Успрыняўшы вучэнне перадавых французскіх пісьменнікаў, філосафаў і публіцыстаў, а таксама прагрэсіўных амэрыканскіх буржуазных дзеячоў, Касцюшка выпрацаваў самастойную дзяржаўна-праўную канцэпцыю палітычнага і грамадскага развіцця Рэчы Паспалітай. Ідэалам грамадскага ладу ён лічыў грамадства, якое складаецца з вольных сялянаў — уласнікаў зямлі, рамеснікаў, купцоў пры захаванні памешчыцкага землеўладання, заснаванага на вольным найме рабочай сілы. Найлепшую форму дзяржаўнага кіравання ён бачыў у рэспубліцы, тэарэтычныя асновы якой спрабаваў выкласці ў Паланецкім універсале. Аднак ажыццявіць гэтыя ідэі яму не ўдалося.
Сакавіцкія падзеі ў Кракаве неўзабаве знайшлі свой працяг на радзіме Касцюшкі. Ён сам і яго бліжэйшыя паплечнікі вельмі спадзяваліся на дапамогу з Вялікага Княства Літоўскага. Тут яшчэ з другой паловы 1793 года ў асяроддзі патрыятычна настроенага афіцэрства, мясцовай шляхты ды святарства пачалася падрыхтоўчая праца да будучага паўстання. У Вільні, Горадні, Наваградку, Берасці, ваколіцах Браслава, Ашмяны, Смаргоні, Хвойнікаў, Пінска і Мазыра яны складалі спісы аднадумцаў, збіралі сродкі і зброю, знаёмілі надзейных людзей з першымі таемнымі пасланнямі Касцюшкі.
Дзеля ўздыму патрыятычнага духу была створаная і шырока распаўсюджвалася «Песня паўстанцаў»:
Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Докуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ', каб мы ім заплацілі!
Коней нам пазаяжджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касьцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!
У Беларусі гэтую працу напачатку ўзначальваў экс-абозны Вялікага Княства Кароль Прозар. Дапамагалі яму Канстанцін Ельскі, былы надворны маршалак Станіслаў Салтан, віленскі святар Міхаіл Богуш, экс-стражнік літоўскі Ян Аскерка ды іншыя. Яшчэ ў лістападзе 1793 года ў Мазырскім павеце пачынае хадзіць па руках пісьмовы ўніверсал ад Касцюшкі з заклікам, каб «збіраліся грамадзяне да аднаўлення Айчыны».
Весткі аб неспакоі «на Літве» сталі даходзіць да расейскага пасла ў Варшаве. Таму ён на пачатку 1794 года з мэтаю высвятлення сітуацыі накіраваў туды «надзейнага чалавека з палякаў». Прывезеныя звесткі пацвердзілі здагадкі пра існаванне асяродка бунту ў Беларусі. Непакой акупантаў яшчэ болей узрос, калі пачалося паўстанне ў Кракаве. Іх галоўны памагаты ў Вялікім Княстве гетман Сымон Касакоўскі дае загад арыштаваць западозраных у змове ў Вільні, Наваградку і Горадні.
Усё ж галоўны, вайсковы, асяродак па падрыхтоўцы паўстання, які на пачатку 1794 года ўзначальваў у Вільні палкоўнік «літоўскага корпусу інжынераў» Якуб Ясінскі, застаўся нераскрыты. Але ад сярэдзіны красавіка яму і ягоным сябрам таксама пачынае пагражаць арышт. Больш марудзіць з пачаткам паўстання было нельга.
Уначы з 22 на 23 красавіка паўстала Вільня. А палове першай па стрэле гарматы з віленскага арсенала рушылі на чале з Ясінскім на яе вызваленне ад акупантаў невялікія аддзелы рэгулярнага войска Вялікага Княства Літоўскага (у горадзе іх налічвалася крыху болей за 700 чалавек). Вайскоўцам дапамагалі блізу 500 цывільных грамадзянаў Вільні, папярэдне падрыхтаваных да выступу. У выніку нечаканага нападу і кароткага двухгадзіннага бою на вуліцах горада сталіца Княства апынулася ў руках паўстанцаў. У палон разам з камендантам акупацыйнага гарнізона трапіла больш за тысячу чалавек.
Віленскі Акт паўстання. Утварэнне Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Літоўскага
24 красавіка ў Вільні быў урачыста прыняты «Акт Паўстання Народу Вялікага Княства Літоўскага». Згодна з ім утвараўся свой незалежны орган для кіраўніцтва паўстаннем — «Найвышэйшая Рада Вялікага Княства Літоўскага». Менавіта ёй аддавалася ўся паўніня ўлады ў Княстве. У склад Рады як камендант віленскага гарнізона ўвайшоў і Я. Ясінскі. (Старшыня Рады мусіў змяняцца кожны дзень паводле алфавіта. Прадугледжвалася дапаўненне складу Рады дэлегатамі ад ваяводстваў і паветаў. У такім разе яна мела ўсе падставы ператварыцца ў незалежны паўстанцкі ўрад Вялікага Княства.) Таго ж дня 2328 чалавек падпісалі Акт аб пачатку паўстання і прынялі прысягу на вернасць яму.
Справе больш дэталёвай арганізацыі паўстанцкага руху быў прысвечаны «Ўніверсал да ваяводстваў і паветаў правінцыі Вялікага Княства Літоўскага і гарадоў вольных». Ён быў абвешчаны ўжо ад імя Найвышэйшай Рады 24 і 25 (паўторна) красавіка 1794 года. Пачынаўся «Ўніверсал» словамі: «…Слухай, Народзе Літоўскі, што табе гаворыць не кароль слабы са слабейшага яшчэ трону, не свавольны збор людзей, што нічога акрамя марнага тытулу не маюць, але спакойнае згуртаванне спагадлівых тваіх сыноў, якія доўга для вызвалення твайго працавалі тады, калі Ты ўжо ў ім зняверыўся». «Універсал» абвясціў галоўнымі прыярытэтамі паўстання «здабыццё вольнасці і роўнасці грамадзянскай», выгнанне расейскіх акупацыйных войскаў, вяртанне ўсіх анексаваных земляў Вялікага Княства Літоўскага.
Читать дальше