I гэтае, зусім звычайнае для другіх i лёгка спраўджанае для іншых жаданне: мець хату, было таксама, нагадаю зноў, на жаль, толькі ідэяй-фікс. А ён трызніў той хатай. Гасцяваўшы, пасля звароту, на чужых дачах. Дарэчы, калі мы ездзілі ў 1987 годзе ў вёску Сычын, хата яго дзяцінства была пустая. Там ніхто не жыў. Але, мусіць, не ў яго натуры было б месціцца так, каб заўсёды быць на вачах, пад пільнай увагай вяскоўцаў, а падсвядома, можа, хацеў быць бліжэй да Менска. Аднак ці не гэтую хату ён меў на ўвазе ў лісце? Пазней у пісьмах згадваў: i печы б паліў, i дровы б цягаў, i ваду насіў... I глядзеў бы на вясёлы ці роздумны агонь у камінку. Пазіраючы на „ўзор прыгожы пекных зор”. На самоце. Так. Але, мне здаецца, самоту ён любіў, але адзінота не была яго марай. Бачыў ён сябе хутчэй — з Ёю. Хто — Яна? Межы асабістых адносін i ўяўнага, прывіднага ён не пазначае. Падзеі жыцця i падзеі ўяўленняў — яны набліжаюцца ў яго i перакрыжоўваюца. Ці — верагодна! — ён пазначае новы твор! Пра ўзаемаадносіны i ўзаемадачыненні жынчыны i мужчыны. Лісты з другога боку — гэта як чытацкі водгук. Даходзіць!
„Дзень добры, даражэнькая!
А ведаеш, мне спадабалася, як ты паказала кіпцюрыкі ці прыняла гэткую фехтавальную пазіцыю перад m-me Vt, i (о, женщины!) характарыстыкі праніклівыя i вычарпальныя, такія, што ад літаратурнай удавы спачатку як бы дух адлятаў, а потым i спружыны ўсе, жаласна бомкнуўшы, вонкі. Ну то няхай! Як я зразумеў, m-me ў Саюзе на кафедру ці амбон узнімалася, а цыганаваты падшыванец за якой парцьерай хаваўся? I Гамлета на гэтага Палонія не знайшлося?
Мне дык трохі, прабач, i смешна. Не ведаю чаму, а У., акрамя смеху, можа, дурнога, чамусьці нічога ніколі не выклікаў у мяне. Нешта, што пнецца раздзьмуцца да памераў вала. I дапяў-такі да параўнання з гэтым боскім стварэннем у працавітасці — нейкай i нуднай, i асуджанай, i знябытай: вол вось так, мусіць, i нудна працуе, i нудна жлукціць ваду.
Ваду ты пі, ваду ты пі —
Да скону века.
Ды толькі ў ёй ты не тапі
Сучалавека.
Там у ix, па-мойму, хіба з D. парагатаць ці пагаварыць можна. За адно гэта не шкода i намякнуць яму іншым разам, але „хітра”, як бы прымаючы правілы пэўнай гульні, вядомай табе i яму, што ад балярына Льва ён розніцца хіба адсутнасцю мужыцкай барады („Ну, мужыцкае, браце, у нас ёсць — i да барады ягонай ёсць!”), а таксама ж надта таленавітых сыноў („Мая Танька i шамякінскую заткне!”). I, пагладзіць жывот, свіркне акулярамі ў адзін бок, у другі, a потым задзярэ голаў i па-блазенску хапне ротам паветра — i так будзе на цябе глядзець: во мы ім!
<... >
Во ім! Весялей, між іншым, i сама глядзі на свет. Мне дык гэтага пэўна жадаеш, інакш не скіроўвала б нечы позірк i імпэт на Дульцыней i Флор розных. Хто яго ведае. „Мне бы лучше вон ту...” — ці заўсёды гэга апраўдвае сябе, га? У прастаце так званай ёсць нешта, ад чаго можна звар'яцець. Вельмі проста, што там, магчыма, разгадка, я згодзен, але ж чалавека, зноў жа, так нехта згламаздаваў, што ён сам сабе пры гэтым проста не паверыць i ўсё адно будзе шукаць нечага яшчэ на згубу сабе. Чалавек, між іншым, прастаты баіцца, хоць i жадае яе. Я табе гэта спасылкай па строга навуковае вызначэнне жыцця дакажу. Яно вызначаецца (жыццё) таўталагічна: жыццё ёсць жыццё. І не болей. Які-небудзь сэнс ці тым болей ідэал, мэта — крый Божа. Гэта, мусіць, праўда, але паспрабуй пераканай у гэтым „гуманітарнага” чалавека! Так i я ў Дульцынею, i ў Флору тваю не веру, я ў яе веру толькі у той момант, можа, калі чалавек „истекает звездными хлопьями”, як сказаў нехта. Прырода тут пастку добрую паставіла, гэта праўда. Але ж гэта толькі імгненне, а мы, каб не звар'яцець ад усведамлення жахлівай „хрупкости” гэтага імгнення, прыдумалі мастацтва, культуру i г.д., i г.д. Каханне само сабой — вось табе! І не вернется адсюль. І таму не палохай мяне ні „разумнасцю”, ні Дульцынеямі не суцяшай. І адкуль ты ведаеш, між іншым, што табе трэба спакой — i прытым такі, а не гэтакі? Кінь, кінь, даражэнькая!
Але ж мы i ў філасофію з табой залезлі! На сёння даволі, можа. Я табе пялёстак „ириса”, калі не намыляюся, прышлю. („Флоренция, ты ирис нежный” — у Блока.) Можа, дойдзе?
Пра справы напішу ў другім лісце, згода?
А ты б мне здымак свой прыслала, ці што? Не смейся. Я хваліцца ім не буду. Тут гэта i не банальна, можа, — не хваліцца, а здымак. Гэта тут толькі, мусіць, можна зразумець. Я табе пасля вярну, калі захочаш. А свой я так ці інакш прышлю да кніжкі: ты на мяне цяперашняга паглядзіш i вырашыш, ці трэба яго даваць (перамелаваць). Хаця там, можа, i другога малююць, хе?
Читать дальше