Пад Соламі сустрэліся буйны пяцітысячны расейскі корпус з 16 гарматамі і аддзелы Ясінскага колькасцю да 3 тысяч чалавек. Ізноў, як і пад Палянамі, у Ясінскага было блізу адной тысячы касінераў. Бітва пачалася ўранку і цягнулася болей за пяць гадзін. Вырашыла справу перавага расейцаў у артылерыі. Паўстанцы, якія мужна стрымлівалі атакі ворага, пад канец бою трапілі пад навальны гарматны агонь і сталі адступаць. У гэтай бітве загінула каля трохсот паўстанцаў (у тым ліку брат Я. Ясінскага — Язэп), бальшыня з іх — неспрактыкаваныя сяляне-касінеры.
Адметнай рысай вызвольнага паўстання 1794 года ў Беларусі было ўжыванне партызанскіх, дыверсійных формаў змагання. Паўстанцы імкнуліся перанесці яго ў т. зв. «расейскі кардон», г. зн. на анексаваную раней тэрыторыю Беларусі. Першага чэрвеня Я. Ясінскі выдаў свой знакаміты ўніверсал да павятовых генерал-маёраў (якія выбіраліся з мясцовай шляхты ў паветах для арганізацыі і кіраўніцтва паспалітым рушаннем і зацвярджаліся Найвышэйшай Радай Вялікага Княства, а потым Т. Касцюшкам) аб тэрміновай арганізацыі спецыяльных конных дыверсійных 300-асабовых аддзелаў. Увайшоўшы ў «расейскі кардон», яны павінны былі адцягваць на сябе сілы акупантаў і, сеючы паніку ў тыле ворага, адначасова ўздымаць на паўстанне мясцовую шляхту і сялянства. Гэтую ініцыятыву заўважыў і ўхваліў Касцюшка. Ён адзначыў, што «ў Літве генерал Ясінскі (загадам Касцюшкі 11 траўня Ясінскаму было нададзенае званне генерал-лейтэнанта) апярэдзіў маю думку, калі выдаў да сваіх суайчыннікаў праўдзівыя звароты ў тым духу і з тымі прадпісаннямі, якіх вымагае парадак рэчаў і якія на ўвесь край павінны быць распаўсюджаныя» {10} 10 Akty powstania Kościuszki. Warszawa, 1955. T.3. S.31–32.
.
Апрача гэтага ўніверсала Ясінскім была складзеная асобная «Інструкцыя для ўваходных у кардон расейскі». Яна рэгламентавала парадак дзеянняў і паводзін паўстанцаў на акупаванай тэрыторыі. У інструкцыі гаварылася, што, заахвочваючы паўсюдна «шляхту і люд да паўстання…, трэба з сялянствам як найлепей, па-людску, абыходзіцца». Партызанскія дыверсійныя дзеянні павінны былі весціся ажно да таго часу, пакуль «хоць яшчэ адзін узброены расейскі салдат застанецца» {11} 11 Mościcki H. General Jakób Jasiński. Warszawa, 1917. S.205.
. У стратэгічным жа плане дыверсійныя акцыі павінны былі прывесці да расшчаплення і аслаблення варожага войска, што дазволіла б больш упэўнена дзейнічаць асноўным сілам паўстанцаў.
Ці не першым скарыстаўся з такой магчымасці сябар Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Міхал Клеафас Агінскі. Ён звярнуўся да Ясінскага і атрымаў дазвол на правядзенне разведвальна-дыверсійнага рэйду ў кірунку Менска. 12 чэрвеня, скрытна выйшаўшы з-пад Вільні на чале 500-асабовага аддзела (200 чалавек кавалерыі пад камандаваннем маёра Корсака і 300 стральцоў, узброеных і забяспечаных уласным коштам самога Агінскага), ён накіраваўся пад Валожын. Разбіў там невялікі расейскі гарнізон, захапіўшы пры гэтым значныя запасы вайсковай амуніцыі і харчавання, і рушыў на Івянец. Там Агінскі абвясціў свой зварот да жыхароў Менскага ваяводства. У ім, спасылаючыся на тое, што пасланы ён ад «мужнага генерал-лейтэнанта Ясінскага», заклікаў далучацца да паўстанцаў, каб «вярнуць Айчыне свабоду». З Менска насустрач Агінскаму на загад губернатара Няплюева былі пасланыя значныя сілы. 16 чэрвеня пад Вішневам расейскія войскі сустрэлі і разбілі паўстанцаў. Толькі рэшткі аддзела, 150 чалавек кавалерыі і частка стральцоў, змаглі разам з Агінскім прабрацца пад Крэва да Ясінскага. Неўзабаве пасля гэтага М. Агінскі на загад М. Вяльгорскага быў накіраваны з рапартам аб падзеях ў Беларусі да Касцюшкі. Той, нягледзячы на сумны фінал выправы аддзела Агінскага, усё ж адзначыў яе вартасць і карысць: вораг занепакоены, трэба імкнуцца, каб і надалей ён адцягваў значныя сілы для забяспечання сваіх тылоў.
Прыкладна гэтым жа часам у Паставы з Вільні з конным аддзелам на 60 чалавек быў накіраваны падпалкоўнік Тадэвуш Гарадзенскі. Згодна з інструкцыяй Ясінскага, ён абвясціў Віленскі ўніверсал аб паўстанні, канфіскаваў мясцовую канцылярыю і грашовую касу. Рука Ясінскага адчувалася і ў далейшых дзеяннях Гарадзенскага. У першы ж дзень знаходжання ў мястэчку ён загадаў паставіць дзве шыбеніцы для здраднікаў. Ніхто павешаны не быў, але з Паставаў атрад Гарадзенскага выйшаў папоўнены 200 чалавекамі «шляхты і ўзброеных сялянаў» {12} 12 Российский центральный государственный архив древних актов, фонд 7, опись 2, ед. хран. 2869, л.201а.
.
Читать дальше