2. Удумацца ў тэрмін “перабудова”: перабудоўваецца ж толькі тое, што дрэнна пабудавана. Нашая гаспадарка пабудаваная дрэнна.
3. Цяпер вучоныя-аграрнікі вельмі старанна вывучаюць працы і выказванні Леніна пра кааперацыю, асабліва сельскагаспадарчую. У выніку прыйшлі да думкі, што т.зв. суцэльная калектывізацыя – гэта грубае і недаравальнае адступленне ад ленінскага вучэння.
4. Пры гэтым метадзе знішчылі ці распусцілі ўсе шматлікія формы кааперацыі, пакінулі т.зв. сельгасарцелі, ці, як іх адразу ж і назвалі, – калгасы.
5. У час “ліквідацыі кулацтва як класу” адным махам ліквідавалі серадняка, а гэта той слой сялянства, на якога трэба было арыентавацца ў развіцці сельскай гаспадаркі.
6. Сталін рэпрэсаваў усіх дзеячаў, якія адважваліся мець сваю, а не яго, думку. Цяпер вучоныя ставяць пытанне аб рэабілітацыі не толькі Чаянава – эканаміста- аграрніка, але і Бухарына.
7. Тэмпы прыросту сельгаспрадукцыі цяпер вельмі нізкія ў краіне. Пасля вераснёўскага Пленуму ЦК КПСС 1953 г. яны пяць гадоў трымаліся недзе каля 6-7% у год. Пасля аднаго з “важных” Брэжнеўскіх пленумаў – палову гэтага. Цяпер, пасля шэрагу “найважнейшых” пленумаў – 1,5-2%.
8. Кожны рэгіён такой агромністай краіны, як СССР, павінен развівацца па-свойму. Напрыклад, у Казахстане цяпер пачалі арыентавацца на сямейны падрад: пачынаюць раздаваць сем’ям зямлю – да 2 га меліяраванай і да 10 га іншай. Літва заявіла, што іх шлях – хутары: згодна з іх планам за 5 гадоў значная частка сельскага насельніцтва рэспублікі будзе жыць і працаваць на хутарах.
9. Калгасы – лепшая форма, чым саўгасы. Саўгасы – бюракратычная арганізацыя, недэмакратычная, непаваротлівая.
10. Калгас “Чырвоны сцяг”. Цяпер ён прыняў пад сваю эгіду дзве адсталых гаспадаркі, у перспектыве далучыць да сябе яшчэ дзве. Агульная яго плошча будзе 20 тысячаў гектараў. Паступова складваецца цэнтр гаспадаркі. У ім будзе жыць 4 тысячы чалавек. Усе гарадскія выгоды не толькі камунальныя, але і бытавыя і асноўныя духоўныя – зайдросна багатыя школы агульнаадукацыйныя, музычная, харэаграфічная, мастацкая, мноства гурткоў пры іх і самастойных, драматычныя, харавыя, танцавальныя гурткі. Культывуецца ідэя вызваліць калгасніка ад сваёй падсобнай гаспадаркі. Мяса і малако будзе ўдосталь прадавацца ў калгасе. Калгаснік пасля напружанай працы ў грамадскай гаспадарцы не павінен займацца яшчэ і сваёй, а культурна адпачываць – на прыродзе, у канцэртнай зале, у кіно, перад тэлевізарам. Культработнікаў тут ужо цяпер больш, чым усякіх “начальнікаў”: аграномаў і заатэхнікаў – 4, а культработнікаў – 12.
11. Пры наяўнасці гучных лозунгаў пра “няспынныя клопаты аб чалавеку”, чалавек стаіць у краіне на апошнім месцы сярод яе асноўных і неасноўных клопатаў. Скажам, адзін урач даецца ў жывёлагадоўлі на 700-800 галоў, а ў грамадстве нашым – на 3 тысячы чалавек. Усе 70 гадоў СССР развіваўся за кошт бессаромнай эксплуатацыі сялянаў. У гарадах – метро, а 90% вёсак – непралазныя, непраходныя. Ёсць дзесяткі тысячаў прыкладаў жахлівай сацыяльнай няроўнасці ў савецкім грамадстве.
12. Краіну раз’еў бюракратызм. Трэба ўсякі партыйны, дзяржаўны, кіраўнічы апарат скараціць на 90%. Райкамы, абкамы і г.д. не маюць права ўмешвацца ў справы першых кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацыяў, установаў. Няхай займаюцца іх партарганізацыямі.
На працягу гэтай цікавай сустрэчы зала некалькі разоў выбухала гучнымі і працяглымі воплескамі. С. Шарэцкаму ўручылі на ўспамін новае выданне Янкі Брыля. Ён, дзякуючы за прэзент, сказаў, што любіць гэтага пісьменніка, свайго земляка. Варта было б паднесці такому дакладчыку і кветкі. Але ці не здагадаліся арганізатары, ці паленаваліся. А ў мяне кватэра тоне ў кветках, свежых, маглі б, каб ведалі, прыбегчы да мяне, тут усяго некалькі крокаў. Ёсць і цяпер арыгінальныя экземпляры, скажам, ружа “Хамелеон”: на адной сцябліне, ці кусце, і белыя, і ружовыя, і аранжавыя, і чырвоныя, дый кожная кветачка час ад часу мяняе колер – ад белага – да карычневага.
Былі і т. зв. спрэчкі – для пратаколу, для райкаму, паколькі мерапрыемства афармляецца як партсход. Цікавым было выступленне Барыса Сачанкі. Ён днямі прыехаў з Польшчы. Параўнаў сельскую гаспадарку СССР і тых краінаў, дзе ён быў. Пра Польшчу: мы ў гэтых адносінах і ад яе адсталі, сказаў ён, таму дэманстратыўна замоўчваем яе поспехі. Сказаў, што ў ПНР нераўнамерна развіваюцца розныя рэгіёны. Напрыклад, Лодзінскі рэгіён моцна адстае ад Познанскага. А ўмовы быццам бы і аднолькавыя. У чым справа? – задумваліся палякі. Адказ знайшоўся: да рэвалюцыі ці да канца першай сусветнай вайны Лодзіншчына была пад Расіяй, а Познаншчына – пад Германіяй. А што тычыцца, скажам, Галандыі, – заключае Барыс, – дык нам яе наогул не дагнаць…
Читать дальше