– Каса, – кажа ён. – Абшчак. Агульная каса, якая фарміруецца агульнымі высілкамі. Скарочана – АК.
Чапай, страціўшы нас з Васем, трымаецца дзьвюма рукамі за апошняга суразмоўцу – Сабаку.
– Рабочая каса, – кажа Чапай. – Ніякіх банкаў. Банкі – гэта наёбка.
– Фікцыя, – падказвае Сабака.
– Дакладна.
Нейкую хвіліну яны маўчаць, я зноў засынаю, але тут Чапай кажа:
– У прынцыпе, – гаворыць ён, – тут таксама ёсьць каса.
Сабака разгублена акідвае вокам пакой
– На заводзе, – тлумачыць Чапай. – Наш дырэктар трымае яе ў парткаме. Колішнім парткаме, – дадае ён.
– Ну? – Сабака насьцярожваецца. Я таксама прачынаюся.
– У прынцыпе, – працягвае Чапай, – сёньня выходныя, ахова толькі на вахце. Тэрыторыю абыходзяць двойчы на зьмену. Я ведаю іхны маршрут і расклад.
– Ну?
– У прынцыпе, – удакладняе Чапай, – гэта не ягоныя грошы. Не ягонай працай заробленыя. Гэта трудавыя грошы. Абшчак.
– Як у Маркса? – пытае Сабака.
– Як у Маркса, – згаджаеца Чапай. – Можам узяць.
– Вы што, – кажу я прачнуўшыся, – ёбнуліся? Замятуць адразу. Ты што, – кажу Сабаку, – ня бачыш? – ён жа паехаў на сваім пыху, ён жа зараз не з табой размаўляе, ён жа з Карлам Марксам гаворыць, прычым гамбургскага пэрыяду.
– Менш трындзі, – крыўдзіцца Чапай. – Ніхто цябе не замяце. Ахоўнікаў ўсяго двое. Гэты завод рэгулярна хтосьці бамбіць, пачынаючы з дырэктара. Тут ужо красьці няма чаго.
– Ну, – кажу, – а за якім херам мы туды палезем?
– Я сёньня бачыў, – сьцішвае голас Чапай, – як дырэктар нешта ў сябе пакаваў.
– Што?
– Ня ведаю. Можа, бабкі, можа, апаратуру. Да яго раніцай прыяжджалі акцыянэры, падагналі мікрааўтобус, і яны туды пачалі выносіць нейкія скрыні. Забілі пад завязку салон і паехалі. А некалькі скрыняў засталося, я сам бачыў.
– Ну, да, – кажу, – там падшыпнікі якія-небудзь, а мы падстаўляцца будзем.
– Ды няма ў яго, – шэпча Чапай, – ніякіх падшыпнікаў. А калі і ёсьць – у парткаме ён іх не трымае. Там бабкі. Або апаратура. Ён, сука, замкі нават зьмяніў, я сам бачыў.
– Замкі?
– Замкі.
– Тады як мы туды залезем? – не разумею я.
– Праз дах, – кажа Чапай. – Я ведаю спосаб. Толькі трэба зараз ісьці, пакуль яшчэ сьветла, і пераседзець на даху гадзіны да другой – да трэцяй, пакуль ахоўнік пройдзе. Потым спусьцімся і ўсё вынесем. Усё чыста, ніякіх сьлядоў.
– Ён жа адразу цябе вылічыць, – кажу.
– У мяне алібі, – кажа Чапай.
– А, сапраўды, у яго трыпер, – шэпча мне Сабака, думаючы, што Чапай яго ня чуе.
20.45
Мы згаджаемся ісьці. Бяз Васі. Я кажу – давай так: Вася застанецца тут, тыпу на пасту, разумееш? ён у прынцыпе наш, і давай яго таксама лічыць, але ён зараз на пасту, Вася ў гэты час пераварочваецца на іншы бок і падае з крэсла. Мы падымаем яго спакутаванае цела і перакладваем на тапчан, я з падазрэньнем гляджу, што там Чапай сабе насьцяліў, а то мы з Васем пакуль жывем у адным пакоі, яшчэ прыцягне што-небудзь, ну, хопіць, думаю, і мы ідзем. Чапай нас праводзіць па вячэрнім заводзе, празь нейкія напаўразваленыя цэхі, дзе бегаюць шчуры і лятаюць птушкі, сапраўдны табе запаведнік, Сабака наступае на нейкую мэталічную херовіну і тая глуха бразгае, ціха, сычыць Чапай, асьцярожна, ён праводіць нас яшчэ па нейкіх калідорах, на падлозе валяюцца старыя газэты і дранае спэцадзеньне, потым мы праходзім пад самым плотам, асьцярожна, кажа Чапай, што такое? насьцярожваемся мы, не наступіце, коратка тлумачыць Чапай, мы асьцярожна перабягаем пад нацягнутым уздоўж плоту калючым дротам і апынаемся за нейкай чатырохпавярховай цаглянай будынінай, пакрытай новым шыферам. Усё, кажа Чапай, гэта парткам. Палезьлі.
Чапай лезе першы, бо ведае куды. Перад гэтым ён скідае свае кеды і хавае іх у кішэнях спартовых штаноў, што ты робіш? кажу, гэта для зручнасьці, кажа Чапай. Усё – пайшоў, і ён сапраўды чапляеца за ніжнюю галіну дрэва над самай сьцяной, рыўком падцягваецца, сядае на яе, потым устае і пачынае лезьці ўгору, пуцём, крычыць нам адтуль, чаго? не разумеем мы, я кажу – усё пуцём, паўтарае Чапай, галіна пад ім трашчыць, і ён ляціць проста на нас, я пасьпяваю адскачыць, а на Сабаку ён і ня трапіў, эх, абтрасаецца Чапай, трошкі не далез, давай ты – гаворыць ён мне, ага, кажу, зараз, не хапала яшчэ зваліцца з чацьвёртага паверху на ўсю гэтую купу гаўна, давай, кажу, нейкі іншы ўваход. Ну добра, кажа Чапай, добра. Можна проста празь дзьверы зайсьці. Яны што – не зачыненыя? пытаюся. У мяне ёсьць ключ, тлумачыць Чапай, а падрабіў. Дык навошта ж ты, підар, прымушаў нас лезьці на гэтае хуёвае дрэва? Так больш прыкольна, – кажа Чапай і вядзе нас да ўваходу. Мы перабягаем празь невялічкую пляцоўку, нідзе сапраўды нікога няма, але я так разумею, што ахова можа зьявіцца калі заўгодна, Чапай хутка адмыкае дзьверы, і мы сігаем унутр. Так, – Чапай пераводзіць дых, – цяпер наверх, там перчакайма да ночы, ахова пройдзе – залезем у парткам. А можа ў цябе і ад парткаму ключы ёсьць? пытаюся я з надзеяй, можа, ня трэба нічога ламаць? Былі, гаворыць Чапай, але гэтая сука замяніла, я ж казаў. Думаеце, для чаго я вас узяў – я сам дзьверы ня выламаю. А, кажу, я думаў таму, што мы сябры. Троцкі сраны, – шэпча Сабака. Усё-усё – рашуча кажа Чапай, наверх, патруль пройдзе, зламаем дзьверы і назад, наступнага разу яны зайдуць сюды ажно раніцай.
Читать дальше