Корнер. За хвіліну, максімум за дзве да фінальнага свістка, — падумаў ён і кінуў позіркам да «банкі». Там, за броўкай, ужо ліхаманкава ўздымаў угору рукі Палыч. Значыць, справы ў групе для іх — не вельмі, і нічыя ўжо нічога не вырашае. Хвіліна да свістка Стайлза. Так, хвіліна, не больш. «Пара», — падумаў зноў, скінуў пальчаткі і імкліва рушыў наперад, пакідаючы сваю штрафную, да цэнтральнага круга і за яго, насустрач здзіўленаму гулу стадыёна — туды, да чужых варот. Што будзе там, ён не мог і не здольны быў прадугледзець, але нешта неасэнсаванае гнала яго туды. Так іншым разам рабіў яго кумір, вялікі Чылаверт. І няхай трэнеры, спецы ад футбола, журналюгі лічылі і лічаць таго апантаным, вар’ятам, праўда, з агаворкай — геніяльным вар’ятам, — ён быў лепшы сярод лепшых — і гэта ўжо і ёсць сапраўдны футбол, у які той гуляў, і ў які варта гуляць і яму.
Падаваць вуглавы пабег правы хаўбек, нястомны Алесь Саковіч, але і здалёк было бачна, як ён стаміўся. У штрафной сапернікаў — мітусня, разборка па персонах, звыклы прэсінг. На яго, варатара з чужой штрафной, які ўзнік за спінамі, у той момант ніхто асабліва не зважаў. Яшчэ не разабраліся. Ужо ўклініваючыся ў гэты гармідар, ён ускінуў руку, даваў знак Саковічу, каб падаваў на дальнюю стойку, і адначасова рвануўся туды, на свабодны пятачок, не губляючы бакавым зрокам палёт мяча, няблага закручанага Алесем, і, урэшце, у падзенні «злавіў» яго галавой ля самай стойкі.
Стадыён ахнуў у адзін голас і — наступіла цішыня. Мяч праслізнуў у сетку варот.
Ён убачыў, як Стайлз паказаў на цэнтр, як потым перавёў позірк на свой судзейскі гадзіннік, і што было сіл, быццам на стометроўцы, ірвануў назад, да сваіх варот: яшчэ заставаліся хоць і лічаныя, але з дзясятак секунд, і магло здарыцца ўсё, што заўгодна, а на броўцы падскокваў, радасна крычаў нешта і трыўмфаваў Палыч.
Вароты ўжо на ўсялякі выпадак страхаваў абаронца Дзіма Гуркоў, але раптам зухавата ўхапіў рукамі перакладзіну і павіс на ёй, дэманструючы сваё захапленне, забоўтаў нагамі, і тут жа ззаду прагучаў свісток Стайлза аб заканчэнні гульні. Да яго, брамніка, ужо беглі, абдымалі, павалілі на траву.
Перамога. Яны выйшлі з групы.
***
Пасля мітусні дарожных збораў у самалёце «БелАвія» ўсёй камандай вярталіся дамоў. Максім уладкаваўся ля ілюмінатара на ганаровае месца побач з трэнерам. Палыч свяціўся ад радасці. Краявіды з вышыні раз-пораз прыцягвалі Максімаў позірк сваёй маляўнічай дасканаласцю.
Маўчалі.
Маладзенькая сцюардэса прынесла на разносе каньяк, шакалад.
— Гэта ад экіпажа. Яны ўчора глядзелі тэлерэпартаж.
— Не адмовімся.
«Коўч» Грак, ён жа Палыч, згодна кіўнуў. Радасная ўсмешка не пакідала яго твар.
— Дзякуем. Усім вам і пілотам прывет ад нашых пацаноў.
— І вось яшчэ газета. Ліёнскія спартыўныя экспрэс-навіны. Тут у асноўным пра вас, Максім. Я крыху ведаю мову. Перакласці? Не ўсё, але паслухайце:
«Гэтая яшчэ год-два таму малавядомая каманда з Беларусі, сябры якой у большасці гуляюць у ахвотку, за невялікія грошы, сенсацыйна выйшла з плэй-оф. Але самае сенсацыйнае — тое, што каманда прывезла з сабой невядомага галкіпера, які ў будучым магчыма стане побач з легендамі сусветнага футбола, і чый клас гульні напомніў нам вялікага Луіса Чылаверта. Дэбют Максіма Гудава — адкрыццё матча, і ўвогуле групавых гульняў.»
***
У Мінскі аэрапорт прыляцелі запозна, але іх чакалі. Журналісты, тойсёй са сваякоў. Пасыпаліся радасныя воклічы, усе загаманілі. Нават пануры «асноўнік» Румаш (разумеў, што яго месца ў асноўным складзе каманды пахіснулася) заўсміхаўся насустрач жонцы.
Максіма Гудава асабіста не сустракаў ніхто.
Замест эпілога
З ліста:
«... Ведаю, што табе, Максім, у гэтыя дні, не хапае часу, каб наведаць наш пасёлак, бацькоў, мяне, але веру, што хутка пабачымся. Сачу за тваімі выступленнямі, хвалююся і за цябе, і за каманду. Хоць і мала што разумею ў футболе. Хацела паехаць у аэрапорт, каб пабачыць цябе, але пасаромелася: старая. Дый яшчэ прычына. Спаткала неяк Юлю. Не ведаю, што там у цябе з ёй адбылося, але ... але дзяўчына цябе не забыла. Яна нават абяцала, што паедзе цябе сустракаць. Казалі, што быццам раней ледзь не выйшла замуж, але нешта ў яе не склалася, да таго ж загінуў яе брат Кірыл. Знайшлі раніцай забітым у скверы на вакзале. Дзяўчына яна, на маю думку, вартая. Прыязджай.
Твая цётка Люба».