Мемарыял абвяшчаў тыповыя мэты буржуазнай рэвалюцыі. Але надзеі на падтрымку Францыі не спраўдзіліся і Касцюшка вымушаны быў вярнуцца, не атрымаўшы ніякай канкрэтнай дапамогі. Знаходзячыся на эміграцыі ў Ляйпцыгу, Касцюшка падтрымліваў сувязь з рознымі патрыятычнымі дзеячамі, якія рыхтаваліся да паўстання. Сярод іх пэўна вызначыліся дзве плыні — памяркоўных, якія жадалі захаваць становішча, што існавала да ўварвання замежных войскаў, і больш радыкальных, якія імкнуліся далучыць да паўстання шырокія пласты месцічаў і сялянаў. Да гэтага кірунку належаў і Касцюшка, які заяўляў: «Ваяваць толькі за шляхту не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяравацца жыццём» {8} 8 Kopczewski J. S. Tadeusz Kościuszko. Warszawa, 1971. S.61.
.
У 1794 годзе актывізавалася падрыхтоўка паўстання, якое павінна было пачацца адначасова ў Кракаве, Варшаве, Вільні. Падрыхтоўкай паўстання кіравала група патрыётаў, вымушаных выехаць у Ляйпцыг і Дрэздэн. Сярод іх, акрамя Т. Касцюшкі, былі Г. Калантай, І.Патоцкі ды інш. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай дзейнічалі таемныя хаўрусы і таварыствы прыхільнікаў паўстання на чале з І.Дзялынскім, К. Прозарам і інш. Касцюшка разумеў, што пры слабасці гарадской буржуазіі і забітасці паднявольных сялян на барацьбу трэба было ўзняць і прагрэсіўна настроеную шляхту. Аднак гэта вяло да кампрамісу і ў пэўнай ступені адштурхоўвала сялян ад актыўнай барацьбы, бо пераважная бальшыня шляхты не жадала сацыяльнай рэвалюцыі, а імкнулася толькі да аднаўлення парадкаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй 3 траўня. Гэтая дваістасць становішча асабліва выразна выявілася на пачатку паўстання.
24 сакавіка 1794 года ў Кракаве выбухнула паўстанне, у якім узялі ўдзел шляхта, мяшчане і некаторая частка сялянаў. На чале яго стаў генерал-лейтэнант Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, абвешчаны найвышэйшым і адзіным начальнікам узброеных сілаў. Гэтага ж дня быў абвешчаны Акт паўстання грамадзян, жыхароў Кракаўскага ваяводства, і Касцюшка прынёс прысягу, у якой абавязаўся даверанай яму ўлады не ўжываць у чыіх-небудзь асабістых інтарэсах, а толькі для абароны цэласці межаў, усталявання самаўладдзя народа і ўсеагульнай свабоды.
Акт паўстання пачынаўся з выкрыцця подласці, ашуканства і падступнасці царыцы Кацярыны ІІ і прускага караля Фрыдрыха Вільгельма. У Акце гаварылася: «Няма такой хлусні, прытворства і падману, якімі не зганьбілі б сябе гэтыя два ўрады… Пад выдуманымі прычынамі, хлуслівымі і бессэнсоўнымі, карыстацца якімі пасуе адным толькі тыранам, дагаджаючы на самой справе толькі сваёй ненажэрнай сквапнасці і жаданню распаўсюдзіць панаванне тыраніі на суседнія народы… Царыца, утойваючы свае далейшыя намеры, небяспечныя для эўрапейскіх дзяржаваў, прысвяціла сябе варварскай і ненажэрнай помсце. Яна топча святыя правы свабоды, бяспекі, недатыкальнасці асобы і маёмасці грамадзян… Толькі здраднікі Айчыны карыстаюцца яе прыхільнасцю і могуць беспакарана чыніць свае злачынствы».
У Акце паўстання Касцюшка правільна адзначыў, што галоўнай мэтай Кацярыны ІІ і Фрыдрыха Вільгельма было жаданне «распаўсюдзіць панаванне тыраніі» і задушэнне свабоды на суседнія народы. Акт паўстання яшчэ раз выкрыў перад усім светам паказны лібералізм Кацярыны ІІ.
Палітычнае кіраўніцтва паўстаннем у адпаведнасці з Актам ускладалася на Найвышэйшую Нацыянальную Раду. У якасці надзвычайных мясцовых органаў прадугледжвалася стварэнне «парадкавых камісіяў» у ваяводствах і паветах, якія ў сваю чаргу стваралі дазорныя ўправы. Кожная дазорная ўправа ахоплівала 1000–1200 сялянскіх гаспадарак. Ствараліся новыя рэвалюцыйныя суды, якія павінны былі разглядаць крымінальныя справы аб злачынствах, накіраваных супраць паўстання.
Новыя органы ўлады, камісіі, управы і суды не знішчылі старога дзяржаўнага апарату, засталася і манархія. Пры канцы траўня была створаная Найвышэйшая Нацыянальная Рада. У яе склад уваходзілі 8 радцаў і 32 сябры Рады (намеснікі радцаў), але галоўная роля належала Касцюшку як начальніку ўзброеных сілаў. (Адным з сябраў Рады быў Сава Пальмоўскі, ігумен праваслаўнага Бельска-Падляшскага манастыра, старшыня Пінскай кангрэгацыі — часовай праваслаўнай герархіі ў Вялікім Княстве і Польшчы, незалежнай ад пецярбургскага Сінода, якая была створаная ў 1791 годзе і зацверджаная Чатырохгадовым Соймам у траўні 1792 года.) У Радзе ўвесь час ішла барацьба паміж памяркоўнымі рэфарматарамі і рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі»), паслядоўнікамі французскіх рэвалюцыянераў.
Читать дальше