— Вы забыліся ўдакладніць, дзе гэта адбывалася.
— Гэта было ў кватэры даўняга майго знаёмага Ротмістрава. Ён цяпер шышка — архібіскуп.
Падрэзаў узяў у Гілера білет і працягнуў яго дзяжурнаму:
— Папрасіце ў касе, калі можна, хай выплацяць за яго грошы. — І павярнуўся да Гілера: — Ну, дзе гэтыя трыццаць тысяч?
— У ботах, — кіўнуў той галавой на чамадан. — Я іх туды схаваў ад граху далей.
— Якога граху?
— Ну, каб не выкралі. Ведаеце, на цягніках розныя людзі ездзяць.
— Гэта, вядома, вам відней, — сказаў Падрэзаў, а сам пацягнуўся да тэлефона і папрасіў дзяжурнага па ўпраўленні выслаць за ім машыну, а заадно патэлефанаваў і Славіну, прапануючы яму прыехаць туды. Пасля гэтага маёр падзякаваў сваім калегам за дапамогу і прапанаваў Гілеру:
— Зачыняйце чамадан, бярыце яго і паедзем ва ўпраўленне міліцыі. Там будзем разбірацца.
Гілер цяжка ўздыхнуў і ледзь чутна прамармытаў:
— Ведаеце, як надакучыў мне гэты АБХСС?
— Гэта чаму ж? — усміхнуўся Падрэзаў, дакараючы сябе, што, спяшаючыся, ён так і не прадставіўся Гілеру.
Падрэзаў не стаў больш задаваць пытанняў, бо справядліва меркаваў, што адно з іх можа аказацца лішнім і сапсаваць усю справу.
Да канца дня ўсё высветлілася. Выявілася, што Гілер — вопытны спекулянт, раней тройчы асуджаны.
Прыбыўшы ў Мінск, ён адшукаў Ротмістрава, з якім быў знаёмы яшчэ да вайны. Праз Ротмістрава пазнаёміўся з паддзякам Лацюком. Той праз сваіх знаёмых дапамог яму ў крамах купіць пяцьдзясят пар перламутравых ботаў, якія Гілер хацеў па спекулятыўных цэнах прадаць ва Украіне. Калі Лацюк і Гілер ізноў сустрэліся ў Ротмістрава, добранька выпілі, Гілер змог угаварыць паддзяка пазычыць яму трыццаць тысяч рублёў, за якія паабяцаў аддаць сорак пяць. Паддзяк, ведаючы, што ў стале ў архібіскупа ляжаць сто трыццаць тысяч, дамовіўся з Гілерам, што ён верне грошы не пазней чым праз два тыдні, і даў яму трыццаць тысяч. Ужо занадта прывабнай была думка атрымаць за паслугу пятнаццаць тысяч рублёў. Вядома, пра гэта Лацюк адразу Ротмістраву не сказаў, але калі пакінутыя грошы зніклі са стала, ён, лічачы злодзеем Гілера, упаў на калені перад архібіскупам і прызнаўся ў сваім граху.
Ротмістраў жа не хацеў, каб пра гэты ганебны выпадак даведаліся, і загадаў паддзяку маўчаць.
Ротмістраву і Лацюку, запрошаным у міліцыю, нічога не заставалася, як расказаць усю праўду. Якое ж было здзіўленне архібіскупа, калі ён даведаўся, чым сапраўды займаецца Гілер і дзе ён жыве.
Ён дастаў з бумажніка аркушык паперы, на якім быў напісаны маскоўскі адрас Гілера, і працягнуў яго Славіну:
— Вось, паглядзіце адрас, ён напісаў яго сам.
Славін спытаў у Гілера:
— Як гэта разумець?
Той ухмыльнуўся:
— Як ёсць. Не мог жа я назваць свой сапраўдны адрас.
Славін ізноў звярнуўся да Ротмістрава:
— Адкуль вам было вядома, што Гілер пражываў у гасцініцы?
— Калі ён даставаў з кішэні грабянец, то выпадкова ўпусціў нейкую паперку. Я падняў яе і ўбачыў, што гэта квітанцыя гасцініцы. Значэння асаблівага не надаў гэтаму і аддаў квітанцыю яму.
Славін і Падрэзаў вырашылі матэрыялы на Гілера перадаць у АБХСС і працягваць вышук Чорта.
Купрэйчык быў у адпачынку, і яны далажылі аб усім яго намесніку. Той пагадзіўся з іх прапановай і спытаў у Славіна:
— Дзе можа быць цяпер Чорт?
— У Г агры.
— Дзе-дзе?
— На Чорным моры, у Г агры.
Намеснік начальніка крымінальнага вышуку горада, пажылы палкоўнік, усміхнуўся:
— І вы, вядома, хочаце туды паехаць?
— Так, сапраўды. — І каб у палкоўніка не было сумненняў, Славін растлумачыў: — Я знайшоў дзяўчыну, якую Чорт запрашаў паехаць з ім. Але яе не адпусцілі з работы, бо адпачынак па графіку ў кастрычніку.
— Як жа вы яго там знойдзеце?
— Гагра не надта вялікі горад, фатаграфія яго ў мяне ёсць, прыкметы ведаю. Думаю, што разам з мясцовымі таварышамі мы знойдзем яго хутка.
— Ну што ж, дзейнічайце, але толькі вы адзін. Падрэзаву прыйдзецца заняцца раскрыццём забойства, якое здзейснена сёння раніцай.
50 Купрэйчык
— А ну, соня, уставай! Хопіць спаць! — Вясёлы голас жонкі Аляксей пачуў над вухам нечакана і здрыгануўся, але вочы не адкрыў. «Хай думае, што сплю». Надзея нахілілася да яго твару. І тут Аляксей нечакана падхапіў яе і закінуў на ложак.
— Ага, папалася! — абняў ён яе. — Будзеш ведаць, як прыставаць да мужа, калі ён у адпачынку.
— Ой, Лёшка, пусці! А то дзяцей на дапамогу паклічу, — смяялася Надзя, спрабуючы вырвацца. Але гэта ёй не ўдалося, і яна гучна паклікала: — Дзеці, на дапамогу!
Читать дальше