Але... Гэта было ў 1982-м...
I ў траўні 1982 года я пісала Стральцову:
„Любите ли вы театр?”
Розныя былі ўражанні тэатральныя. I не толькі... Былі i нейкія памкненні...
На першых курсах у тэатр амаль не хадзіла, складана прыжывалася на асфальце. Затое курса з трэцяга i пазней, у 60-70-я гады, была аматаркай тэатра, i вялікай. Тэатра Мілцініса ў Паневежысе не бачыла, але да „Ванемуйне” ў Тарту дапяла. „Давалі” на тую пару (недзе 76-ты) „Танга” тысячу разоў забароненага тады Славаміра Мрожака. Чытала допісы i самога тартускага жраца Каарэла Ірда. У Маскве, як здаралася наязджаць, хадзіла ў тэатр нават по два разы на дзень, глядзела ранішнія i вечаровыя спектаклі. У нашых, купалаўскім i горкаўскім, чаўплася бясконца. Дарэчы — чаму ён горкаўскі? А не Буйніцкага? Кумельскага? Кістава?
A гастролі! Гастролі! Акімаўскага, Ленінградскага — „Дон Жуан”, з Варапаевым, „Здань” Я.Шварца, „Дванаццатая ноч” У.Шэкспіра! А тэатр Маякоўскага! У 60-я, пры Ахлопкаве, i адразу пасля яго смерці. A „Мілы лгун” МХАТа з А.Сцяпанавай i А.Кторавым! Ці той жа „Лгун” — у Массавеце — з Арловай i з Плятам!
A ў 1972 годзе я была ў Ленінградзе, у бібліятэцы, ледзь не месяц! I бачыла на свае вочы амаль увесь рэпертуар Тэатра на Таганцы! (Некалі я рабіла добрае ўражанне на тэатральных касірак i адміністратараў i заўсёды не падабалася прадаўшчыцам.) Дык, між іншым, твой улюбёны Раеўскі мне падаецца звычайным плапатарам. У „Лесвіцы славы” ён, як шкаляр, „здзёр” нават усе прыёмы, усе мізансцэны свайго настаўніка Юрыя Любімава (з яго спектакля „Тарцюф”). Але — гэта мне падаецца. Як i Луцэнка здаецца больш прафесійна моцным. Я ix не ведаю асабіста, таму нейкія ўражанні тут не дадаюцца. [Пазней погляды мяняліся — але гэта пазней.]
Былі ў мяне нейкія асабістыя ўяўленні — не ў „рэчышчы” тэатральнай думкі. Памятаю, вельмі спадабаўся „Шакаладны салдацік” паводле Шоў у надта ж на тую пару не модным (сярэдзіна 60-х) тэатры імя Пушкіна (маскоўскім). І таксама — у пастаноўцы Барыса Равенскіх першая дзея „Дзён нашага жыцця” паводле Андрэева. П'еса меладраматычная, такі перафраз „Дамы з камеліямі”. Але першы акт — студэнцкая Масква пачатку XX стагоддзя, быў з такім настроем... Рамансы, песні. „Ах, Москва, Москва, Москва, золотая голова...” Усё залацістае, спеўнае. Не вясёлае — радаснае. Памятаю, пад уражаннем гэтага спектакля я трапіла ўпершыню ў Маскву. Надарыўся выпадак — мужа маёй сяброўкі перавялі туды рабіць, i ён замовіў мне месцейка ў гасцёўні на ВДНХ: ложак у пакоі на 6 чалавек — але ж калі я там была, у тым пакоі! Яшчэ быў жывы стары Арбат, Замаскварэчча, яшчэ тэатральную „браню” выкідвалі дэмакратычна, усім, за паўгадзіны да пачатку спектакля. А з Вераб'ёвых гораў была відаць „златоглавая”. „Галоў” было меней, як у часы Леаніда Андрэева, але ў вераснёва-кастрычніцкую пару яны гарэлі ясным, нейкім светаносным полымем. I хаця маёй каталіцкай душы заўсёды бліжэйшыя вострыя гатычныя шпілі (касцёл святой Ганны ў Вільні, шпілі старой Францыі — памятаеш, дарэчы, Гогалевы „Арабескі”?), імкненне да Боскіх вышыняў — нястрымнае, як лёт стралы, але i гэтае запаволенае, скругленае, нібыта з прыпынкам, узвышэнне да парафій Боскіх, таксама не чужое мне, i эстэтычна, i духоўна. А тады гэта было першым уражаннем ад Масквы.
Між іншым, каля Масквы таксама ёсць прыгожыя мясціны: Кускова, Архангельскае, Суханава. У Маскву я заўсёды трапляла ўвосень, у верасні — кастрычніку, ці адноечы — увесну, у красавіку. Люблю няпэўнасць, „отточие”, шматкроп'е міжсезоння. Але жыць у Масковіі i ў Маскве я ніколі не здолела б. У 1974 годзе трапіла на курсы павышэння кваліфікацыі (так яны зваліся). Між іншым, з лёгкай рукі Міхальчука [Сяргей Апанасавіч Міхальчук — дзіцячы пісьменнік, тады загадчык рэдакцыі літаратуры для дзяцей малодшага ўзросту ў „Мастацкай літаратуры”]: ніхто з загадчыкаў i старшых рэдактараў — a павінны быў быць гэты службовы ўзровень — не меў ахвоты цэлы месяц сядзець у інтэрнаце ў Маскве, без аплаты камандзіроўкі (аплочваўся толькі праезд). Дык вось я зноў бегала па тэатрах i музеях Масквы. Ажно недзе праз тыдзень адчула, як мне на залялa i славутае „округлое” аканне, i рэдукаваныя, i „шаканне”: „Эт, стрелашник, эт, стрелашник, эт, стрелашник винават”. Перадаю табе, так бы мовіць, транскрыбіраваны запіс. Неяк i снабізм маскоўскі — „трэці Рым” — раздражняў, i звышкамунікабельнасць лезла ў вочы i вушы. Адным словам, не хацела б там жыць. Не дай Божа, каб давялося. Не, не маё. Чужое. Няўрокам не кажучы пра гэтыя бясконцыя сцвярджэнні пра абранасць нацыі, пра месіянства, пра звышідэю, якою „осиянные” толькі расейцы.
Читать дальше