Тадэвуш, Брытва, Конаўка, ну і другія
За Нёман хай нясуць галовы дарагія.
А мы тут на адсутных звальваць будзем віны
І на Плута, бо хопіць нам тут цяганіны.
Бывайце, не надоўга, бо ўсё ж ёсць надзея,
Што нам вясной зара свабоды заяснее
І край, што вас сягоння гоніць у вандроўку,
Як збаўцаў, хутка буцзе сустракаць вас зноўку.
Суддзя ўсё, што вам трэба, дасць вам на дарогу,
І я грашыма акажу вам дапамогу".
Было ўсім ясна: Падкаморы добра радзіў,
Бо хто з царом хоць бы адзін раз не паладзіў,
Той з ім ужо не змірыцца ніколі шчыра
І змушаны ці біцца, ці згніе ў Сібіры.
Дык у маўчанні сумным азірацца сталі,
Ўздыхнулі і галовамі ўсе заківалі.
Хоць наш зямляк, у чым усе даўно ўжо згодны,
І любіць больш жыцця і шчасця край свой родны,
Аднак яго пакінуць згодзіцца заўсёды,
Гатоў цярпець нястачы, здзек даўгія годы,
З людзьмі і лёсам ваяваць і ўсё падужаць,
Калі ў ім ёсць надзея, што радзіме служыць.
Дык заявілі ўсе, што выехаць гатовы,
Ды толькі Бухман не згаджацца меў асновы.
Разважны Бухман у змаганне не ўмяшаўся,
Але ў народзе голас свой падаць стараўся.
Праект знаходзіў добрым, толькі перайначыць
Хацеў яго, развіць, больш ясна растлумачыць,
А перш за ўсё яшчэ камісію назначыць,
Якая б эміграцыі раскрыла мэты,
Умовы, спосабы і іншыя сакрэты.
На жаль, сягоння шляхта часу мела мала,
Таму з тых Бухманавых рад не скарыстала.
Развітваюцца ўсе, каб у дарогу рушыць.
Суддзя стрымоўвае ў пакоі Тадавуша,
Ксяндзу гаворыць: "Расказаць намер я маю
Табе, што з дня ўчарашняга напэўна знаю,
Што наш Тадэвуш закаханы шчыра ў Зосю.
Хай перад выездам рукі яе папросіць.
Пытаў я ў Талімэны - не перашкаджае,
І Зося волю нашу згодай пацвярджае.
Няма як павянчаць іх сёння ў гэтай хвілі,
Дык можа б мы іх, браце, зараз заручылі,
Таму што сэрца маладое ў падарожных,
Як ведаеш, спакусаў многа мае розных.
А вось ужо, хоць маладому, пры пярсцёнку
Трудней забыцца будзе, што пакінуў жонку,
І так памалу ў ім гарачка прамінае,-
Такую сілу заручальны персцень мае.
Я сам афект вялікі меў таму год трыццаць
Да панны Марты, а дагэтуль не забыцца.
Былі заручаны мы, ды з Божай волі
Не суджана было нам мець шчаслівай долі -
Асіраціла беднага мяне Вайшчанка,
Майго прыяцеля дачушка, Грэчашанка,
І не пакінула на памятку нічога,
Апроч вось гэтага пярсцёнка залатога.
Дык гляну на яго, і мігам набягае
Яна на думку мне, і Бог мне памагае
Быць верным ёй і не забыцца век той страты.
Вось зараз я ўдавец, хоць і не быў жанаты
І хоць у Войскага і ёсць дачка другая,
Падобная да той, што мне так дарагая".
Пры гэтым, глянуўшы на персцень чулым вокам,
Слязу абцёр і ад душы ўздыхнуў глыбока.
"Дык як, заручыш іх?-спытаў.- Бо ёсць прычыны
Ён любіць і ёсць слова цёткі і дзяўчыны".
Але Тадэвуш падбягае ўсхваляваны
І кажа: "Ўдзячны я вам, дзядзечка каханы,
Што аб маім вы шчасці гэткі клапатлівы.
Ах, дзядзя! Невымоўна быў бы я шчаслівым,
Каб Зося сёння заручылася са мною,
Каб знаў, што будзе колісь жонкаю маёю,
Але скажу адкрыта: гэтае дзяўчыны
Пакуль што я не варт, на гэта ёсць прычыны...
Больш не пытайце. Зося ж, калі час назначыць
Чакаць, дык можа ўжо мяне другім убачыць,
Мо трохі лепшым буду, больш кахання вартым,
Даб'юся славы мо ў змаганні тым упартым.
Магчыма, хутка вернемся ўсе з вандравання,
Тады прыпомню, дзядзя, ваша абяцанне,
Тады, прыкленчыўшы, зноў Зосю прывітаю,
Застаўшы ж вольнаю, рукі ў яе спытаю.
А зараз жджэ мяне вялікая дарога,
І Зося можа палюбіць яшчэ другога.
Яе я звязваць не хачу, не маю права,
Не заслужыў я гэтага, і ўся тут справа".
Калі ён так з пачуццем гаварыў і з жарам,
Гарэлі шчокі юнака душы пажарам,
Як ягады, ў вачах дзве перлы зіхацелі
І ўніз з блакітных зрэнак хутка паляцелі.
Ды Зося, зацікаўлена, з глыбінь альковы
Сачыла за напрамкам гэтае размовы
І чула, як Тадэвуш проста, ясна, смела
Прызнаўся, што кахае. Сэрца задрыжэла
У яе, як слёзы ўбачыла ў вачах хлапчыны,
Ды зразумець была не ў сілах той прычыны,
З якой ён пакахаў і зараз пакідае.
Куды паедзе? Зося ж тога не жадае!
Вось сёння першы раз пачула нечакана
Вялікую навіну, што была каханай.
Пабегла к хатняму алтарыку святому,
Ўзяла іконку, ладанку - святыню дому.
На тым абразіку - святая Генавэфа,
А ў ладанцы рэліквія свяцейшага Юзэфа,
Читать дальше