Адбілася, нібы ад скал, ад царскіх ротаў,
Што сцераглі Літву жалезнаю сцяною
Ад весткі для Расіі, як памор, страшное.
А ўсё ж не раз навіна, быццам камень з неба,
Ў Літву трапляла. Дзед, што рад куску быў хлеба,
Бязрукі ці кульгавы, дар прымаў набожна,
Але навокал азіраўся асцярожна.
Калі ж нідзе ў двары ярмулак не заўважыў,
Не бачыў ні салдат, ні ўлады царскай стражаў,
Тады казаў, кім быў: салдатам з легіёнаў,
Што нёс старыя косці да сваіх загонаў,
Бо сіл не меў іх бараніць. О, як прымалі
Яго, і як паны і слугі абдымалі
І плакалі наўзрыд! Тады, сагрэты ласкай,
Ен праўдай дзіўнай забаўляў усіх, як казкай.
Казаў пра тое ім, як генерал Дамроўскі
З Італіі прывесці хоча корпус польскі
Дамоў, сабраўшы сілы на Ламбардскім полі,
І як Князевіч жыў у замку Капітолі,
І як французам кінуў сто сцягоў крывавых,
Здабытых ад патомкаў кесараў шматслаўных,
Як з'ехаў Ябланоўскі ў край вясны бясконцай,
Дзе цукар вараць і дзе перац спее ў сонцы,
А лес цвіце духмяна. З Легіяй Дуная
Ён тужыць па сваіх і неграў пакарае.
Крадком навіна старца вокал вандравала,
І хлопца ў ціхай вёсцы часта спакушала:
Лясамі, праз балоты брыў ён ноччу цёмнай
І ад пагоні кідаўся ў глыбіні Нёмна,
Нырцом да Княжаства Варшаўскага падходзіў,
Дзе радасны прыём у землякоў знаходзіў.
Ды перш чым адысці, з узгорка ці з каменняў
Гукнуў праз Нёман маскалям: "Да пабачэння!"
Так перайшлі Гурэцкі, Пац і Абуховіч,
Пятроўскі, Абалеўскі, Ружыцкі, Яновіч,
Брахоцкі, Міжыеўскія, Бернатавічы
І Купсць, і Гедымін... ды ўсіх не пералічыш.
Бацькоў, край родны свой, маёмасць пакідалі,
Якую цараняты ўміг канфіскавалі.
Здаралася, ў Літву з манастыра чужога
Манах з'яўляўся і, асмелены нямнога,
Газету выпараў з-паміж сваіх шкаплераў,
А ў ёй быў спісаны дакладна лік жаўнераў
І камандзіраў прозвішчы, чыны і званні,
І іх геройстваў або смерцяў апісанні.
І першы раз за шмат гадоў сям'я пазнала,
Што сына недзе смерць ці пахвала спаткала.
Прымаў жалобу дом, не смеючы прызнацца,
Па кім яна была, і толькі здагадацца
Маглі суседзі. Толькі сум таёмны гэты
Ці радасць панская служылі за газеты.
Ксёндз Робак гэтакім манахам быў, здаецца.
Бывала, што ў пакоі ён з Суддзём запрэцца,
Пра штосьці гутарыць, а потым і навіна
Расходзіцца ў суседстве. Выгляд Бернардына
Казаў, што не заўсёды быў ён служкам Божым
І жыў не век за манастырскай агароджай.
Над правым вухам меў ён, трохі вышай скроні,
Кавалак скуры здзёрты ў шырыню далоні
І след у барадзе ад стрэлу ці мо ўдару.-
Не мог ля алтара ён так пашкодзіць твару.
І не адны шрамы, зрок, голас забіяцкі,
А кожны рух яго і голас быў салдацкі.
У час імшы, калі з паднятымі рукамі
Звяртаўся да людзей, гаворачы "Пан з вамі",
То часам павярнуўся гэткім спрытным рухам,
Нібы яму "кругом!" скамандваў хто над вухам,
І словы літургіі гэткім мовіў тонам,
Як быццам не служыў, а кіраваў швадронам.
Прыслужнікі заўсёды заўважалі гэта.
І ў справах палітычных, што кіравалі светам,
Больш Робак разбіраўся, чым у справах веры.
У горад часта ездзіў, нейкія паперы
Ці пісьмы атрымоўваў, ды ў чужых ніколі
Тых пісьмаў не чытаў. І іншых спраў даволі
Ў яго было: ён рассылаў ганцоў кудысьці
І часта ў ноч ішоў для нейкае карысці,
Паноў наведваў і са шляхтаю шаптаўся.
Знаёмая была яму і бедната ўся,
З сялянамі ў карчме любіў разгаварыцца
І ўсё пра розныя падзеі за граніцай.
Цяпер Суддзю, што спаў ужо каля гадзіны,
Ішоў будзіць, меў, пэўне, важныя навіны
Кніга другая. Замак
Змест. Паляванне з гончымі на асочанага. Госць у замку. Апошні з прыдворных расказвае гісторыю апошняга з Гарэшкаў. Позірк у сад. Дзяўчына ў агурках. Снеданне. Пецярбургскі анекдот пані Талімэны. Новы выбух спрэчкі за Кусага і Сокала. Інтэрвенцыя Робака. Прамова Войскага. Заклад. У грыбы!.
Хто з нас юнацкіх год не помніць, як, бывала,
Ішоў са стрэльбай полем, свішчучы удала,
Калі ні плот, ні вал ніякі не спужае,
Калі мяжа не спыніць нават і чужая.
Бо у Літве стралок, як тое судна ў моры,
Куды захоча, вольна ходзіць па прасторы.
Ён, як прарок, глядзіць у неба, дзе ў аблоку
Шмат знакаў для стралецкага адкрыта зроку,
Або з зямлёй гаворыць, што для мешчаніна
Глухая, а яму штось шэпча безупынна.
Вось драч на сенажаці рэзка адазваўся
I, як шчупак у Нёмне, у траве схаваўся,
Читать дальше