Я не хацеў цябе турбаваць гэтым, ведаючы, што табе зараз не да таго, але калі ачуняла трохі, вазьміся кіраваць А. (во каб Барадуліным!)— можа, кніжку i агораем i паставім таго ж F. перад фактам. <... >
Наконт машыністак (платы) не бянтэжцеся: грошы я тут на машыністку зарабіў, a вершамі зараблю таксама. Адразу ж машыністцы (вам) прышлю. Вы толькі рабіце.
Фу! Пераскочыў гэнае гіблае месца — ну яго! Пісьмо сапсаваў. Ты ўжо даруй...
...Ну, добрай раніцы! Заканчваю пісьмо пры сонейку, пры чырыканні вераб'ёў. Нехта крычыць з вуліцы, што радыё абяцала Менску несусветнае надвор'е — аж да 16° цяпла! Во дзе шоргат на „Брадвей”! [Так у гады нашага юнацтва напаўжартам называлі сённяшні Скарынавы праспект — ягоныя мэтры ад Галоўпаштамта да скверу тэатра Янкі Купалы]. Во дзе віраванне i спакусы! Але нічога — маўчу. У нас недзе свая „першпектива” — уся ў лінейках-палках i надта сур'ёзных шчытах з не менш сур'ёзнымі заклікамі i папярэджаннямі, сентэнцыямі. Тут Бальзак (!), напрыклад, ca шчыта вяшчае так: „Товарищ, помни, что один нерадивый заставляет о себе говорить больше, чем семеро примерных”. Як табе гэта падабаецца, гэты таварыш Бальзак? Я прывык. Я ведаю цяпер, напр[ыклад], што думаў Сервантэс (Дон-Кіхот?) наконт ветлівасці, Аміэль наконт марнатраўства, Даламбер (?) наконт выпіўкі. Во! Шмат чаго ведаю: калі-небудзь падзялюся пры нагодзе. Такім багаццем не падзяліцца грэх.
Усё, усё. Бывай здаровенькая, выстаўляйся на сонейка. Успамінай калі-некалі мяне.
Міхась.
27-28.IV.82”.
О, не — гэта не Міхайлаўскае, не Эрменанвіль, не Наан, не Спаскае-Лутавінава. Мазырская „фартэцыя”. А магчыма, каб лёс даў жыццё Стральцову, мы атрымалі б нешта накшталт „Нататкаў з падполля”. Не „Архіпелаг ГУЛАГ’ ці „У кругу першым”. Але там была свая трагедыя. Свой побыт. Свае самаўсведамленні, пра якія можна толькі здагадвацца па лістах Міхася Стральцова. „Успамінай калі-некалі мяне”. Яму трэба было ведаць — яго памятаюць. Яму была край патрэбная ягоная кніжка вершаў. Пацверджанне таго, што ён не выкрэслены з літаратуры, з жыцця. Ён у кожным лісце піша пра грошы машыністкам — каб крый Божа не падумалі, што ён жабрак, што ён спадзяецца на нечую міласць. I нават такое, што магло б мне добра палесціць: „Зноў кажу: ты ўладальніца ўсіх маіх опусаў i воль”, — адношу больш да яго крыўды на тых, на каго ён спадзяваўся. „... што яму да тых, у каго не куецца, а плешчацца?” — з горыччу згадваў Стральцоў пра аднаго з літаратараў, дапамога якога недзе крышачку затрымлівалася.
Тым часам з'явіўся ліст, у якім Міхась відавочна скіроўваў эпісталярны сюжэт у ірэальнае рэчышча, з відавочным іранічна-здзеклівым запрашэннем падтрымліваць фабульную нітку. Закруціць яе ў якія карункі ці ў больш шчыльную матэрыю. А самае, можа, галоўнае тут — Стральцоў i Дастаеўскі.
A перад ім быў мой ліст — адказ на той, з цытатамі „маралістаў”.
,,Бач, Міхась, які я ненадзейны элемент. Не толькі не выканала павышаных абавязацельстваў, але i з нормай не справілася. Пішу адказ са спазненнем, не крыўдуй. У мяне таксама бывае, што няма вольнай хвіліны ні ўдзень, ні ўночы. Прыязджае „хуткая” да мамы ў дзве гадзіны ночы, у пяць ад'язджае, а ў восем раніцы выклікаю зноў. Сама яшчэ добра не акрыяла, пакуль на бюлетэні. А тут вясна, i розныя хатнія гаспадарчыя мітрэнгі. Тэмп усюды патрэбны, тэмп, а яго пакуль што няма. Хаця ты правы, у кепскім настроі з'яўляюцца нейкія думкі ў галаве, хай бы нейкі фанограф (?) занатоўваў. Але ж няма такога, дык пакуль схопіць рука пяро, дык усё з галавы вон, рука лена рухаецца i не ў тым кірунку.
A раніца... Харошы час... Ведаеш, люблю зусім сялянскую, на золаку раніцу. Гадзіны ў чатыры-пяць. Няўцямнае ружавенне дня — такі ж прыдатны антураж для мройлівых прадчуванняў i адчуванняў. I для жорсткай канкрэтыкі засваення. I для тых галасоў, што гавораць: „Храни мечты, безумный, не знают умники таких прекрасных снов”. Пераклад гумілёўскі трохі саладжавы. Але, чытаючы твой ліст, я адчуваю, чаму ўсё ж такі заўсёды паважала вялікага да знямогі Льва Мікалаевіча. Ён нават у сваіх пошуках i сваіх метаниях солиднорассудительный, определенный, ён усё пра ўсё ведае, нават калі мае сумніва. Ніякіх згадак i загадак. Усё пэўна, моцна i як, скажам, у „Хаджы-Мураце”, так выпісана, што знямець можна ад клічнікаў свайго ўласнага захаплення. Але не цягне, мабыць, „празарлівасцю натхнення” тых, каго прыгадваеш ты, няма той „смугі” ў чыстым рэалізме. Дарэчы, не так даўно перачытвала Буніна. I чытала б яшчэ. I суб'ектыўна лавіла б улоўнае i няўлоўнае за няўмольнай лініяй „скрыпічнага грыфа”. Хіба не?
Читать дальше