Алла Сямёнава
Слова сапраўднага лад
Падрыхтаванае на падставе: Сямёнава А. Слова сапраўднага лад: Літаратурныя эцюды,— Мн.: Маст. літ., 1986,— 206 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ЧАС — ТЭМА — ГЕРОЙ
У сапраўдным творы заўсёды адчуваецца дух часу. Conditio sine qua non. Абавязковая ўмова. А потым час, толькі ўжо ў яго гістарычнай перспектыве, прасейвае, адбірае, перастаўляе акцэнты. Нават праз некалькі гадоў аказваецца важным нешта іншае, не тое, што ў пару напісання. Узнікаюць праблемы там, дзе раней здавалася — існуюць толькі прыватныя непаразуменні. Набываюць асобую сацыяльную абвостранасць многія з ранейшых праблем. Застаюцца на парадку дня вечныя пытанні ў сучасным іх выяўленні — пытанні дабра, зла, хараства. І ўспрымаецца як сённяшні боль і нязбыўны клопат тое, што быццам бы стала гісторыяй.
Скажам, Вялікая Айчынная вайна. Пераасэнсоўваецца нават і ўласны вопыт. Тымі, хто быў удзельнікам. Тымі, хто так ці інакш прайшоў праз выпрабаванні таго часу. Пераасэнсоўваецца ў перакрыжаваннях асабістага, прыватнага, але і агульнага, грамадскага вопыту, у стасунках усведамлення асабістага і народнага, дзяржаўнага, гістарычнага.
Калі мець на ўвазе літаратурную практыку 70-80-х гадоў, з'яўляюцца новыя творы В. Быкава, І. Шамякіна, А. Адамовіча, І. Навуменкі, А. Марцінавіча, многіх іншых удзельнікаў вайны. Новыя маральныя, этычныя, псіхалагічныя, філасофскія праблемы на тым жа, мабыць, невычарпальным матэрыяле. Упершыню «выйшаў» на гістарычны «зрэз» падзей В. Быкаў, не проста паведаміўшы чытачу пра перадваеннае жыццё герояў («Знак бяды»), а паказаўшы іх і ў перадваенныя гады ў сітуацыях «кантрольных», шматзначных па сваіх маральных выніках. Давёўшы да тых, экстрэмальных выпадкаў падчас вайны, што, як і ў яго папярэдніх творах, патрабавалі ад чалавека найвышэйшай бескампраміснасці і самаахвярнасці. Знайшоў нестандартны, незацёрты паварот тэмы І. Шамякін у сваім творы «Гандлярка і паэт». Паказаў, як абставіны і драматычная сітуацыя падчас вайны абудзілі ці стварылі ў чалавеку здольнасць да высокага ўчынку, у чалавеку па ранейшым сваім жыцці дробным і карыслівым. Стварыў сваіх «Карнікаў» А. Адамовіч у жанры адкрыта філасофскай прозы. Дакументальная аснова — па сутнасці, толькі падстава для пастаноўкі агульных філасофска-духоўных праблем, для аналізу псіхалогіі злачынства. Адчулі патрэбу ў тым, каб вярнуцца да часоў свайго чалавечага і грамадзянскага сталення І. Навуменка («Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці»), А. Марціновіч («Груша на голым полі»), шырока скарыстаўшы аўтабіяграфічны матэрыял з дыстанцыі часу.
У перыяд, пра які ідзе размова, з'явіліся і значныя творы пра вайну пакалення «дзяцей» вайны. Разгорнуты, глыбіням, эпічны паказ сілы народнай, выспявання народнага гневу стварыў у сваіх раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» І. Чыгрынаў. Псіхалагічна насычанае, ліра-эпічнае даследаванне трагічных калізій вайны даў у сваіх аповесцях «Тартак» і «Найдорф» І. Пташнікаў. Няпростыя маральныя калізіі, што ўзнікалі падчас вайны, паклаў у аснову кнігі «Чужое неба» Б. Сачанка, па-свойму падыходзячы да праблемы трываласці і ўстойлівасці духоўнага жыцця народа. Пякучай памяццю вайны насычана аповесць В. Казько «Суд у Слабадзе», трагедыя Колі Лецечкі — адтуль, з тых дзён. Скалечанае яго жыццё, смяротная хвароба — трагічны вынік нечалавечых «эксперыментаў» фашыстаў.
Нечаканы, востры аспект тэмы падаў у сваім рамане «Што пасееш...» А. Рыбак. Дзеянне адбываецца ў пасляваенны час, але карані маральнага канфлікту ў тых днях.
Пра вайну пішуць і пісьменнікі, для якіх вайна існуе толькі ў памяці бацькоў, сваякоў, знаёмых, у памяці народа. Тыя, хто з'явіўся на свет пасля перамогі.
Аднак спыняць гаворку на гэтым не будзем. Пра «ваенную» прозу напісана многа, самымі славутымі і высокапрафесійнымі крытыкамі, і ў нас і за межамі рэспублікі. Размова пра тое, што з цягам часу ўзнікае новы падыход і да праблем, здавалася б, ужо дастаткова і на самым высокім ідэйна-эстэтычным узроўні выяўленым мастацкай практыкай.
Адлегласць часу, дыстанцыя даюць, свядома ці падсвядома, трохі іншы пункт погляду і ракурс успрымання. Залежны і ад прасторавай катэгорыі. Напісаны, да прыкладу, у 60-я гады раман «Птушкі і гнёзды» Я. Брыля мог з'явіцца толькі на той сацыяльна-гістарычнай глебе, існаванне якой было абумоўлена гістарычным лёсам былой Заходняй Беларусі.
Читать дальше