Кірыла, праўда, умеў не прызнавацца ў памылках. Ен заўсёды сам быў у наступленні на тых, хто дапускаў памылкі. Ну, а калі ўжо не было выкруткі... Кірыла заўсёды знаходзіў выйсце. Гэта яму належаў афарызм: "У мяне, вядома, ёсць свая думка, але я з ёю катэгарычна нязгодны".
У тыя гады на кінастудыі паявіўся здольны рэжысёр Міця Зяблік, які зняў свой першы фільм і пра які раптам загаварылі як пра з’яву мастацтва.
Лазару Богшу фільм Зябліка не тое што не падабаўся. Ён не мог зразумець, хоць і баяўся праслыць рэтраградам, чаму фільм так хваляць. Праўда, у ім была нейкая свежая думка, але дужа нязначная, каб узнімаць фільм на такую вышыню. Праўда, у ім была непадкупная наіўнасць. Але зноў жа гэта не давала падстаў для такога захаплення. Вялы мантаж. Нявыверанасць сцэн. Адсутнасць акцёрскага ансамбля. Ды і не заўсёды відаць была рука рэжысёра. Ён паспрабаваў сказаць гэта на калідоры Кірылу Лыкавязаву. Той абрынуў на яго вадаспад абвінавачанняў, сярод якіх самым бяскрыўдным было абвінавачанне ў адсталых поглядах на мастацтва. Кірыла на той час захапляўся італьянскім неарэалізмам.
Не прайшло і паўгода, як аднекуль падзьмуў іншы вецер і фільм Зябліка быў дружна раскрытыкаваны. 3 гэтай прычыны і ўжо не на студыі адбылося абмеркаванне. Дакладчык, асоба вельмі нават адказная, у сваім дакладзе сказаў пра фільм Зябліка яшчэ больш жорстка, можа, з перахлёстам, але зусім безапеляцыйна. Зяблік сядзеў на той нарадзе побач з Кірылам. Ён быў перапалоханы. Ды і не дзіва. Хто ж пасля такой крытыкі дасць яму новую работу?
— Кірыла Мацвеевіч, — звярнуўся ён да Лыкавязава, — мне трэба выступіць, прызнаць памылкі. Гэта найлепшае, што можна прыдумаць пры такіх абставінах...
Кірыла паглядзеў на Зябліка са спачуваннем, але і са злосцю.
— Ты думай, што гаворыш!.. Справа не толькі ў табе. У калектыве. Мала чаго можа сказаць дакладчык. Вось я падымуся на сцэну і пастаўлю кропкі над "і". Я ім дакажу іх памылкі.
Ён сапраўды падняўся на сцэну. Ён прызнаў не толькі памылку студыі, якая дазволіла Зябліку здымаць заганны фільм, але і сваю памылку, бо ён не разгледзеў як трэба твару ідэалагічнага дыверсанта...
"Са мной так не выйдзе, — падумаў Богша, — ды і часы цяпер не тыя. Але трэба быць напагатове. Кірыла недарэмна загаварыў пра Громаву. Ён ужо знайшоў час, каб пагаварыць з ёю і падкінуць ёй сякую-такую інфармацыю".
— Не, гэта не прытча — рэальная падзея, падобная на прытчу... — сказаў Лазар Богша.
— Кінь заліваць. Становіцца смешна, — сказаў Кірыла. — Глядзі, да нас ідзе Рымачка і ззяе, як дыямент у залатой асадцы. Пойдзем, прыкладзёмся да ручкі...
Рыма Сяргееўна Громава належала кіно, як і кіно належала ёй. Яе дзед, Канстанцін Сяргеевіч Громаў, быў, бадай, самым таленавітым аператарам мультыплікацыйных фільмаў на фабрыцы Ханжонкава. Па малаходжанай кіношнай сцежцы пайшоў і яе бацька Сяргей Канстанцінавіч, чалавек, што праўда, таленавіты, але раскідзісты, несабраны. Ён у свой час спрабаваў пісаць сцэнарыі, здымаць фільмы і сам здымацца ў іх, пазней жа заняўся тэарэтычнымі працамі, якія не прынеслі яму вялікай славы, а бадай, наадварот, праславілі яго не з лепшага боку. Сяргей Канстанцінавіч у свой час перабыў членам усіх груп і груповак ад "Фекса" да "Пралеткульта", але нідзе падоўгу не затрымліваўся. Маці Рымы Сяргееўны Капіталіна Мікалаеўна таксама належала да кіно. Яна была дачкой у свой час вядомага мастака, з якім аб’ездзіла ўсю Еўропу і нават здымалася ў нейкім фільме з нейкім дужа славутым акцёрам. У адрозненне ад свайго мужа Капіталіна Мікалаеўна была асоба практычная, мэтанакіраваная, а таму, як толькі ў іх нарадзілася дачка, вырашыла зрабіць яе на ўвесь свет вядомай актрысай.
3 самага маленства Рыма Сяргееўна знаходзілася ў акружэнні славутых і неславутых рэжысёраў, аператараў, кінаакцёраў і літаратараў, у вечнай кіношнай гамане, сярод дэкарацый у павільёнах, што ў адрозненне ад тэатральных выглядалі сапраўднымі палацамі.
Але актрысы з яе не выйшла. Праўда, Рыма Сяргееўна здымалася ў кіно — першы раз ці не ў пяць гадоў, калі сыграла дзяўчынку-беспрытульніцу, — потым былі і другія ролі, але найбольш эпізадычныя, якія не маглі прынесці ні славы, ні нават звычайнага задавальнення. Яна і сама яшчэ ў інстытуце кінематаграфіі зразумела, што быць актрысай не яе доля, а таму насуперак маці, якая ўсё яшчэ не губляла надзей, перайшла на сцэнарнае аддзяленне. Па яе экранізацыях было пастаўлена два ці тры фільмы, даволі ўдалыя, якія стварылі ёй пэўны аўтарытэт у кіношных колах.
Читать дальше