па паверсе. — Адміністратар зірнула на картку і дадала: — Ён жыў на трэцім паверсе, прайдзіце туды, дзяжурная там.
Падрэзаў падняўся на трэці паверх і адразу ўбачыў дзяжурную. Яна сядзела за невялікім пісьмовым сталом і, надзеўшы акуляры, чытала нейкую патрапаную кнігу. Падрэзаў прывітаўся і сказаў:
— Я — з міліцыі. Мяне да вас адміністратар паслала. У трыццаць чацвёртым нумары жыў Гілер. Ён сёння выпісаўся з гасцініцы.
— У трыццаць чацвёртым? Так, адзін з жыхароў сёння перад абедам сапраўды выпісаўся. — Яна зазірнула ў журнал, што ляжаў пад кнігай, і сказала: — Яго прозвішча Гілер Я. С.
— Вы памятаеце яго?
— Так, вядома.
— Раскажыце, як ён выглядае.
Жанчына зняла акуляры, не спяшаючыся, падрабязна апісала знешнасць былога жыхара. Прыметы супадалі. Падрэзаў спытаў:
— У яго рэчы былі з сабой?
— Хто яго ведае. Але чамадан вялікі, відаць цяжкі, ён панёс.
— Якога колеру чамадан?
— Ён у шэрым чахле быў, так што я не бачыла, якога ён колеру.
— Што яшчэ ў руках у яго было?
— Больш нічога. Ён чамадан уніз па лесвіцы ледзь панёс.
— Колькі дзён ён тут жыў?
Дзяжурная зноў зазірнула ў свой журнал:
— Чатыры дні.
— Прыходзіў хто-небудзь да яго ў нумар?
— На маім дзяжурстве не.
Падрэзаў падзякаваў дзяжурнай і ледзь не бягом кінуўся ўніз. Ён спяшаўся на вакзал, а ў галаве ўзнікалі пытанні: «Чаму архібіскуп сказаў, што Гілер пражывае ў Маскве? Што гэта, спроба адвесці нас у бок? А можа, Гілер яму зманіў? Але ў той жа час Ротмістраў сказаў, што Гілер пражываў у гасцініцы. Добра, гэта высветлю пазней. Цяпер галоўнае ўдакладніць, ці з’ехаў Гілер з Мінска».
На вакзале ля акенца даведачнай тоўпілася шмат людзей, і Падрэзаў адразу ж пачаў шукаць міліцыянера. Але ў зале яго не было. Аляксей Станіслававіч выйшаў на перон і ўбачыў сяржанта і старшыну. Падрэзаў падышоў і лёгенька крануў за рукаў старшыну:
— Таварыш старшына, можна вас на хвілінку?
Падрэзаў паказаў сваё пасведчанне і папрасіў:
— Як мага хутчэй высветліце, калі адышоў апошні цягнік на Кіеў і калі пойдзе бліжэйшы.
Старшына, гадоў трыццаці мужчына, казырнуў, сказаў «ёсць» і кінуўся да вакзала. Падрэзаў не спяшаючыся пайшоў следам.
Старшына вярнуўся хутка і далажыў:
— Апошні цягнік сёння на Кіеў пайшоў у дзевяць сорак сем. Наступны пойдзе ў сямнаццаць дваццаць.
— Дзякуй, — з радасцю сказаў маёр. — Колькі чалавек сёння ў вас дзяжурыць на пероне і ў будынку вакзала?
— Тры.
— Хто старшы?
— А вы, таварыш маёр, лепш звярніцеся да дзяжурнага. Уваход у аддзяленне з тарца будынка. Калі вам трэба каго-небудзь затрымаць, то ён можа выдзеліць яшчэ людзей.
Падрэзаў пайшоў уздоўж будынка да ўвахода ў аддзяленне. Да адыходу цягніка заставалася крыху больш за гадзіну, і часу яшчэ досыць, каб арганізаваць праверку пасажыраў.
У маленькім душным пакойчыку было трое: старшы лейтэнант з павязкай дзяжурнага на рукаве і двое ў цывільным, якія гулялі ў шашкі. Падрэзаў прадставіўся дзяжурнаму і расказаў пра мэту свайго прыходу. Таму, відавочна, было не ўпершыню аказваць дапамогу і дзейнічаць неадкладна. Ён дзелавіта зірнуў на гадзіннік:
Читать дальше