Пасля гэтых падзеяў у Беларусі пад кантролем паўстанцаў заставалася толькі Горадня з часткай Гарадзенскага павета. Сюды ненадоўга пераехала Цэнтральная Дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага. Сюды ж сцягваліся ацалелыя паўстанцкія аддзелы Т. Ваўжэцкага з Жамойці, А. Хлявінскага і П. Грабоўскага з-пад Вільні. Тут знаходзіўся і Я. Ясінскі, які так і не паспеў сфармаваць цалкам сваю надпушчанскую дывізію. 29 верасня ў Горадню ўсяго на адзін дзень прыехаў Т. Касцюшка са сваім сакратаром Ю. Нямцэвічам. Ён пераканаўся, што места ўтрымаць не ўдасца. І таму распарадзіўся пакінуць яго і ўсім накіравацца на абарону Варшавы. 30 верасня апошнія паўстанцкія аддзелы пакінулі Горадню.
Ваенная і палітычная сітуацыя складвалася не на карысць паўстання і ў Польшчы. Яшчэ на пачатку чэрвеня аб'яднаныя расейска-прускія войскі (24 тысячы чалавек) у бітве каля мястэчка Шчакаціны прымусілі армію Касцюшкі (12 тысяч чалавек) адступіць. 15 чэрвеня прускія войскі занялі Кракаў, а Касцюшка вымушаны быў адступіць да Варшавы. У сярэдзіне ліпеня туды падышлі прускія войскі і расейскі корпус пад камандаваннем генерала Ферзена. Аднак гераізм абаронцаў Варшавы і ўмелыя дзеянні Касцюшкі ў жніўні-верасні прымусілі гэтыя войскі адысці ад горада.
Неўзабаве становішча паўстанцаў значна пагоршылася, бо Аўстрыя пашырыла тэрыторыю сваёй акупацыі, тым самым наносячы ўдар з поўдня. Усё ж Касцюшка не падаў духам і спрабаваў адбівацца на ўсе бакі. Хоць рабіць гэта было ўсё цяжэй і цяжэй: звужалася тэрыторыя паўстання, паўстанцы цярпелі паразы, зняверваліся ў выніках барацьбы, сілы іх былі на зыходзе. Пасля перамогаў Суворава пад Крупчыцамі і Берасцем корпус Ферзена пачаў наступ з паўднёвага захаду. Супраць яго Касцюшка выставіў сваю дывізію, папоўніўшы яе апошнімі рэзервамі з-пад Варшавы. На дапамогу павінна была падысці яшчэ дывізія пад камандаваннем генерала Панінскага, але ён загаду Касцюшкі не выканаў і да месца бітвы гэтая дывізія не паспела. 10 кастрычніка блізу 15 тысяч паўстанцаў на чале з Тадэвушам Касцюшкам занялі пазіцыі каля Мацяёвіцаў. На світанні іх атакаваў колькасна большы корпус генерала Ферзена. Да першай гадзіны дня ішла зацятая бітва. Скончылася яна на карысць расейцаў. Тысячы паўстанцаў загінулі. Цяжка паранены трапіў у палон сам Касцюшка. Страты супрацьлеглага боку таксама былі значныя — больш за 1300 чалавек забітых і параненых.
Паранены Касцюшка трапляе ў палон
Непрытомны Касцюшка (атрымаў шабельны ўдар у голаў, некалькі ранаў ад казацкіх пікаў) быў абрабаваны і цудам застаўся жывы, бо расейцы пазналі, з кім маюць справу.
Праз Беларусь у Санкт-Пецярбург
На наступны ж дзень, 11 кастрычніка, Касцюшка пад імем «шляхціча Шыманскага» пры строгай і пільнай ахове быў накіраваны ў Санкт-Пецярбург (праз Кіеў, Чарнігаў, Магілеў, Шклоў, Віцебск і Ноўгарад). Той факт, што Касцюшка апынуўся ў палоне, адмоўна паўплываў на ход паўстання.
Начальнікам узброеных сілаў 12 кастрычніка 1794 года Найвышэйшая Рада прызначыла замест Касцюшкі яго земляка Тамаша Ваўжэцкага, аднак ні аўтарытэт, ні вайсковыя здольнасці не давалі яму магчымасці параўнацца з Касцюшкам. 4 лістапада войскі пад камандаваннем Суворава авалодалі ўмацаваным прадмесцем Варшавы Прагай. (Штурм Прагі Суворавым увайшоў у гісторыю як «пражская разня». Там загінулі тысячы мірных жыхароў, у тым ліку жанчыны, старыя, дзеці, блізу 10 тысяч паўстанцаў, 4 тысячы ўзброеных варшавян-добраахвотнікаў; больш за 2 тысячы патанулі ў Вісле. Бітва за Прагу была надзвычай жорсткая. Сярод яе абаронцаў былі і больш за 5 тысяч беларусаў, якіх Касцюшка паклікаў бараніць апошнюю цытадэль паўстання. На барыкадах Прагі загінуў і легендарны Якуб Ясінскі.) Толькі пасля гэтага было прынятае рашэнне аб капітуляцыі Варшавы.
Менавіта за жорсткае задушэнне паўстання А. Сувораў атрымаў ад Кацярыны ІІ званне фельдмаршала, а таксама больш за 13 000 прыгонных сялянаў Кобрынскага павета. Усяго ж «вызвольнікам» было раздадзена больш за 80 000 прыгонных беларусаў.
Ці была параза паўстання 1794 года непазбежная? Вядома, шанцаў на перамогу было няшмат. Яго не падтрымалі шырокія масы сялянства, слабой была буржуазія, а кансерватыўныя колы шляхты ў кіраўніцтве паўстаннем якраз і імкнуліся да таго, каб не дапусціць шырокага выступлення гарадскіх нізоў і сялянства. Акрамя таго, сабатаж і невыкананне распараджэнняў Касцюшкі, а часта і адкрытая здрада падрывалі сілы паўстання.
Читать дальше