У блакітнай зале — дырэктар чамусьці вельмі любіў блакітны колер — сядзела ці не палова студыі. Богша акінуў позіркам залу, і яго ахапіла тое прыемнае хваляванне, якое ахоплівае любога мастака, калі ён выносіць свой твор на публіку. Было страшна, але і добра, як перад скачком з парашутам.
— Чаму так многа народу? — незадаволена буркнуў дырэктар, сядаючы ў крэсла. — То ж не грамадскі прагляд... Давайце пачынаць. Наступны раз каб, апрача членаў савета, нікога не пускалі...
На дырэктарскую буркатню ніхто, вядома, не звярнуў увагі. Дырэктары на тое і існуюць, каб бурчаць, сварыцца, даваць указанні... А сапраўды, яшчэ для чаго існуюць дырэктары?
Кірыла Лыкавязаў, як належыць яму па праву, адкрыў мастацкі савет кароткім уступным словам. Маўляў, мастацкі савет сабраны нечакана і толькі таму, што прыехала паважаная Рыма Сяргееўна, але гэта якраз і дарэчы, бо настала патрэба прагледзець рэдакцыю фільма, які займае ў планах студыі важнае месца як па тэматыцы, так і па ўдзельнай вазе ў вытворчасці. Даўшы слова Лазару Богшу, Кірыла адышоўся і сеў ззаду, ля сцяны, як бы ў цень. Лазар Богша аж здзівіўся: звычайна Кірыла сядзеў побач са студыйным начальствам. На ўсякі выпадак.
— Да гэтага фільма я ішоў доўга, — пачаў Богша, раптам адчуўшы, што зусім не ведае, пра што павінен сказаць мастацкаму савету. Заўсёды ведаў, а цяпер ніякіх думак. — Мне даўно хацелася крануцца нашай гісторыі, якую мы так мала ведаем. Наколькі мне ўдалося — меркаваць вам. Даруйце, што матэрыял не поўнасцю падкладзены. Вы пабачыце і дублі і праклейкі. Я пастараюся сказаць, што хаваецца за кожнай такой праклейкай. Можа, будуць пытанні?
Пытанняў не было. Лазар Богша націснуў на кнопку селектарнай сувязі, папрасіў кінамеханіка:
— Пачынайце, калі ласка.
Экран успыхнуў сіняватым святлом...
***
3 нейкага часу паміж Кірылам Лыкавязавым і Лазарам Богшам ішла зацятая і непатрэбная, на думку кіношнікаў, дыскусія. Папраўдзе, дык сутнасць яе была незразумела самому Лазару Богшу. Ён часам падазраваў, што Кірыла знарок уцягвае яго ў дыскусію. Богша даваў сабе слова не спрачацца, а мудра маўчаць, але кожны раз незаўважна для сябе пачынаў пярэчыць Кірылу, а запярэчыўшы, ужо стаяў на сваім, хоць і шкадаваў: чаму было не стрымацца?
Самае дзіўнае ў гэтай дыскусіі на адвольныя тэмы, як іх ахрысцілі кіношнікі, заключалася ў тым, што нiхто на студыі не бачыў важкіх прычын для дыскусій, а таму іх тлумачылі суперніцтвам двух вядучых рэжысёраў. Пагаворвалі, што Лазар Богша не ўспрымае творчасці Кірылы Лыкавязава, больш таго, лічыць ягоныя фільмы павярхоўнымі, верхаглядскімі, а значыць, і маламастацкімі. 3 другога боку, пагаворвалі, што Кірыла Лыкавязаў у сваю чаргу не прызнае творчасці Богшы, знаходзячы ў ёй уяўную глыбакадумнасць. Усё гэта было не так, а таму хадзілі чуткі, што Богша не дараваў Лыкавязаву смерці Цюкі, а той баіцца Богшы і са страху адплочвае, прыдзіраючыся да кожнага яго фільма.
Лазар Богша сапраўды адчуваў да Кірылы антыпатыю, якую ён тлумачыў лыкавязаўскім імкненнем падабраць пад сябе ўсю студыю. А Лыкавязаў не цярпеў Богшу, які не баяўся казаць Кірылу ўсё, што думае пра яго. Быў у гэтым пэўны рэзон.
Дыскусіі звычайна ўзгараліся нечакана і па такіх пытаннях, якія, здавалася, не давалі падстаў да зацятых, аж варожых спрэчак. Яны ўзнікалі, як правіла, пасля кожнага чарговага фільма каго-небудзь з варожых бакоў.
Не, абодва рэжысёры не апускаліся ў спрэчках да збэшчвання фільмаў суперніка. Дыскусіі адбываліся па тэарэтычных пытаннях, гэта значыць, закраналі нейкія агульныя палажэнні стану кінематографа. Богша звычайна выступаў больш грунтоўна, Кірыла — з той сялянскай практычнасцю, якая хоць і не дужа прэтэндавала на тэарэтычныя абагульненні, затое давала свой плён.
— Мы ўсё ж робім фільмы дзеля таго, каб іх глядзелі, — пачынаў сваю прамову Кірыла Лыкавязаў. —Трэба ж, мусіць, паважаць гледача, а не выпрабоўваць ягонае цярпенне. Я іншы фільм не магу даглядзець і да паловы, дык я ўсё ж прафесійны глядач. А як быць простаму чалавеку, што прыйшоў і для таго, каб адпачыць. Мусіць, нельга злоўжываць глядацкім цярпеннем. Каму патрэбна іншая філасофская заглыбленасць, якая хутчэй выглядае як звычайная занудлівасць...
I ўсе разумелі, што Кірыла Лыкавязаў гаворыць не проста ў парадку тэарэтычных разважанняў, а мае на ўвазе апошні богшаўскі фільм, які і праўда не вызначаўся імклівасцю сюжэта, затое быў насычаны філасофскімі развагамі. Богша таксама разумеў, у чый агарод кідае Кірыла камень, і ён ужо не мог стрымацца, каб не адказаць яму.
Читать дальше