Богша абняў Любу за плечы, але рука прайшла праз яе, як праз туман. Гэта было вельмі непрыемнае адчуванне. Богша бачыў зусім рэальную жанчыну і больш чым абстрактную, нейкі міраж пустыні.
Тое ж самае здарылася, калі Богша штурхануў пад бок другога седака — мужчыну. Локаць свабодна праткнуў здань пад чорнаю апранахай.
Цяпер не даводзілася сумнявацца, што ён, Лазар Богша, усё ж памёр і знаходзіцца ў царстве ценяў, як казалі некалі старажытныя рымляне.
"Выходзіць, што нехта са старажытных людзей пабываў на тым свеце, што і яго везлі, можа, вось гэтыя самыя цені, якія сядзяць поруч з ім. Выходзіць, што чалавек калісьці здолеў вярнуцца ў зямное існаванне і расказаў пра той замагільны, незямны свет. Выдумаць цені было б проста немагчыма".
Цяпер заставалася высветліць, куды яго вязуць? Богша азірнуўся па баках. Іх вазок плыў высока-высока над зямлёй. У цемры ночы Богша добра бачыў заснежаныя, у лёгкай смузе палі, яркія агні сонных гарадоў. Ён задраў галаву ўгору, куды, па ўсяму відаць, несліся коні. Над ім, у чорным небе, там, дзе яшчэ нядаўна свяціўся месяц, зеўрала даволі вялікая круглая адтуліна. Коні якраз і ляцелі ў гэтую жахлівую адтуліну-бездань.
"Дык вось куды вывозяць душы памерлых, — падумаў Богша. — Яшчэ імгненне і коні вымчаць мяне не толькі за межы зямлі, але і за межы неба, на другі яго бок, у антысвет, у антыжыццё, антыіснаванне. Гэта, ліха на яго, даволі забаўна, хоць і дужа недарэчна, бо, відаць, з таго антысвету сапраўды ўжо няма звароту на зямлю".
Вазок тым часам крута завярнуўся, аж Богша ўхапіўся абедзвюма рукамі за барты, каб не вываліцца з яго на такой вышыні. На яго здзіўленне, пальцы адчулі цвёрдую аснову, а не туман, як было тады, калі ён кранаў здані.
I добра, што ўхапіўся, што было за што ўхапіцца. Коні так імкліва нырнулі ў бездань — а можа, наадварот, вылецелі ўгору, — што ў Богшы аж дух захапіла. Так было, праўда, зусім не доўга. Неўзабаве пачалося даволі плаўнае апусканне, падобнае палёту на планёры.
Богша глянуў уніз. Яны ляцелі над лесам, асветленым халодным сінім святлом. Лазара Богшу ахапіла расчараванне. Тайны, аказваецца, няма. Ёсць люстэркавы адбітак зямной рэчаіснасці. Цікава, а ці ёсць тут смерць? Калі ёсць, дык куды адсюль адпраўляюць душы памерлых? Можа, зноў на зямлю? Во ўжо незайздросная перспектыва — боўтацца між двух існаванняў, якія вельмі падобны адно да аднаго.
Богша адчуў сябе бясконца ашуканым. У такія хвіліны ён звычайна станавіўся насмешлівы і нават іранічны.
— Наліха вы мяне сюды прывезлі? — спытаў ён у здані з той падкрэсленай іроніяй у голасе, якой звычайна карыстаўся на мастацкіх саветах, калі яму хацелі навязаць нешта супрацьлеглае ягонаму густу, ягонаму разумению мастацтва. — Не маглі прыдумаць нешта больш арыгінальнае? У вас не мастацкая інтэрпрэтацыя найвялікшага акта, якім з’яўляецца смерць, а бяздарная інструкцыя пахавальнага бюро. Хто складаў, хто зацвярджаў гэты бездапаможны сцэнарый? Суцэльныя штампы! Ніякай выдумкі! Чарговы опус нікчэмнага графамана. Заезджаныя ў кіно тройкі коней. Дзірка ў небе. На каго вы разлічваеце? Хто рабіў вам эскізы да вось гэтага раннефеадальнага горада? Божа мой, якая безгустоўшчына! Ці, можа, у вас шануюць бездараў? Ну, што ж, з імі спакойна, асабліва ў вашым замагільным царстве. Ніякіх праблем. Бездары тым і добрыя, што не маюць сваіх думак. Наліха яны ім? Без думак жыць лёгка і проста.
Богша мог практыкавацца такім чынам вельмі доўга, бо яму ніхто не пярэчыў, і ён неўзабаве змоўк, крыху здзіўлены, што ягоныя словы не закранаюць за жывое зданяў.
Во дзіва! Абое пасажыры, як і коні, як і вазок, незаўважна зніклі. А можа, так і належыць на тым ці хутчэй ужо на гэтым свеце, пасмяротным для Богшы.
Ён стаяў адзін на скрыжаванні дзвюх вельмі вузкіх вуліц, сярод ночы, у незнаёмым і, папраўдзе, дужа дзіўным горадзе, здорава падобным на няўдалую кіношную дэкарацыю да гістарычнага фільма: ніякіх адвольнасцей — суцэльны натуралізм.
Было, мабыць, надта позна ці, наадварот, вельмі рана. У горадзе ніякіх адзнак жыцця. Нават сабак не чутно.
"Зрэшты, — падумалася Лазару Богшу, — у гэтым, па той бок зямнога існавання, горадзе жывыя істоты, што падыхаюць, а не паміраюць, напэўна, адсутнічаюць".
Не паспеў ён так падумадь, як недзе зусім побач азваўся певень. Голас у яго быў гарласты і, папраўдзе, вельмі прыгожы, як у ротнага запявалы, з якім Лазару Богшу калісьці давялося адбываць трохмесячныя зборы. Зрэшты, каб у пеўня быў і зусім паганы голас, Лазару Богшу ён падаўся б нашмат прыгажэйшы за славутага Каруза.
Читать дальше