Богша прыгадаў, як Кірыла стаяў перад ім на каленях у дзень пахавання Цюкі. Цяпер ён зрабіў Богшу выклік. Хоча палічыцца за тую сваю слабасць? Ці, можа, ёсць больш важкія прычыны?.. Богша быў надзіва спакойны.
— У імя праўды мастацтва, — таксама з выклікам сказаў ён, у другі раз беручы віну за Цюкіну смерць на сябе.
Першы раз ён узяў гэтую віну ў кабінеце следчага.
— Ха, насмяшыў!.. Твая праўда — ілюзія, ашуканства недасведчаных людзей. Несумленнае ашуканства, Богша. На жаль, кінематограф пагруз у штучнай, выдуманай шматзначнасці, у гэтым спакойным і занудлівым разглядванні дэталей, ад якога патыхае першабытным сумам...
— Чаму несумленнае ашуканства? Хіба бывае сумленнае?..
— Бывае, — Кірыла грукнуў па стале кулаком, загадаў Зоі: — Прынясі віскі...
Зоя моўчкі паднялася, прынесла бутэльку віскі.
— Я не шкадую, — стала апраўдвацца яна. — Віскі трэба піць з содавай вадой або з газіроўкай. А содавай вады няма, газіроўкі таксама...
— Мы не з роду Цеханавецкіх, — Кірыла распараджаўся жонкай, як парабчанкай. I абражаў яе, як парабчанку. Сказаў і забыў, што сказаў. Звярнуўся да Богшы: — А таму несумленнае ашуканства, што ты дужа ўнікліва, з педантычнай скрупулёзнасцю імкнуўся выпісаць усе жахі вайны. Ты глядзеў на яе не з вяршыні будучай перамогі, а з анатамічкі. Табе, можа, і цікава, але навошта гэта мне?..
Папраўдзе, дык Богша разгубіўся. Ён маўчаў, вырачыўшы вочы, не знаходзячы слоў для абароны. ВельмІ ўсё было прымітыўна, непраўдападобна, а таму вельмі непрыступна для атакі.
— Так ужо і з анатамічкі?.. — разгублена прамармытаў ён.
Кірыла прапусціў міма вушэй ягоную спробу пярэчыць.
— Прызнаюся, калі мне даручылі здымаць твой гэты фільм, я разгубіўся, бо твая канцэпцыя пярэчыла маёй.
— У цябе была канцэпцыя? — падкалоў яго Богша. На большае яго не хапіла.
— Хіба вайна толькі скапленне жахаў і няшчасцяў? — прадаўжаў Кірыла. — Хіба ў ёй няма нічога светлага і прыгожага? Напрыклад, рамантыкі, мужнасці, адчування абавязку? Хіба ў вайну былі адны пакуты, слёзы і роспач? Не было кахання, смеху, мар, надзей? Хіба не самыя лепшыя песні нарадзіліся ў вайну? Напачатку я думаў, ты памыляешся як мастак. Потым зразумеў, што не. Ты ішоў на гэта свядома. Ды каб жа толькі ты! I ўсім вам патрэбны жахі толькі дзеля таго, каб сцвердзіць сябе. Ты — кан’юнктуршчык, Богша. Ты супраць вайны. Я таксама. Але мы па-рознаму ставімся да яе. Палохаючы людзей жахамі вайны, ты заплюшчваеш вочы на выраджэнне сытым жыццём. Во чаго трэба баяцца.
Лазару хацелася абарваць Кірылу якім-небудзь каварным пытаннем: а дзе ты быў у вайну і чаму не захацеў сам паспытаць рамантыкі? Такое пытанне было непрыемна Богшу сваёй дробязнасцю. Ён ведаў, дзе пражыў усю вайну Кірыла Лыкавязаў і чаму не трапіў у армію і на фронт. Ведаў, праўда, са слоў самога Кірылы, які ўмеў маляваць сваё жыццё ў таежным пасёлку ў камічных фарбах.
— А ці не зблытаў ты рыцарскія турніры з сучаснымі войнамі, а опернае адбыванне палону князем Ігарам у Канчака з фашысцкімі лагерамі смерці? — спытаўся Богша ў Лыкавязава.
— Не, не зблытаў, — вельмі паспешліва адказаў Кірыла. — Я не давёў сваю думку да канца, і ты можаш абвінаваціць мяне ў нелагічным мысленні. Смерць Каці... Рызыка ў кіно... Праўда мастацтва... Жахі вайны... Выраджэнне сытым жыццём... Ці не праўда, бяссэнсіца вар’ята. Не, мой мілы, усё абумоўлена і моцна звязана. Аднойчы напалоханы абывацель будзе напалоханы на ўсё жыццё. I ўжо сам стане палохаць другіх...
Кірыла біў бязлітасна, без аглядкі. Нібы навечна рваў з Богшам не толькі дружбу, але і звычайныя чалавечыя адносіны, як ірвуць іх з пракажоным. Яму хацелася выйграць.
— Ты здурэў! — абурыўся Богша.
Кірыла яго не пачуў, ён прадаўжаў гаварыць як апантаны:
— А калі мастак, які палохае, ды яшчэ таленавіты, нават геніяльны? Тады ён з такой дакладнасцю, з такім напалам страсцей распіша жахі, што хоць кладзіся і памірай. I ўсё ў імя праўды мастацтва. Дык ці не таму табе спатрэбілася смерць Цюкі? Ты і праўда спаліў яе ў імя тваёй фальшывай праўды. Я ўсё рабіў, каб у фільме хоць на імгненне прамільгнуў агеньчык аптымізму. Усё рабіў.. Але прадухіліць трагедыю не мог. Ты разбэсціў Цюку, зачараваў яе сваёй выдуманай праўдай мастацтва. Яна і запатрабавала, каб я хоць у гэтым эпізодзе не адступіў ад твайго рэжысёрскага сцэнарыя. Я не адступіў, і яна згарэла. Цяпер я сказаў, што хацеў...
Богша разгублена маўчаў. Раптам Кірыла вылез з-за стала, пайшоў у спальню, паваліўся на палаці. Богша няўцямна глянуў на Зою.
Читать дальше