Некаторыя ж з гэтых гарадоў дапусцілі яшчэ больш небяспечныя маладзёжныя аб’яднанні – палітычнага характару. Тут маецца на ўвазе “нацыянальны” ці нават страшны “нацыяналістычны” ухіл. Маланкі “дзядзькаў” шпурляюцца ў Мінскую “Талаку” і яе гомельскую цёзку, у гродзенскую “Паходню”. Аўтары гэтага афіцыйнага даносу вельмі незадаволены праведзеным гэтымі арганізацыямі водным ралі па Дзвіне 29 красавіка г.г. Гэта была, як мне вядома, выдатная патрыятычная акцыя, накіраваная на тое, каб узняць беларускае і латышскае насельніцтва супраць затаплення вялікіх плошчаў пад вадасховішчам праектуемай ГЭС.
Аўтары ж гэтага дакументу скуголяць, што натхніцелі ралі мелі на мэце распаліць нацыяналістычныя настроі сярод моладзі. Ёсць у запісцы вельмі непрыемны “партыі і ўраду” факт. Яго назвалі, каб, сказіўшы, апраўдацца: 7 красавіка прадстаўнікі савецкай улады забілі 26-гадовага гімнаста з Гродненскага фізічна-аздараўленчага камбіната – А. І. Каржылава. Заднім чыслом цяпер на яго навешваюць нейкія злачынствы. Матыў забойства – “попытка к бегству” (!!!). Далей нават паведамляецца, што магілёўскія “металісты” 24.IV і гомельскія “металісты” 15.V (дзень нараджэння забітага) правялі “Дзень помсты за бязвінна загінуўшага героя”. Прадугледжваецца ў сувязі з усім гэтым шэраг падкупальных, драконаўскіх, лазутна-шпіёнскіх і нават штрэйкбрэхераўскіх мер. Усё згадзіцца дзеля выратавання “марксісцка-ленінскай ідэалогіі”.
5 ліпеня 1987 году. Доўга шукаў прычыны свайго нечаканага ўзбуджэння, хвалявання. Аж нарэшце разабраўся, у чым справа. Гэта з радыёдынаміка няспынна даносяцца да маіх вушэй нейкія грубыя выкрыкі. Прыслухаўся і чую – нейкі дэбіл лае рэлігію, веру ў Бога, асабліва не шкадуе сліны на каталіцкую царкву і яе іерархаў. Падыходжу бліжэй. Якраз гэты чырвоны гебельс накінуўся на Яго Святасць Яна Паўла ІІ, пасля на польскае духавенства. Пропаведзі многіх названых ім ксяндзоў параўнаў з гебельсавай прапагандай.
– Мабыць, ён, – кажа Галя, – пачуў, што ты яго назваў гебельсам і ў такім стылі вырашыў адпомсціць табе.
І цяпер я пераканаўся ў слушнасці маёй ацэнкі гэтага шаленца. У канцы перадачы паведамілі, што выступаў кандыдат філасофскіх (чытай: “малпіных”) навук нейкі Казімір Канстанцінавіч Койда (?).
Я ўдакладніў па радыёпраграме гэты сапраўды малпіны спектакль. З 12 гадзін 40 хвілінаў да 13 гадзінаў, чытаю там, – “Трыбуна атэіста: “Працягваем размову аб каталіцызме”. Працягвалі, значыць. Колькі ж ужо бруднай сваёй сліны выпусцілі дагэтуль у эфір гэтыя малпіны вырадкі! Ледзь не кожны дзень чуеш па радыё, ці бачыш на тэлеэкране альбо на газетных старонках гэтыя злосныя вылазкі супраць духоўнасці чалавека.
8 ліпеня 1987 году. Зусім незвычайны партыйны сход праведзены сёння ў маім выдавецтве. На “парадку дня” стаяла адно пытанне – пра сучасную вёску і адлюстраванні яе ў літаратуры. Дакладчык – старшыня калгасу “Чырвоны сцяг” Валожынскага раёну доктар эканамічных (а можа, сельскагаспадарчых?) навук Сямён Георгіевіч Шарэцкі.
Крыху меней трох гадоў таму Сямён Шарэцкі – загадчык кафедры Мінскай вышэйшай партыйнай школы – з групай маладых навукоўцаў папрасілі паслаць іх у адзін з адсталых калгасаў і яны створаць там “гаспадарку ХХІ стагоддзя”. Паслалі.
Праз два гады ўсе ўбачылі, як хутка гаспадарка ідзе ўгору. Так, напрыклад, Шарэцкі са сваімі хлопцамі прынялі гаспадарку з доўгам каля 10 мільёнаў рублёў, з надоямі па 1900 кг малака ў год. Цяпер адпаведна гэтыя лічбы складаюць: 6; 2800.
Летась гаспадарка дала невялікі, але прыбытак – каля двух мільёнаў рублёў. Разгорнутае там па-сапраўднаму вялікае будаўніцтва: пабудавалі 4 магазіны, завяршаецца будаўніцтва больш за 30 катэджаў для спецыялістаў. Да іх ахвотна едуць славутыя артысты, некаторыя, як, скажам, Людміла Зыкіна, пабывалі па некалькі разоў. Калгаснікі ідуць на канцэрты таму, што маюць для гэтага час: напрыклад, даяркі і іншыя работнікі працуюць ужо не 16 гадзінаў, як раней, а 7 (дарэчы, і атрымліваюць не “палачкі” пустапарожнія, а ў сярэднім па 250 рублёў у месяц).
Кадры: 7 кандыдатаў навук, 100 чалавек з вышэйшай адукацыяй (доктара навук я назваў раней, некалі ён 10 гадоў ужо быў старшынёю калгасу).
І ўсё-такі не ў тым ядро гэтай, можна сказаць, публічнай, лекцыі (партсход быў адкрытым, прысутнічаў увесь калектыў выдавецтва), а ў вобразе мыслення самога лектара. Вось некаторыя тэзісы яго выступлення:
1. Зараз народная гаспадарка СССР у вялікім паходзе – гэта ўсе бачаць. Але не шмат хто разумее, што цяпер ніхто не можа сказаць, да якога берагу яна прыб’ецца.
Читать дальше