О, Сак! Скуль злосці гэтулькі ў табе ўзялося?
Табе твайго учынку не даруе Зося!
Гервазы ўспамінаць пачаў старыя часы:
Ён, паясы звязаўшы, пограба запасы
Выцягвае наверх на радасць і на дзіва --
Сівухі бочкі, бочку дубняку і піва.
Адны з іх адчыняюць, а другія бокам,
Нібы мурашкі, коцяць з крыкамі, з падскокам
У замак. Там прадбачыцца начлег, вячэра
І штаба графскага галоўная кватэра.
Кладуць сто вогнішчаў. Вакол дыміць, сквярэцца,
Сталы пад мясам гнуцца і гарэлка льецца,
А шляхта есць і п'е, пяе, не заціхае.
Аднак паволі той-сёй дрэмле, пазяхае,
За вокам гасне вока, вось ківацца сталі
I, дзе пілі і елі, там паападалі -
Той з місай, а той з куфлем ля валовай чвэрці.
Так перамог і пераможцаў сон, брат смерці.
Кніга дзевятая. Бітва
Змест: Пра небяспекі, якія вынікаюць з бязладнага абозу. Неспадзяваная падмога. Сумнае становішча шляхты. Прыбыцце манаха прадвяшчае паратунак.. Маер Плут празмерным заляцаннем наклікае на сябе буру. Выстрал з пісталета - сігнал да бою.
Подзвігі Крапіцеля, учынкі і небяспека Мацька. Конаўка засадай ратуе Сапліцова. Коннае падмацаванне, атака на пяхоту. Подзвігі Тадэвуша. Паядынак камандзіраў перапынены здрадай. Войскі ўдалым манеўрам перацягвае шалю бою. Крывавыя подзвігі Гервазага. Падкаморы - еелікадушны пераможца.
А так храплі і гэтакім сном цвёрдым спалі,
Што іх не будзяць ліхтары, ні бляскі сталі,
Ні людзі, што напалі на безабаронных,
Як быццам павукі-касцы на мух паўсонных
Няхай якая бзыкне, ў той жа міг кат строгі
Спаўе ёй крыллі павуціннем, звяжа ногі.
А сон шляхоцкі быу цяжэйшы, чым сон мухаў
Не бзыкае ніхто, ляжаць зусім без духу,
Хоць сіла дужых рук іх брала, несла
I, як салому, адкідала ўбок і трэсла.
Ды Конаўка адзін, якому і ў павеце
Раўні не знойдзеш пры гарэлцы на банкеце -
Ён выпіць мог за раз не менш як дзве барылкі
І не ківацца, і гуторыць без памылкі,
Той, хоць і доўга піў, хоць і заснуў глыбока,
Ды знак жыцця даваў, адкрыў нямнога вока
І бачыць: што за мара? Два страшныя твары
Схіляюцца, на кожным з іх вусоў па пары,
Сапуць над ім і к вуснам бліжацца вусамі,
Рукамі ўзмахваюць, ківаюць карпусамі.
Спалохаўся, хацеў перахрысціцца скрыта,
Ды правая рука ля боку, як прыбіта.
Парушыў левай, ды дарма. Што гэта, духі
Так спавілі яго, як бабкі- павітухі?
Спалохаўся йшчэ больш, дык вока прымыкае,
Ляжыць, не дыхае - душа з яго ўцякае.
Крапіцель здумаў бараніцца, ды па часе!
Быў скручаны, ажно вяроўка упілася,
Але крутнуўся, прыпадняўся да паловы
I ўпаў на сонных, пакаціўся праз галовы.
Як рыба кідаўся па беразе пясчаным
І роў, нібы мядзведзь той ад смяротнай раны.
"Тут здрада!"- роў, і ўслед за ім тым самым складам
Узнялі крык другія: "Здрада! Гвалт! Тут здрада!"
А крык той далятае з рэхам да той залі,
Дзе Граф, яго жакеі і Гервазы спалі.
Гервазы ўміг прачнуўся, але дарма рвецца:
Так скручаны з мячом, што нават не кранецца.
Людзей чужых заўважыў ля акна ў прасветах
У вопратках зялёных, чорных спрэс кашкетах,
Узброеных. Адзін са стужкаю з павагай
Каманду падаваў. Паказваючы шпагай,
Шаптаў: "Вяжы, вяжы!" Жакеі на падлозе
Ляжаць у путах, Граф сядзіць у беднай позе
Без пут, але й без зброі. Са штыкамі грозна
Стаяць над ім удвух. Пазнаў іх, ды запозна!
Ах, маскалі!
Знаў Ключнік гэткія трывогі,
Не раз яму ў жыцці вязалі рукі, ногі,
Ды вызваляўся - рваў і путы і вяроўкі,
Бо дужы быў, сакрэты знаў і меў снароўкі.
Задумаў моўчкі ратавацца: жмурыць вочы,
Выцягваецца ўздоўж, нібыта ў сне і ўночы,
Падцягвае жывот і грудзі, жмецца дужа
І раптам корчыцца і дзьмецца накшталт вужа,
Што хвост і галаву зацягвае ў пярсцёнкі:
Так стаў Гервазы тоўсты, як спярша быў тонкі.
Вяроўкі падаліся, скрыпнуўшы аб косці,
Але не лопнулі. Ад сораму і злосці
Крутнуў Гервазы моўчкі твар крывы ад гневу
I абыякавы ляжаў, падобны дрэву.
Вось бубны вухнулі, уперад зрэдку, потым
Штораз гусцей грымелі клічам ці зваротам.
Пад той сігнал загад салдаты атрымалі
Жакеяў з Графам зачыніць пад варту ў залі,
А шляхту ў двор гнаць, дзе была другая рота.
Дарма злуе Крапіцель, рвецца з тых цянётаў.
А на двары ўжо мітусіліся, гудзелі
Падгайскія, Грачэхі, Бірбашы, Бяргелі-
Сябры і сваякі Суддзі, што наляцелі
Са зброяй у руках, пачуўшы аб нападзе,
Тым больш, што век былі з Дабрынскімі у звадзе.
Хто змог прывесці з вёсак батальён салдатаў?
Читать дальше