– Што – фікцыя? – не разумею я, спрабуючы адабраць папяросу.
–Усё фікцыя, – падумаўшы, адказвае Чапай. – Пралетарыят самадастатковы. Таму ідэальным і ідэалягічна правільным ёсьць прынцып базысных левых ячэек, так званых БЛЯ. Базысная левая ячэйка, сама па сабе, таксама самадастатковая.
– Слухай, – кажу, – твой Маркс, ён жа проста Будда нейкі.
– Ужо не кажучы пра Энгельса, – устаўляе Вася скрозь сон.
– Вось. Кожная БЛЯ фарміруецца па прынцыпе мурашніка. Асновай такога фарміраваньня зьяўляецца асобна ўзятае прадпрыемства, там, завод, фабрыка, ці яшчэ нейкая байда. І вось вакол гэтай байды зьбіраецца БЛЯ, як мурашы вакол мурашніка.
– Да? – пытаюся. – А хто выконвае ролю мурашынае каралевы?
– Парткам, – упэўнена кажа Вася.
– Ага, – кажу. – Значыць трахаць усе будуць парткам?
– Парткам, – упэўнена паўтарае Чапай.
– Добра, – пагаджаюся. – Ну, а далей?
– І гэта ўсё, – гаворыць Чапай. – Па гэтым прынцыпе будуецца жыцьцё грамадства, калі верыць Марксу.
– А ўлада? – пытаюся я.
– Улада не патрэбная. Улада ў гэтай сыстэме лішняя. Улада – гэта таксама фікцыя. Вось табе, – зьвяртаецца Чапай да Сабакі, спрабуючы выманіць у яго папяросу, – улада патрэбная?
– Не, – адказвае Сабака, – мне не патрэбная.
– А табе? – Чапай зьвяртаецца да мяне, не спускаючы пры гэтым аднаго вока з папяросы.
– Ну, нейкая першасная, – адказваю, – мінімальная...
– Вось, – урачыста прамаўляе Чапай і вырывае папяросу ў Сабакі. – Вось. Першасная. Менавіта пра гэта я і кажу. Неабходная толькі першасная ўлада, улада, збудаваная па аўтаномным прынцыпе. Усё іншае – фікцыя. Уся іншая, больш структураваная ўлада, не функцыянуе. Адпаведна, яна і не патрэбная, – і ён перадае мне папяросу як нейкі, толькі што выйграны мной, прыз глядацкіх сымпатый. На Васю мы ўсе забываемся, ён на нас – таксама. Наагул, – працягвае Чапай, – непатрэбныя і большасьць структураў і інстытуцый, таму належыць усё гэтае гаўно раздрабніць і паступова зьнішчыць.
– І што твой Маркс прапануе Энгельсу ў замен? – пытаюся я.
– Прынцып ПыХ, – кажа Чапай.
– Як-як? – нават Сабака перапытвае.
– Пралетарская Хартыя, – гаворыць Чапай.
– Пралетарская Хартыя – гэта ПХ, а ня ПыХ, – кажу я.
– Так, я ведаю, – адказвае Чапай. – Гэта для мілагучнасьці. Прынцып ПыХ дае ўсяму гэтаму ход, Хартыя пры гэтым выконвае ролю элементарнага яднальнага мэханізму. Прыпыняецца ўсё далейшае накапленьне капіталу і пачынаецца ягоны паступовы распад.
– Як гэта?
– Усё вельмі проста, – Чапай зноў прыкладаецца да крывавага слоіка. – У прынцыпе, у выніку папярэдняга беспрычыннага і маламатываванага накапленьня капіталу адбылося перанасычэньне сродкамі жыцьцядзейнасьці, і як вынік – адзіным лягічным варыянтам у гэтай сытуацыі выступае распад існуючых запасаў.
– Гэта як?
– Ну, – спрабуе патлумачыць нам Чапай, – карацей, насамрэч нічога вырабляць ня трэба. Кожная асобна ўзятая БЛЯ можа вольна жыць некалькі дзясяткаў год за кошт ужо існуючага патэнцыялу. Гэта значна спрашчае сам мэханізм функцыянаваньня грамадства. На практыцы гэта адбываецца прыблізна так – вось, скажам, наш завод. Вакол яго ўтвараецца БЛЯ, якая, у сваю чаргу, падпарадкоўваецца гарадской ПыХ, кожная БЛЯ бярэ на сябе пэўную колькасьць аб’ектаў агульнагарадской інфраструктуры, захоплівае ўладу і ўсё гэта расхуячвае.
– Навошта? – не разумею я.
– У гэтым і палягае сутнасьць прынцыпу пэрманэнтнага пахуізму, – кажа Чапай. – Мы нішчым структуру і харчуемся атрыманай сыравінай. Напрыклад, захопліваем банк і бабкі выдаткоўваем на жыцьцё ды функцыянаваньне БЛЯ, захопліваем гандлёвыя цэнтры і ўсе шмоткі раўнамерна разьмяркоўваем сярод чальцоў БЛЯ, захопліваем канторы і ўсю бытавую апаратуру забіраем сабе, захопліваем тачкі і пускаем іх на патрэбы ячэйкі.
– Захопліваеце фэрму і раздаеце ўсім па карове, – раптам устаўляе Сабака.
– Так, – гаворыць Чапай, – так. Адным словам, таварышы з данецкага абкаму падвялі пад усё гэта эканамічную базу, пералічылі ўсё, зрабілі сур’ёзныя маніторынгавыя апытаньні, – Чапай дастае нейкія сшыткі і размахвае імі ў паветры, – выходзіць так, што існуючая грамадская інфраструктура, уся цяперашняя база капіталу, здатная пракарміць сябе саму, як мінімум, на працягу бліжэйшых 67 гадоў.
– А пасьля?
– Ну, што пасьля? – разгублена кажа Чапай. – Пасьля штосьці прыдумаем. Тэорыя, у прынцыпе, новая, яшчэ не апрабаваная на практыцы, у яе рэальна ўнесьці нейкія карэктывы. Але цалкам, – паўтарае ён, – ня трэба замарочвацца на далейшым нарошчваньні вытворчасьці, наадварот – вытворчасьць належыць максымальна скараціць, закансэрваваць, адным словам, а прыродныя рэсурсы – максымальна эканоміць, паколькі на бліжэйшыя 67 год хопіць і таго, што ёсьць.
Читать дальше