— Дык што здарылася, Юля?
Дзяўчына доўга маўчала, пасля чаго парушыла паўзу.
— Мяне прайгралі ў покер.
Паўза.
— Ты хоць у тэму? А сур’ёзна?
— Куды ўжо сур’ёзней. Атрымалася наступнае. Кірыл па дурноце сеў за картачны стол з «каталамі» ці нейкімі шулерамі са сталіцы. Ён і раней часта пагульваў і даволі ўдала, але ж, як аказалася на гэты раз, да пары. Прагуляў вялікія грошы. А іх трэба было неадкладна вяртаць. Бандосы адразу паставілі яго «на лічыльнік». Намаляваліся, як кажуць, больш «рэальнымі», чым ён мог сабе ўявіць. Бадай, яго б маглі і забіць. Ён кінуўся туды-сюды — ніхто не даў яму і стольніка. Патлумачылі папулярна: час такі, што пазычаць больш як пяць умоўных адзінак нікому не варта. Брат брата «кідае». Вось тады ён і звярнуўся да. ну таго самага сябра, бізнесоўца. Той даў грошы, але з умовай, што сястра, я значыць, пайду за яго замуж. Высветлілася, што даўно ўжо выглядзеў мяне, спакваля прасвятліў, як рэнтгенам і чамусьці вырашыў, што я яму, як кажуць, у масць. Кірыл стаў перада мной на калені і... папрасіў. Я... я не жадала, каб ён памёр. Я бачыла тых бандосаў — гэта вельмі сур’ёзна.
— А калі падключыць міліцыю?
Дзяўчына горка ўсміхнулася.
— Не будзь такі наіўны. Што ім менты прад’явяць? Пустату? Патрэбныя ж доказы махлярства, ашуканства, шантажу. Іх няма. А тое, што нехта з некім гуляў у покер, дык які тут крымінал?
— Твой брат — ідыёт. Нікчэмнасць. Як ён мог падстаўляць цябе?
— Вось так і падставіў. Ён лічыць, што да ўсяго робіць мне вялікую паслугу. Уладкоўвае жыццё. І што ты са сваім футболам — звычайны няўдачнік. Несамавіты. Без падтрымкі. Без перспектываў на будучыню.
— І аніяк нельга адпасаваць назад?
— Нельга, Максім. Я не жадаю. Каб ты ведаў, як мне цяжка.
***
Па дарозе дадому, варта ж было паказацца бацькам, Максім выняў з кішэні каробачку з пярсцёнкам, размахнуўся і закінуў далёка ў прыдарожнае кустоўе.
— Каму Бог пашле, — з горыччу ўсміхнуўся сам сабе.
«Гранд» стадыён. Францыя. Ліён
Максім Гудаў, вядома, разумеў, што каманда не здолее змяніць манеру гульні адразу, як чалавек, які не можа нацягнуць на сябе іншую скуру. Стыль той самай гульні — гэта тое, што назапашваецца гадамі і ўкараняецца назаўсёды. Прадбачліва вывучыць асаблівасці гульні саперніка — значыць выведаць яго планы і ў выніку — перамагчы.
Канцоўка матча яўна збівалася на шэраг істэрычных эпізодаў. Гаспадарам пляцоўкі была неабходная перамога, і не ў адных прызавых грашах тут была справа. Дзясяткі тысяч заўзятараў чакалі, няўмольна патрабавалі яе ад сваіх пестуноў. Дзеля чаго яны прыходзілі сюды, на стадыён, гублялі асабісты час? Пэўна, яшчэ і таму, што кожны з іх па-свойму любіў футбол — гэтую самую папулярную гульню ў свеце, і цяпер хацеў ад сваіх улюбёнцаў поўнай аддачы. Чаго яны, урэшце, сюды і зараз прыйшлі, купілі далёка не танныя білеты? Каб усцешыцца перамогай — вось чаго.
Максім, між тым, усё часцей выходзіў на перахват, бо мяч падоўгу затрымліваўся на яго палавіне поля, крычаў з-за таго на сваіх абаронцаў. Ушчуваў іх. Як ні дзіўна, хоць ён, лічы, выпадкова заняў месца Сяргея Румаша, яму бездакорна падпарадкоўваліся. Палыч ужо нічога не мог зрабіць. Ні парадай, ні дапамагчы чым іншым. Ды яго б і не пачулі. Няўмольны Стайлз, дарэчы, зрабіў яму папярэджанне за залішнюю актыўнасць ля броўкі.
Прыкладна хвілін за пяць да канца матча Бурэ выскачыў з ім адзін на адзін, але далёка адпусціў мяч, і Максім літаральна «зняў» яго з нагі форварда. Бурэ, якому ў гэты дзень яўна не шанцавала, тым не менш каварна скарыстаў момант і адчувальна заехаў яму буцай у грудзі. Што ж, прамільгнула ў галаве ў Максіма, гэта балюча, але і гэта можна выкарыстаць сабе на карысць, пацягнуць час. Дзесяць, дваццаць, трыццаць секунд могуць вырашыць усё. Тым больш, Стайлз усё бачыў і не стане яго вініць. Дарэчы, колькі хвілін ён дадасць да асноўнага часу?
Максім урэшце падняўся на ногі, зрабіў супакойваючы жэст сваім і выкінуў мяч у поле свабоднаму хаўбеку. Гульня працягвалася. А яшчэ праз паўхвіліны гаспадароў пляцоўкі ледзь не злавілі на контратацы. Толькі жорсткі знос за дзясятак метраў ад штрафной выратаваў іх ад гола. Стайлз у чарговы раз узняў угору жоўтую картку. А потым зноў выдатны сэйв выдаў іх варатар Жуль Дзюпон — выцягнуў мяч з-пад перакладзіны. Асістэнты, між тым, высвецілі банэры — рэферы дадаў тры хвіліны дадатковага часу.
Напруга матча дасягнула, між тым, найвышэйшай адзнакі. Час быццам цягнуўся бясконца. Гаспадары ліхаманкава атакавалі і зноў ледзь не пацярпелі ад контратакі, хіба што вынеслі мяч на вуглавы.
Читать дальше