Зьніч
“… НА ТОЙ ЕДИНСТВЕННОЙ – ГРАЖДАНСКОЙ…»
… я малюся, каб вас не забілі,
Красавіцкай вясны вартавыя!...
каб мы першы запал не згубілі,
калі й дужы – ад стомы! – завые…
каб мы памяць ня здалі журбе,
што ў “спецхранаўскі” зьвязана клунак…
каб мы зьведалі: самі ў сабе
мы й пагібель нясём, і ратунак…
самі “…ўмылі Расію…” крывёй,
пелі катам “асанну” звонка…
і пачаўся ў Краіне маёй
“натуральны адбор” …падонкаў…
і узьлез самы хцівы зь іх
на скрываўлены, попельна-пыльны
трон… і ў процьме Сусьвету узьнік
“новы лад” – мафіёзна-дэбільны…
але, ўрэшце, на сьвеце – Вясна…
“мутагены” – і ў пекле магчымы!..
сьвет, напэўна, ўратуе – вайна
з прайдзісьветамі –
ў кожнай Айчыне!..
я, тутэйшага племені сын,
клічу ўсіх – ад Сіднея да Ніццы:
“Людцы, Гамлеты розных Краін,
мы паранены…
час – памірыцца…”
…высьпявае мой сьпеў пад цяжарам
шматаблічнага ката “ў цывільным”…
новы лад – з чалавечым тварам,
а не з тым – мафіёзна-дэбільным!..
[6 жніўня 1987 г.]
8 жніўня 1987 году. Першачарговы клопат беларускага паэта ў сталіцы. Хто б на што падумаў! Мабыць, перад усім згадваліся б літаратурна-творчыя і выдавецкія справы. Яшчэ, магчыма, падумалася б пра “тэхнічнае забеспячэнне” – там пра паперу, пішучую машынку і г.д.
Усё гэта было б натуральна. Але ж ёсць яшчэ важнейшыя цяпер клопаты ў сапраўдных беларусаў – дзе знайсці ў Мінску беларускую школу для сваіх дзяцей. Толькі гэтым цэлае лета і заклапочаны паэт Леанід Дранько-Майсюк. Ён свайму Васільку не ў стане знайсці такой школы. У бліжэйшай ад яго СШ №20, што на Камсамольскай вуліцы, яго слёзна прасілі, каб не пакідаў у іх сваёй заявы – бо ім будзе, маўляў, вельмі цяжка наладзіць навучанне на беларускай мове. Перапісаў ён сваю заяву на сярэднюю школу №42 на вуліцы Якуба Коласа, аднак яе не прынялі. Прычына – “Вы не належыце да нашага раёну”. Дзіўная прычына! Гэтая школа “з французскім ухілам”. Сюды возяць дзяцей з усяго гораду. На французскую мову. А вось на беларускую нельга. Тут ляжыць 25 заяваў у беларускі першы клас. Пачалася энергічная “апрацоўка” бацькоў, каб забіралі назад свае заявы. Трое ўжо скарыліся – забралі.
І ў гарадскім, і ў раённым аддзелах народнай асветы вырашыць пытання не хочуць, пасылаюць з адной школы ў другую.
Чым ўсё-такі скончыцца гэтая не зусім паэтычная эпапея беларускага паэта?
9 жніўня 1987 году. Недзе ў першай палове сакавіка М.М. пасадзіла незвычайную кветку. Гэта быў гваздзік з прэзентаванага мне Сакратарыятам СП букета да майго 60-годдзя. Калі букет сваё адстаяў, М.М., прыбіраючы яго, заўважыла, што адна расліна пусціла моцныя карэнні і сама зялёная, кусцістая. Гаспадыня адшчыкнула адзін флянсік і ўваткнула яго ў вазон. Парастак не разгубіўся ў новых умовах, ён хутка пайшоў у рост і ў сваю чаргу пачаў добра кусціцца, вымахаў угору аж на 75 см і нават шчодра абсыпаўся пупышкамі, ад якіх трэба было яго часткова вызваляць. І вось цэнтральны бутон распусціўся ў вялікую прыгожую ружовую кветку. Сёння-заўтра раскрыюцца яшчэ два бутоны.
Надоўга зацягнуўся мой юбілей! 29 ліпеня павіншавала “Литературная газета”, у палове жніўня зноў расцвітаюць гваздзікі, падораныя 4 сакавіка! Толькі вось Галя заўважыла, што юбілейныя “саюзпісьменніцкія” гваздзікі былі чырвоныя. Аднак у нашай хаце яны “пасаромеліся” свяціць гэтым колерам…
10 жніўня 1987 году. Сёння здаў у выдавецтва добрую нізку твораў Войцеха Жукроўскага. На працягу мінулага месяца пераклаў цудоўную невялічкую яго аповесць “Лёшка” і дзве навелкі – “Уваскрэслы Лазар” і “Прыяцель з Люлічанга”. Гэта ўсё мяркуецца надрукаваць у альманаху “Далягляды” у наступным годзе.
Прынялі рукапіс Барыс Сачанка і Васіль Сёмуха. Рэдактарам будзе Васіль. “Папярэдні свой прысуд вынесу паслязаўтра, у сераду”, – сказаў Васіль. Такія паскораныя тэмпы мяне задавальняюць. Паспець можна рэдактару і якасна прачытаць. Усё-такі амаль тры дні. Аб’ём рукапісу таксама “амаль тры” аркушы. А Васіль, я ведаю, можа хутка і старанна рабіць.
12 жніўня 1987 году. Васіль Сёмуха адобрыў сёння майго Жукроўскага не толькі “папярэдне”, як казаў, але ж і канчаткова. Ён даволі ўважліва вычытаў рукапіс, бо нарабіў трапных заўвагаў, выправіў адну цікавую памылку перакладчыка. Працаваў, відаць, не толькі маючы перад сабою польскія тэксты твораў (ён іх браў у мяне), але ж не ленаваўся зазіраць у добры слоўнік польскай мовы. Каб падлавіць перакладчыка. І падлавіў! Вопытны рэдактар і дарадчык. Калі яны, гэтыя рэдактары, і патрэбны, дык толькі такія – адукаваныя, шмат’языкія.
Читать дальше