Асабістае жыццё ў Касцюшкі складвалася няўдала. Знаходзячыся ў польскім войску, будучы камандзірам брыгады, размешчанай у Заходняй Украіне, ён сустрэў дзяўчыну, якую пакахаў і якая адказала яму ўзаемнасцю, нягледзячы на тое што ён быў старэйшы за яе на 27 гадоў. Але бацька не дазволіў ёй выйсці замуж, бо лічыў, што ў абранніка няма добрага маёнтка (паводле іншых крыніцаў, дзеля таго, што ў яго закахалася маці нявесты).
14 ліпеня 1789 года пачалася Вялікая французская рэвалюцыя, якая прыметна паўплывала на многія эўрапейскія народы, у тым ліку і на народы Рэчы Паспалітай. Актывізавалася дзейнасць дробнай гарадской буржуазіі ды інтэлігенцыі, пачалі ўзнікаць палітычныя арганізацыі. Сойм прыняў шэраг важных законаў, накіраваных на ўмацаванне органаў дзяржаўнай улады.
У студзені 1791 года быў прыняты новы закон аб кардынальных правах, які прадугледжваў прызнанне панавальнага становішча за каталіцкаю царквою, непарушнасць хаўрусу Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, незалежнасць і суверэннасць Рэчы Паспалітай, свабоду слова і друку, затым у сакавіку — закон аб сойміках, паводле якога беззямельная шляхта была пазбаўленая выбарчых правоў, у красавіку — закон аб гарадах. За месцічамі было прызнанае права асабістай недатыкальнасці, права набыцця маёнткаў і пашыраліся іншыя правы. Вызначаліся розныя выпадкі прызнання за імі шляхоцкай годнасці, уносіліся змены ў парадак разгляду крымінальных справаў, па якіх прадугледжвалася пакаранне смерцю.
Канстытуцыя 3 траўня 1791 года
Законы аб сойміках і аб гарадах з'явіліся пачаткам буржуазных рэформаў у Рэчы Паспалітай. Завяршэннем іх з'явілася канстытуцыя, прынятая 3 траўня 1791 года. Гэтым законам усталёўваліся новыя прынцыпы арганізацыі найвышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, якія мусілі будавацца паводле прынцыпу падзелу ўлады. Каталіцкая рэлігія абвяшчалася панавальнай, але адначасова абвяшчалася і свабода іншых рэлігійных абрадаў, гарантаваліся правы і прывілеі заможных шляхты і мяшчанаў, захоўвалася залежнасць сялян ад памешчыкаў, але абвяшчалася апека права і ўрада над сялянамі.
Дзяржаўны лад вызначаўся як канстытуцыйная манархія, улада караля была абмежаваная Соймам. Яму належала заканадаўчая ўлада, і складаўся ён з палаты дэпутатаў і сената, у які ўваходзілі каталіцкія біскупы [2] Згодна з пастановай Сойму ў 1790 годзе ў склад Сената быў уведзены вуніяцкі мітрапаліт Растоцкі. Гэта адбылося ўпершыню з моманту прыняцця вуніі ў 1596 годзе.
, ваяводы, кашталяны і некаторыя вышэйшыя службовыя асобы — усяго 132 чалавекі, а ў палату дэпутатаў — 204 чалавекі. Акрамя таго, у Сойм з дарадчым голасам дапускаліся прадстаўнікі ад мяшчанаў.
Сама істотным новаўвядзеннем паводле канстытуцыі былі адмена «лібэрум вета» і стварэнне ўрада для ўсёй Рэчы Паспалітай (асобныя дзяржаўныя структуры Вялікага Княства Літоўскага скасоўваліся). Урад называўся «Вартавы правоў» і складаўся з караля як старшыні ўрада, кіраўніка каталіцкага духавенства — прымаса і пяці міністраў: міністра паліцыі, міністра пячаткі (нутраных справаў), вайсковага міністра, міністра фінансаў і міністра замежных справаў. На паседжаннях урада маглі прысутнічаць з дарадчым голасам спадкаемца трона і старшыня (маршалак) Сойму. Міністраў прызначаў і здымаў кароль. Прадугледжвалася стварэнне судоў, незалежных ад адміністрацыі, і выданне новых грамадзянскага і крымінальнага кодэксаў.
Канстытуцыя 3 траўня з'яўлялася вынікам кампрамісу шляхты з маладой буржуазіяй. Прагрэсіўныя дзеячы Рэчы Паспалітай бачылі ў ёй толькі пачатак і падрыхтоўку да рэвалюцыйных пераўтварэнняў і поўнасцю яе падтрымлівалі. Прыхільнікі старых парадкаў разглядалі яе як ужо здзейсненую рэвалюцыю, выступілі супраць канстытуцыі і, учыніўшы акт дзяржаўнай здрады, звярнуліся па дапамогу да суседніх дзяржаваў.
Тадэвуш Касцюшка як перакананы рэспубліканец, калі паўстала пытанне аб прысязе на вернасць Канстытуцыі 3 траўня, без ваганняў прыняў такую прысягу і распарадзіўся аб яе прыняцці падначаленымі яму афіцэрамі, нягледзячы на тое што канстытуцыя прадугледжвала захаванне манархіі.
Пасля прыняцця Канстытуцыі 3 траўня Чатырохгадовым Соймам 29 чэрвеня 1791 года былі створаныя дзве дэпутацкія камісіі: Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, якія павінны былі падрыхтаваць праект праўнай рэформы, выпрацаваць асновы кадыфікацыі крымінальнага і грамадзянскага права. Ідэолаг радыкальнага блока Гуга Калантай прапанаваў у аснову новага заканадаўства пакласці Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, аб якім «немагчыма прыгадаць без вялікага захаплення… Літоўскі статут робіць гонар чалавечаму розуму…, складзены тах разумна, асабліва ў дачыненні да ступеняў пакарання, што яго можна лічыць сама дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Эўропе, калі не браць пад увагу некаторых хібаў, што ўзніклі пад націскам грамадскай думкі той эпохі, і залішняй строгасці ў пакараннях, уласцівай таму веку».
Читать дальше