Асноўная ідэя Статута — зацверджанне праўнага парадку, пры якім усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы абавязаны дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з правам. Таму Касцюшка, які вырас у сям'і, дзе прадзед і дзед былі судовымі чыноўнікамі, з дзяцінства выхоўваўся на павазе да права і асабліва да Статута, што заставаўся дзейным законам на тэрыторыі Беларусі да 1840 года.
У 1792 годзе ўскладнілася міжнароднае становішча Рэчы Паспалітай. Прусія, адыгрываючы з 1790 да 1792 года ролю хаўрусніцы Рэчы Паспалітай, імкнулася пасварыць яе з Расеяй, а затым пайшла на змову з царызмам. У пачатку 1792 года актывізавалася дзейнасць рэакцыйных магнатаў і вярхоў каталіцкага духавенства, так званай старашляхоцкай партыі, супраць прагрэсіўных законаў, прынятых у 1791 годзе. Пасля перамоваў у Пецярбурзе з Кацярынай ІІ, заручыўшыся яе абяцаннем падтрымаць іх бунт, правадары старашляхоцкай партыі 27 красавіка 1792 года падпісалі ў Пецярбурзе акт канфедэрацыі, які затым быў зачытаны ва ўкраінскім мястэчку Таргавіца пад фальшывай датай 14 траўня.
Акт аб'яўляў незаконнай дзейнасць Сойму, які нібыта «парушыў кардынальныя правы, адмяніў усе шляхоцкія вольнасці, а 3 траўня, учыніўшы рэвалюцыйную змову, устанавіў новую форму ўлады пры дапамозе месцічаў, жаўнераў, уланаў… Рэспубліку ператварыў у манархію, беззямельную шляхту ад роўнасці і свабод адхіліў» {7} 7 Historia Polski. Warszawa, 1958. T.2, cz.1. S.298.
. Далей гаварылася, што канфедэрацыя ўтвораная ў імя абароны каталіцкай рэлігіі, захавання цэласці межаў Рэчы Паспалітай і захавання старых вольнасцяў шляхты. Не маючы шырокай падтрымкі ўнутры дзяржавы, таргавічане звярнуліся да царскага ўрада, які 18 траўня 1792 года накіраваў 100-тысячную армію ім на дапамогу.
Уступленне царскіх войскаў у вайну супраць законнага ўрада было яўнай агрэсіяй. На абарону канстытуцыі выступілі слабыя і раз'яднаныя часціны войска Рэчы Паспалітай. Адна з першых бітваў, у якой вызначылася дывізія пад камандаваннем Касцюшкі, адбылася каля вёскі Дубенкі на Заходнім Бугу. У гэтай бітве Касцюшка, які меў пад сваім камандаваннем блізу 5 тысяч салдат і афіцэраў, стрымаў націск прыкладна 20 тысяч царскіх войскаў і даў магчымасць усёй паўднёвай арміі пад камандаваннем князя Ю. Панятоўскага адысці на новыя пазіцыі. Аднак лёс гэтай кампаніі быў перадвызначаны, бо многія магнаты і шляхта дый сам кароль, здзейсніўшы акт дзяржаўнай здрады, перайшлі на бок таргавічанаў. Варшава была занятая царскімі войскамі.
Нягледзячы на тое што Касцюшка за ваенныя заслугі ў часе кампаніі 1792 года быў узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» і яму было нададзенае званне генерал-лейтэнанта, ён 30 ліпеня 1792 года ў знак пратэсту супраць змовы караля з таргавічанамі падаў у адстаўку і выехаў за мяжу. 26 жніўня 1792 года пастановай Заканадаўчага сходу Францыі Касцюшка атрымаў годнасць ганаровага грамадзяніна гэтай дзяржавы.
Трыумф таргавічанаў быў нядоўгі. Выклікаўшы ваенны разгром Рэчы Паспалітай, яны садзейнічалі і яе другому падзелу, бо ў студзені 1793 года Прусія дамовілася з Расеяй аб адарванні ад Рэчы Паспалітай часткі тэрыторыі. Да Расеі адышла частка Беларусі і Заходняй Украіны, а да Прусіі — спрадвечна польскія землі з гарадамі Торунь, Гданьск, Познань. Сойм Рэчы Паспалітай, які сабраўся 17 чэрвеня 1793 года ў Горадні, прызнаў гэты падзел. На Гарадзенскім Сойме было абвешчана аб роспуску таргавіцкай і стварэнні соймавай гарадзенскай канфедэрацыі. Гарадзенскім Соймам была адмененая Канстытуцыя 3 траўня і прынята новая. У адпаведнасці з Канстытуцыяй 1793 года аднаўлялася Неадменная рада; аднаўлялася выбіральнасць каралёў; найвышэйшым заканадаўчым органам краіны заставаўся Сойм, які мусіў склікацца кожныя чатыры гады на восем тыдняў; пастановы ў Сойме прымаліся бальшынёй галасоў; каралю давалася права вета на соймавыя пастановы, якія датычаць асноўных законаў. Але нават і гэтая канстытуцыя заставалася на паперы, бо Рэч Паспалітая страчвала сваю незалежнасць.
Няспыннае ўмяшанне суседніх манархічных рэжымаў у нутраныя справы Рэчы Паспалітай і бяссілле «сваіх» дзяржаўных органаў выклікалі пратэст і незадавальненне шырокіх пластоў народа і асабліва прагрэсіўнай шляхты, прадстаўнікі якой пачалі падрыхтоўку да паўстання. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы браў Тадэвуш Касцюшка. Ён накіраваўся ў Парыж, дзе вёў перамовы з міністрам замежных справаў і перадаў яму мемарыял пра задачы рэвалюцыі ў Рэчы Паспалітай. У ім гаварылася пра неабходнасць скасавання каралеўскай улады і сената, найвышэйшага святарства, пра свабоду набыцця зямельнай уласнасці, пра выбарчыя правы для ўсіх землеўласнікаў і асобаў, што плоцяць падаткі, пра ліквідацыю прыгоннай залежнасці сялянаў, пра свабоду і роўнасць для ўсіх.
Читать дальше