Хаця апошнім часам заўважыла — на набыццё штодзённай раўнавагі патрэбны жорсткі, чэрствы да прагматызму рэалізм, з немалой дозай скепсісу, парадзіравання — па брэхтаўскім метадзе, калі адчуваеш сябе адчужана-недатыкальна збоку i ўсё ж удзельнічаеш у падзеях. Ну, што-небудзь накшталт ужо згаданага „Крамнэгела” Пітэра Усцінава ці Стэйпбекава „Блукаючага аўтобуса” („The wayward bus”). Каб не вяртацца да старожкага юнацкага піэтету перад лаканізмам таты Хэма, трохі страхоўкі на ўсякі выпадак не перашкодзіць. У пару таго піэтэту лепш было страхавацца антыснабізмам якога Мантэня.
Ну, панесла мяне — з калаўротнага побыту ў вір літаратурны. Без руля и без ветрил.
Пра літаратурны быт. Калі шчыра — тандэмы не вельмі люблю. І А. не ведаю суцэльна. A калі ён хоча літаратурных працэнтаў — не вельмі давяраю. Даведаюся праз тыдзень у Валодзі Паўлава [Уладзімір Андрэевіч Паўлаў — паэт, празаік, на тую пару загадчык рэдакцыі паэзіі) i Рыгора Барадуліна, што да чаго. Не тое каб я анархіст-індывідуаліст, але з эмпірычных рацэй ведаю, калі за што бярэцца некалькі людзей, ці не робіць ніхто, ці ўсе робяць адно i тое ж. Калі хочаш, каб удзельнічаў A., дамоўлюся з ім праз Паўлава i „далажу” табе.
Наконт новых вершаў. Гэта мая віна. Я аддала Рыгору (Барадуліну) тое ж, што ў „Полымя” i на радыё. Пісала табе пра гэта. Па правілах тое, што не друкавалася ў зборніках, не ідзе, здаецца. Але Барадулін гаварыў, што для цябе зробяць выключэнне. A паколькі Юпітару дазволена ўсё, чаму б табе не пабыць Юпітэрам?
А ты як-небудзь, уладкаваўшыся з прыстойнай літоўкай на хутары, не адмовіш у якім закуцце ці мансардзе (папросту — гарышчы) адной кабеціне, што не ўмее ніводнай сялянскай справы — ані жаць, ані касіць, ані каровы даіць. Аднак паважае пленэр. I ўмее не рабіць клопату.
А за літаратурныя практыкаванні мясцовых педагогаў з дапамогай класікаў — дзякуй. Во распацешыў. Ну, не раскашуйся адзін. Адшкадуй i надалей блізкім.
Якія табе кланяюцца. Хочаш, магу зрабіць старасвецкі рэверанс? А не, дык проста развітаюся да наступнага ліста”.
„Вось i вясна. Каторая? Якая?..”
„Каб ты ведала, які маршык ірванулі нейкія музыкі на подмасцях маёй душы, калі ўхапіў я аж два твае пісьмы, ты, можа, сумелася б i наперад засцераглася пасылаць мне лекі такога мацунку! Але ўсё абышлося, я застаўся жывы, i высветлілася, што ўвесь мой „состав частей” адрэагаваў на тваю дозу нармальна i як мае быць. Цяпер, наадварот, памяншэнне дозы можа быць згубным: мусіць, я ласы да такіх лекаў, як кот да валяр'янкі.
Жарты жартамі, а я пачаў быў непакоіцца ўжо, нават грызці сам сябе за гіпатэтычныя правіны. Думалася, ненаразуменне якое выйшла i ты пакрыўдзілася чаго, — рознае думалася. I што А. да ўсёй гэтай справы [выданне кнігі] прыліп, i што St., здаецца, не любіць яго, i што — чорт ведае што! Але ты азвалася — i стала лепей у мяне на душы. I ў думках нават пачаў заносіцца высока, на твае вышкі-гарышчы ў літоўскім фальварку, дзе ты будзеш бавіць час ці не на адзіноце з раманамі Ганны Радкліф. А што ж, дарэчы, пакідаеш ты мне? Ідылічнае шчасце з Пульхерыяй Іванаўнай, даруй, прыгожай пейзанкай, валаокай, як Гера? так? А чаму ты надумалася, што мне варта задаволіцца адной гэтай пейзанкай? Шырокі чалавек, казаў стары Дастаеўскі, i дадаваў, што ўкараціць яго было б не лішне. Нехта моліцца, а нехта грашыць? Не, так, паводле Дастаеўскага, не бывае. Ягоны чалавек i другую душу, молящуюся, побач, захоча прымусіць саграшыць — i не інакш як з сабой, i захоча „ачышчацца” разам з ёй. Праўда, перад „пейзанкай”, як Раскольнікаў перад Соняй, можа i на каленях калі-нікалі пастаяць, але паляцець душой i іншымі помысламі да „мадонны” i будзе дамагацца, каб яна... Клеапатрай стала. Шырокі чалавек... Матыўчык Клеапатры Даст[аеўскі] у Ал[яксандра] Сярг[еевіча] добра ўчуў, а пасля „па-карамазаўскі” яго развіў — такі ўжо чалавек! Урэшт папсаваны татарскім, польскім, славянскім i Бог ведае якім яшчэ субстратам! А так — да пары да часу раманы Радкліф чытай. Пакуль мяне няма, дазваляю... Папалася, га?
Цяпер пра справы.
Зборнічкі я D. адаслаў, як i варыянты назваў да кніжкі. Туга думалася, наўдалыя яны, назвы, па-мойму, але, можа, адштурхнецеся ад ix i нешта прыдумаеце самi. [Пра гэта было вышэй — рэдактар кнігі Барадулін выбраў загаловак „Яшчэ i заўтра”, пад гэтай назвай i выйшла кніга]. З датамі складана. Няўжо ад ix адмовіцца нельга? Калі нельга, стаўляйце любыя, у межах храналогіі дзвюх кніжак, пакінуўшы два гады перад першай. Якая розніца!
Читать дальше