Лазар Богша пажартаваў, што іх, бадай, мнагавата, каб умясціцца за сталом. Мацей Ульянавіч нават пакрыўдзіўся: што ён жабрак які ці сквалыга! Дзякуй богу, заробкі ў яго нядрэнныя і жыве ён багата, так што мог бы накарміць усю кінастудыю...
Кіношная брація, якая аднолькава вольна паводзіць сябе ў павільёне кінастудыі і за банкетным сталом адказнага прыёму, на гэты раз адчувала сябе крыху скавана: Мацей Ульянавіч, салідна старшынствуючы за сталом, вёў не проста свецкую гаворку аб сучасным кіно, а такую, што прымушае таго ж кіношніка прыўзнімацца над прывычнымі дробязямі будняў. Нават Кірыла Лыкавязаў, які напачатку трохі паблажліва слухаў Мацея Ульянавіча, непрыкметна для сябе запаважаў яго за неардынарныя думкі і погляды.
Кароткі зімовы дзень непрыкметна сканаў за сценамі старшынёвай хаты. Трэба было вяртацца на Сую. Студыйны аўтобус ужо чакаў пасажыраў, якія няспешна развітваліся з гасціннымі гаспадарамі. Заставаліся якія хвіліны да ад’езду, калі Любе прыйшла ў галаву дзівацкая прыхамаць: паехаць на Сую тройкай калгасных коней.
Акрамя таго, што Мацей Ульянавіч быў прыхільнікам кіно, ён яшчэ апантана любіў коней, і, можа, на ўсю вобласць у ягоным калгасе мелася стайня пародзістых скакуноў. Лазар Богша разумеў, што Мацею Ульянавічу прасцей самому запрэгчыся ў сані, каб адвезці на Сую вядомую кінаактрысу, чым гнаць па снезе аж дванаццаць кіламетраў тройку коней, але ён ведаў і другое: старшыня не здолее адмовіць актрысе, ды яшчэ з патомства Азарэвічавых, праехаць на тройцы калгасных рысакоў. Лазар паспрабаваў угаварыць Любу адмовіцца ад свайго намеру, што было справай, бадай, безнадзейнай, як нечакана і не без намеру на яе бок стаў і Кірыла Лыкавязаў, няйначай, каб насаліць Лазару Богшу.
— А што? Яна таго заслужыла сваёй выдатнай ігрой.
Мацей Ульянавіч памуляўся, але здаўся, загадаў запрэгчы тройку ў вазок.
— Я сам пракачу вас, — паабяцаў ён, чамусьці пазіраючы толькі на Лазара Богшу.
— Без мяне, — сказаў Лазар і, каб не чуць упрошванняў, пабег да аўтобуса.
Яму саступілі месца побач з шафёрам. Той асцярожна вывеў машыну на дарогу, паціху паехаў па ёй, не запальваючы фар. Яны абсалютна не былі патрэбны: навокал усё ззяла пад месячным святлом. I толькі далёкі лес здаваўся чорным і вельмі таямнічым. Адтуль, з лесу, раптам наявілася хмара варання. У яркім святле поўні яны здаваліся чорнай хмаркай, што імкліва бяжыць з захаду на ўсход.
Яна гэтак жа як нечакана паявілася, так нечакана і знікла. Лазар Богша зноў залюбаваўся наваколлем. Яму прыгадаліся даўнія, яшчэ даваенныя ночы, калі, бывала, з хлопцамі і дзяўчатамі вось так, толькі пеша, вярталіся дзе-небудзь у мясаед з вечарынкі. Божа, якое гэта было непаўторнае хараство і як даўно яно было!..
Дарога метраў за сто зварочвала налева ў аб’езд возера Суі. Лазару раптам прыйшло ў галаву, што было б добра не проста прыгадаць тыя колішнія вандроўкі з вечарынак дадому, а прайсці па возеры зараз, у такую непаўторную месячную ноч. Ён папрасіў шафёра спыніцца.
— I я з вамі, — сказаў Юрка Місюк, каб на ўсякі выпадак падстрахаваць свайго рэжысёра.
— Не, — запярэчыў Богша. — Мне трэба пабыць аднаму. Я прыйду ў прафілакторый раней за вас.
Сапраўды, дарога па возеры была разоў у дзесяць карацейшая за тую, па якой пайшла машына.
Лазар Богша спыніўся на горцы. Адсюль ужо былі бачны агні прафілакторыя. Яны ззялі, як светлякі, якіх, бывала, збіралі ў лесе, садзілі на лацканы пінжакоў. У цёмную ноч светлякі ззялі вось такім жа яркім месячным святлом. Бывала, на жнівеньскіх вечарынках усе танцуюць са светлякамі на грудзях — здаецца, мільгае бясконцае мноства маленькіх месяцаў...
"Усяму, аднак, ёсць канец", — падумаў Богша.
Ён пайшоў па суйскім лёдзе, слухаючы, як пранозліва-звонка рыпіць пад нагамі снег. Было вельмі хораша, і ён пашкадаваў, што не дазволіў Юрку Місюку пайсці з ім. Хай бы пабачыў сапраўдную зімовую прыгажосць. Што яны бачаць, гэтыя цяперашнія гарадскія вундэркінды? Зорак і тых не бачаць...
За ягонай спіной, здалося, зусім побач, весела і звонка зарыпеў снег і пачуўся тупат конскіх капытоў. Богша здагадаўся, што тройка наганяе яго. Цікава, яны таксама паедуць кругом возера ці па лёдзе?
Богша азірнуўся.
Белая тройка, запрэжаная ў вазок, ляцела па заснежаным лёдзе проста на яго, Лазара Богшу...
ЧАСТКА ДРУГАЯ: жывыя здані
1
Белая тройка, запрэжаная ў вазок, ляцела па заснежаным лёдзе проста на яго, Лазара Богшу.
Читать дальше