23.05
Ісус ня можа быць залачоным – кажа мне Ісус. Чаму ня можа? зьдзіўляюся. Гэта немагчыма, кажа ён, гэта ня ў тэму. Чаму ж тады цыганы думаюць, што ты залачоны? Цыганы, кажа ён, ведаюць, што я не залачоны, проста яны хаваюць гэта ад усіх іншых. Дзеля чаго? не разумею я. А дзеля таго, каб дыстанцыявацца ад астатніх, цыганы, – кажа Ісус, – карпаратыўныя, ім не патрэбна прыманьне іх веры іншымі, разумееш? Яны спэцыяльна стварылі залачоны вобраз Ісуса, каб усе думалі, што яны, цыганы, лічаць, што Ісус залачоны. Насамрэч яны лепш за іншых ведаюць, што я не залачоны. Але ўсё-ткі – чаму ты не залачоны?
Але Ісус не адказвае. Я толькі бачу перад сабой цяжарную Марыю і пад яе скурай, у яе жываце, лёгка пераварочваецца малы, яшчэ не народжаны Ісус, і нешта мне распавядае, і вось нарэшце змоўк, здаецца, я яго расчараваў, таму ён проста бавіцца пад скурай сваёй багародзіцы, пераварочваеца там, як касманаўт у стане бязважкасьці, кранаючыся вуснамі, і сьпінай, і іншымі часткамі скафандра тонкіх падатлівых сьценак, што атачаюць яго, плавае сабе ў мацярынскім улоньні, час ад часу падплываючы да паверхні і штурхаючы яе зь сярэдзіны, тады яго ножка або галоўка, або антэны прагінаюць Марыіна цела, і з-пад яе грудзей, ці з-пад яе жывата, як з гумовага шарыка, выпінаецца Ісус, які, у адрозьненьні ад мяне, ведае, што ніякага цела не існуе – ні майго, ні Марыінага, ні ягонага ўласнага, і што ўся скура нацягнутая цыганамі на крохкія і балючыя целы нашых каханьняў і нашых смуткаў проста дзеля таго, каб ніхто ня ведаў, што насамрэч ніхто і ні ў чым нас не абмяжоўвае, і што можна плысьці куды хочаш – няма ніякіх сьценак, няма ніякіх перасьцярогаў, няма нічога, што магло б цябе спыніць; і калі ён у чарговы раз дэфармуе яе скуру, акурат пад горлам, Марыя весела сьмяецца, бліскаючы вострымі зубамі, і я бачу, як яе нёба асьвятляецца аднекуль зьнізу мяккім залацістым бляскам, і гэтае залацістае зьзяньне перамешваецца зь белым густым малаком у яе лёгкіх, тады бляск цямнее і пераліваецца, і вочы ў яе – зялёныя-зялёныя.
19.60.93 (субота)
02.15
– Слухай, – альбо пайшлі ламаць дзьверы, альбо валім дахаты Я ўжо ўвесь мокры. Сабака, вунь, здаецца, наагул памёр.
Чапай падыходзіць да Сабакі і гідліва кранае яго сваім кедам.
– Нічога ён не памёр, – кажа. – Проста сьпіць моцна.
Дождж усё сыплецца, хопіць, кажа Чапай, мабыць, час ужо, гэта ты як, кажу, па зорах зарыентаваўся? па якіх зорах, крыўдуе Чапай, я проста чуў, як ахоўнік заходзіў, хвілін 15 таму, так што можам ісьці – мы будзім Сабаку, той спачатку не разумее, дзе ён і хто мы такія, але паступова вяртаецца ў прытомнасьць, і мы спускаемся ўніз.
2.25
Парткам на другім. Мы стаім каля дзьвярэй, значыць так, тлумачыць Чапай, ты – паказвае на мяне – ідзі ўніз да дзьвярэй, ты – паказвае Сабаку – будзеш мне дапамагаць, зараз я знайду што-небудзь цяжкае, і мы стукнем па дзьвярах, ды ладна, кажа Сабака і з нагі высаджвае дзьверы, – будзем тут ябацца яшчэ паўгадзіны, я задаволена ўсьміхаюся, я бы і сам – кажа Чапай, – выбіў, але ў мяне ж кеды, так, дадаю я, і трыпер. Мы хутка пераварочваем усё ў пакоі – дзьве шафы з паперамі, у адной пачатая пляшка каньяку, Сабака адразу ж пхае яе ў кішэню штаноў, дзьвюхтумбавы стол, начынены розным канцылярскім гаўном, як гамбургер халестэрынам, шнарым па падваконьнях, глядзім на стале, шукаем які-небудзь схоў, альбо хаця б невялічкі сэйф, што заўгодна, і раптам у кутку бачым тое, што шукалі – скрыню з-пад ксэракснай паперы, заклееную і запячатаную зьверху. Месяцовае зьзяньне прабіваецца скрозь жалюзі на вокнах і драпежна паблісквае на сьвежым сургучы. Яно – кажа Чапай. Я спрабую падняць скрыню, у прынцыпе яна ня надта цяжкая, можа быць. Што, кажу, бяром? Канешне бяром, кажа Чапай, бяром, давай, цягні яе да мяне, там паглядзім. Можа, яшчэ пашукаем? прапануе Сабака, здаецца, адчуваючы нешта, усё-усё, – нэрвуецца Чапай, досыць, валім адсюль. І мы выходзім з пакою, асьцярожна спускаемся ўніз, Чапай нешта мудруе з замком, нарэшце мы апынаемся на вуліцы, Чапай зачыняе за намі і мы вяртаемся дахаты – наперадзе я са скрыняй, за мной Сабака і ў канцы Чапай, ляпаючы кедамі па калюжынах.
2.55
– Зрывай сургучы! – кажа Чапай Сабаку.
– Што гэта? – Вася таксама прачынаецца і спалохана сочыць за намі з тапчана.
– Усё нармальна, – кажу, – ня бойся, – ты таксама ў долі.
– У якой долі? – баязьліва пытаецца Вася.
– Зараз убачыш, – кажу.
Сабака знаходзіць між зьмеевікамі шырокі кухонны нож і зразае пячаткі, павольна ўсё гэта размотвае і разгортвае, хутчэй, хутчэй! прысьпешвае Чапай, але Сабака робіць усё ўпэўнена і нясьпешна, адкрывае каробку і кажа – о, помнік! дастае адтуль бюст вышынёй недзе з паўмэтры і ставіць яго на табурэт.
Читать дальше