Так ці інакш i гэта адбылося. І Стральцоў лічыў дні ў сваёй высылцы.
„Паклічу мару...”
„Добры вечар, — кажу гэты раз i гляджу ў акно, за якім i сапраўды вечарэе, але на Захадзе ні барваў, ні бліскавак, хоць па-навальнічнаму пахмурна i ветравана [у лісце так]. Зеляніна нейкага вайскова-адчужанага, без тонаў, колеру, бо замгліла неба, a ці надоўга, не ведаю.
Учора атрымаў тваё пісьмо, адпісаў, нават заклеіў, i вось яно ляжыць на стале, як не маё ўжо, без маёй улады на яго, якраз такое, якім прачытаеш яго, якім яно табе падасца. А якім, не ведаю. Рэчы, мусіць, таксама ведаюць адчужэнне, як i праніклівасць, можа, сваю. Я, напрыклад, рэдка бываю ў згодзе з імі, i яны, мусіць, адчуваюць гэта, бо ніколі не затрымліваюцца ў мяне, як бы баяцца нейкай неўладкаванасці самога гаспадара — мо, найперш, душэўнай.
Дык вось, пісьмо табе ляжыць неадпраўленае i будзе ляжаць аж да панядзелка, прыйдзе разам з гэтым, а мо i не — на тое ёсць свае паштовыя дзівосы.
Значыцца, так. Надвор'е, мяркую, i ў вас сапсавалася, i ты, мусіць, так i не здзейсніла мой наказ павандраваць па крэсах нашага раёна з „французской книжкою в руках” а la belle Таццяна, намаркоціцца ля возера ў часы, калі там мала ўжо вульгарных купальшчыц i купальшчыкаў, але яшчэ i не затаіўся ў прыбрэжных хмызах сумназадумліва Пан, каб высочваць нетутэйшых наяд, — не пагражае табе, хіба сустрэча з маім імгненна-прывідным ценем над той вадой: ён нагадвае табе, можа, лермантаўскія радкі, якія згадваў я некалі над тым, з дазволу сказаць, возерам. Вось такія радкі:
Окончен труд дневных забот.
Я часто о тебе мечтаю.
Бродя вблизи пустынных вод,
Вечерним выстрелам внимаю.
И между тем, как чередой
Глушит волнами их седыми,
Я плачу, я томим тоской,
Я умереть желаю с ними.
Кажется, так. A ўспаміналіся мне там, можа, „иные берега, иные волны”. А цяпер я хачу бачыць цябе менавіта на нейкіх здратаваных берагах нейкага менскага возера, — i крый Божа, не ў Палангах i не ў Адэсах шумных! Крый Божа!
Ці не эгаізм гэта? I па праву якому, га?
Як бы там ні было, пасылаю табе трохі „божых слёзак”. А наогул жа, няхай анёлы з табой гуляюць, а ты, калі хочаш, узносся з імі на неба — ненадоўга, праўда, бо ў мяне забаляць вочы глядзець на анёльскае гэта відовішча.
Бывай. Пішы. Жыць асабліва не спяшайся. A маркоціцца — тым болей.
Міхась.
12.06.82”.
Ён умеў быць высакародна-шчодрым — Міхась Стральцоў. Мог высокай думкай сваёй узнесці на „небясі”, надаць шчымліва-чыстую кампанію, кінуць крылцы-пасачкі — не шкада. Хай, маўляў, пацешыцца: я толькі-толькі знялася з трохмесяцовай бюлетэневай котвіцы, ён гэта ведаў. I неяк знаходзіў — там! — i добрыя словы, i „божыя слёзкі”. Крыху сентыментальна? Магчыма. Але — ведаючы ягоны эгацэнтрызм, не як норму паводзін, а як засяроджанасць творцы i імкненне да абароны таго самага „права быць самім сабой”, тым больш духоўным дарункам мелася лічыць ягоны мякка-іранічны клопат. Л па-чалавечы — разумела, што яму лацвей ведаць, што i яшчэ нехта не гойсае па якіх прывабных i далёкіх мясцінах, a сціпла трымаецца блізкіх ваколіц. Яму i тыя ваколіцы былі краем абетаваным. Ці не таму ён так падрабязна ў згаданым ужо пісьме ў Каралішчавічы апісвае маршруты падарожжаў, што яму здаюцца такімі зваблівымі, i ці не таму сочыць сцежкі, па якіх ён нязмушана i звыкла столькі папахадзіў, а зараз тыя пуцявіны далёкія, нібыта якія шляхі на Марсы. Ці не таму, як цярплівы настаўнік, перапытваў: „Я табе паказваў хадзіць там i там — ці ходзіш?” (Ліст ад, 17.VI.82). Я бывала ў тых мясцінах, дарэчы, было халаднавата, то там амаль нікога не было — любата. Пра што i згадвала Міхасю, а тым часам вельмі ж асцерагала ад Масковіі. Перш-наперш — не ўяўляла яго сабе там. Што яму рабіць у тамтэйшых мясцінах? Беларускаму пісьменніку? Усё ж — свая зямля, то яна свая. Ці трэба яе самахоць кідаць? Ды i неяк больш сутыкалася ў жыцці з агрэсіўна актыўнымі сталічнымі дамамі. I ўвогуле маёй местачковай, схільнай да splendid isolation натуры, маскоўская мітусня была чужой, a камільфо, што неслі на сабе „особый отпечаток”, сустракаліся мне толькі зрэдзьчасу. Пра тое неяк i распявала я Міхасю Лявонцьевічу.
„Добрай раніцы, Міхась!
Не паспявае мае лянотнае i неспрактыкаванае пяро за тваёй імклівай думкай. Вось не адказала на адзін ліст — а ты адшкадаваў мне яшчэ адно. Кручуся ў нейкім непатрэбным чыноўным i хатнім клопаце. Раблю зараз мемуары Паўла Малчанава ў так званай апрацоўцы Галавача. Ці звар'яцею, ці скіруюся да ўзроўню „літпраўшчыка”. Але хопіць пра гэта. Хаця — дзіўлюся, як гэты чалавек, Галавач, гэтулькі год рабіў рэдактарам.
Читать дальше