У Доме Літаратара сустрэўся з Іванам Чыгрынавым. Мы даўно не бачыліся і таму былі абодва радыя гэтаму спатканню. Усё-такі так доўга жылі ў адным доме, у адной школе вучылі дзяцей сваіх. Я ведаю Іванавы банапартызм і ўжо даўно паблажліва да яго стаўлюся. Праўда, мы ледзь не на ўсе існуючыя блізкія нам праблемы глядзім зусім іншымі вачыма. Вядома, ён сваімі, я сваімі. Але ж і ацэнкі нашы адных і тых самых з’яваў, падзеяў, людзей вельмі часта супрацьлеглыя.
Вось, напрыклад, высветлілася сёння: ён рэзка адмоўна ставіцца да Адама Мальдзіса і яго дзейнасці літаратуразнаўцы. Я вельмі паважаю гэтага выдатнага навукоўца, мілага чалавека. І зусім незразумелая мне чыгрынаўская нянавісць да нябожчыка Караткевіча. Ён абражаў яго як чалавека, не раз падкрэсліваў яго “мізэрнасць” (!?) літаратурную. Няўжо зайздросціць Валодзевай пасмяротнай славе, што ператварылася ўжо ў культ? Нечакана для мяне Іван Гаўрылавіч пачаў джгаць і У. Дамашэвіча (маўляў, сіянісцкі падпявала), якога я паважаю як прынцыповага, смелага беларускага дзеяча. Перапала, вядома, і Н. Гілевічу... Апошнія дзве антыпатыі я расшыфраваў: Івану зайздросна, што абодва сталі шырока папулярнымі пасля іх публічных выступленняў у абарону беларускае мовы.
Затое Іван знайшоў розум у галаве і сумленнасць у душы Алеся Бажко, чаго я там не бачу і не адчуваю, лічу гэтага чалавека 100%-ным чарнасоценцам. На маю рэпліку, што ён хваліць літаратара-кадэбіста, Іван адпарыраваў: “А ён адкрыта носіць гэтыя пагоны. Горш, калі мы ў некаторых, што іх маюць, не бачым.
І. Чыгрынаў нават не хаваў перада мною сваёй смяртэльнай крыўды на І. І. Антановіча, на Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, якія скінулі яго з сакратарскай пасады. Паглядзеўшы ў шэрае, набрынялае дажджом неба, Іван-“прарок” мовіў: “Я пераканаўся, што не сярод таго народу я нарадзіўся. А хіба ты не думаеш гэтак?” Я зразумеў сэнс пытання: і я таксама павінен крыўдаваць на свой народ, што не ацаніў і не ўзвялічвае Івана Чыгрынава. Я вярнуўся дадому вельмі ўстрывожаны настроем свайго таварыша. Ён, прама, ва ўпор гледзячы на мяне, сказаў: “Абрыдла мне, Міхал, жыць. Я хачу памерці. Во, каб толькі хутчэй Лену аддаць замуж…”. Я нямала паклаў намаганняў і спрыту, каб рассеяць гэтую яго асуджанасць.
18 жніўня 1987 году. Мікола Шэляговіч сёння звярнуўся да Савелія Паўлава з пытаннем: “Хто наклаў табу на палескамоўныя друкі?” У адказ пачуў прыемнае для сябе: і шматзначнае для гісторыі культуры: “Супакойся, гэтае, як ты кажаш, “табу”, ужо не існуе”.
Вось, калі ласка, чым не адкрытае прызнанне, што і ў перыяд “перабудовы, галоснасці і дэмакратыі” ўсё запраўляецца з аднаго цэнтра. Адным чалавекам! А калі гэты чалавек сталінскай закваскі? А тут менавіта такі ёсць!!?
19 жніўня 1987 году. Магчыма, а лепш нават сказаць “бадай што”, у нашай сям’і такія дні, як сённяшні, даволі частая з’ява. А заўважыў я іх “агульнасць” у вельмі розным толькі сёння. Мне падумалася, што гэта нейкі літаратурна-мемарыяльны дзень.
Ірынка рыхтуе радыёперадачу пра пакуты бацькоў, якія наважыліся аддаць сваіх першакласнікаў у беларускую школу. Трэба ўвекавечыць і на радыёстужцы нашае нацыянальнае жыццё ў першыя часы “перабудовы, галоснасці і дэмакратыі”. Увекавечыць “логіку” тых бюракратаў, хто супраць законных нашых патрабаванняў!
Галька думае над адказам паважанаму ў нашым асяроддзі англійскаму прафесару Макміліну на яго ліст да яе. Сённяшняя стадыя беларуска-ангельскіх (і наадварот) дачыненняў таксама вельмі просіцца ў гісторыю сусветнай культуры. Хіба не цікава будзе некалі пазнаёміцца з цяперашнімі савецкімі ўсё яшчэ трагладытамі, што не дазваляюць і баяцца такіх сувязяў. Але ж Галька пакуль што “не ўвекавечвае” status quo, а шукае нейкую пазітыўную і, вядома, лаяльную форму.
Наша Мама б’ецца над рэцэнзіяй на даволі адыёзную кнігу нейкага масквіча з не менш адыёзным прозвішчам, калі ўлічыць прадмет кнігі. Кніга прысвечаная кухні, ні больш, ні менш, а ўсіх народаў і ўсім стагоддзям. Прозвішча гэтага смелага аўтара – Похлёбкин. “Кніга” адрасуецца не толькі кухаркам і кухарам, але ж і… лінгвістам, журналістам, пісьменнікам, якія, маўляў, ні ў Даля, ні ў навейшых аналагічных і нават больш грунтоўных слоўніках шмат якіх прыведзеных тут словаў і тэрмінаў не знойдуць. Гэты Пахлёбкін яшчэ на стадыі рукапісу лічыць сваю кампеляцыю помнікам сусветнай культуры. Цікава, што скажа наш рэцэнзент – прызнаны аўтарытэт у пытаннях гігіены харчавання?
Я займаўся сёння сапраўднымі помнікамі – тымі, што ставяць памерлым. Няўдалыя захады ўдасканаліць праз т. зв. спецкамбінат надмагілле маёй нябожчыцы цёшчы прывялі мяне на Кальварыйскія могілкі. Тут доўга я хадзіў сярод старых магілаў.
Читать дальше