«Кароль тартарскі прыслаў на Гомель паглумленьне —
дождж стрэлаў гострых і мора страшнае агню. Ваяводы мангольскія зазьбіраліся былі й далей з
паўночным ветрам пайсьці, і пэўна зрабілі б тое, калі б фэніксы — птушкі чорныя — іскрою вачэй сваіх не паказілііхныя замеры» 8 . Дзіўная прыгадка пра «іскру вачэй» троху разьясьняецца іншай гістарычнай крыніцай. «Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх», апавядаючы пра паход галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў у 1253 г. на яцьвягаў, удакладніў прычыны наяўнасьці ў ваяроў спэцыфічнага рыштунку:
«Мняше на ятвинговрушити, имали надобу одевати хытрость резинову на себе, и кони такожде опрятнули. А то не ради похвалки якой, но здравия власного для, ыбо знавали уже в тых краех поражки, которы финисты своими бодцами рыхло чинили през силу их ентарну, она же в еллинах електрикой ся прозываеть» 9 . Адсюль вынікае, што фэніксы-бацяны мелі здольнасьць выпраменьваць электрычныя разрады. Але як што згадкі пра гэтую свомасьць нерэгулярныя, можна памеркаваць, што біць токам умелі толькі вельмі старыя птахі, якія ўсё жыцьцё назапашвалі прыродную электрычнасьць. Кагадзе памянёныя «яйцы желязны», імаверна, патрабавалі электра-магнітнага імпульсу, каб зь іх маглі вылупіцца птушаняты. Што праўда, фэніксы былі бацькамі нядбалымі, бо многія яйкі так і прападалі. Недасьведчанае паспольства, «ничтоже сумяшеся», уважала іх іншым разам за тэстыкулы старажытных волатаў. Рыскія біскупы, аднак, нярэдка выпраўлялі ў заходнюю Беларусь адмысловыя гастранамічныя рэйды. Прыпамінак пра тое знаходзім у «Другой інфляндзкай рыфмаванай хроніцы» Дытлеба фон Альпэнштока (XIII ст.):
Пойдзем па яйкі, што фэніксы марна губляюць.
Пойдзем і возьмем! Мы — ваяры! Ваяры не купляюць!
Пойдзем пад Берасьце, Пінск, Ваўкавыск не забудзьма!
Браць, забіраць, не пытаць — частавацца яечняю будзьма! 10
(пераклад наш.)
Лішне казаць, што часьцей бравым крыжацкім ваякам даводзілася, шылам патакі хапіўшы, вяртацца ў свае калёніі. «Лето 1290 з благославенства божьего немцам в каршель натолкали, дабы не покушалися гнезды ботяновы росскидать, ища Потравы утробам своим ненасытным», — паведамляе прыпіска да «Наваградзкага эвангельля» 11. Тагачасныя кніжнікі цудоўна разумелі, што зьнікненьне фэнікса-бацяна можа спрычыніць крызу экалягічнай сыстэмы. У пасланьнях Гедыміна ёсьць добрае таму пацьвярджэньне: «Жывёлу і птушку біем памяркоўна, каб і прырода да нас талеранцыю мела. Вот, скажам, бацян, або фэнікс (batsian sive phaenix), птушка бязладная быццам, але мусім дбаць, каб жыла і яна, бо бязладзьдзе ейнае ёсьць часткай суладзьдзя агульнага» 12 .
Бязладнасьць фэніксаў прыгадваюць і іншыя дакумэнты. Вышэй паменаваны Р Цамблак называў нашых бацяноў-фэніксаў не інакш як «блазны летащи» 13. Што тут за прычына? У зборніку павучальных карацелек Івана Касабокага «Літуанскі дзесяцідзён» (канец XIV — пачатак XV ст.) занатавана гісторыя пра фэнікса, які спыніў бой паміж ліцьвінамі й крыжакамі:
В низине под горой да под дубом разложистым сойтися хотели наши литвины руськия з немчины рымськия в бою крывавом, в сечи бесщадной. Брали уже силы и отвагу ку початку сей марсовой деи. Але, оком мигнув, огледили фюнкиста-птицу в небеси, которая в полети оморочны крунгели вписовала и даже в древо тое вечистое ся стукнула звучне. По сем добре ся з дуба ляснула, на земли посела и якбы з подивленьем голову вбок свернула и смешно барзо «о-оу!» молвила. З того ооуканья воины обопольно животы со смеху надрывати стали, и смех трвал годину целую, по сей нихто уже не рачил брань усчинати, поехав восвояси улыбчиво 14 .
У т. зв. «Дзёньніку караімаў» XV—XVI стст. (шматтамовы рукапісны мэмуар вялікакняжацкіх целаахоўнікаў ды іх інструктараў) апісваецца сцэна з гаспадарскага паляваньня ў Белавескай пушчы. Вялікі князь Вітаўт, упаляваўшы за дзень пяцёх зуброў, ладзіў на вялізнай лясной паляне імправізаваны банкет для ўсяе прысутнае брацьці. У ёмістых чопах гатаваўся слаўны крупнік — гарачы хмяльны напой на мёдзе й духмяных травах. Почат (то бок сьвіта) усяляк пацяшаўся ў скоках і песьнях. У гэты момант і прыляцеў бацян-фэнікс. Дамо слова сьведку:
Мы караимы спратов не поискивали, бо ж долг пред князьством великим литовским имали господаря славного от всякой холеры ослонити. То и обуступавали восемью Витовта, а еще пятех на плечи тых восьми постали. И было то, яко намет, мечами навонки ощепереный. Бухтян же не глянул ани до почату, ани до мяса жубрынаго, а як поземлился, ик крупнику пошибовал неуклюдне и, од смаги своей дикий, чан з гестым трункем до дна спорожнил, дуду у дудоря отнял, играти пробуючы, но од хмельной той утехи ся пал невомнози долу и тризнил през сон, песни вояцкие литовския ненадобне кривляючы 15 .
Читать дальше