— Я-ж яму, каб ён згарэў, крычэў: ня йдзі — застрэляць! А ён устаў і пайшоў. Дзякуй Богу, што толькі паранены! На будучыню будзе памятаць… Але я яго яшчэ абмацюжу, хаця ён страшна добры чалавек!..
Было даволі макабрычна гаварыць аб чалавеку як аб жывым, які ўжо даўно пахаваны. Але ў гэтай прыязьні заможнага беларускага селяніна з польскім сэнатарам і палкоўнікам ня было ніякага лёкайства, ніякага паніжэньня. Проста двое добрых людзей любіліся й шанаваліся ўзаемна.
— Панок, бадай ты згарэў, я-ж табе казаў, ня йдзі!..
— Вось прыйду ў сваю палатку, а Марцішонак будзе бурчэць…
Гэта-ж усё такое простае, такое людзкае, але, нажаль, добрых людзей не зашмат на сьвеце.
* * *
Мне было вельмі прыкра, што я паставіў Каміньскаму пытаньне: «за што?», калі ён заўседы хацеў адказваць: «гэта-ж так проста», а тут адчуў, што гэта ня так проста й абурыўся на мяне за правакацыйнае пытаньне.
З гэтымі думкамі я бег у свой батальён.
Усё зашпіленае на апошні гузік. Наперадзе ляжаць два піянэрскія патрулі, якія пабягуць трасаваць сьцежкі на гэтай праклятай замінаванай зямлі — людзі засуджаныя на сьмерць…
Як я зайздросьціў тым, што ў Багдадзе ці Каіры купілі гадзіньнікі з фасфарызаванымі цыфэрблятамі!
— Колькі яшчэ?
— Пяць хвілін, — адказвае шчасьлівы ўласьнік фасфарызаванага гадзіньніка.
— Колькі яшчэ?
— Адна хвіліна, — адказвае фасфарызаваны гадзіньнік.
І ў гэты мамэнт…
Тое, што пачалося ў гэты мамэнт, а 11-й гадзіне 11-га травеня, ніяк ня можна назваць «гэнкэрам» — крыкам дзікіх гусей з выраю — мяккім, сумным, лагодным, настальгічным.
Грымнула найцяжэйшая гармата. Гэта быў сыгнал. І, як кажа адзін наш мовавед «ударыла й пашла маква»… За гэтай гарматай зараўло больш за тысячу іншых: цяжкія, лёгкія, супрацьпанцырныя, супрацьлятунскія, мінамёты цяжкія, мінамёты лёгкія. Усё біла па пазыцыях праціўніка: далёкабойныя гарматы білі па далёкіх становішчах артылерыі, якія знаходзіліся 30 кілямэтраў ад пляцу бою, іншыя вальцавалі ўвесь пляц, на які мы мелі наступаць. Зямля дрыжэла пад нагамі, зямля гарэла, а ў паветры вылі мільёны д'яблаў. («Земля тряслась, как наши груди» — Лермантаў, «Бородино»). Барадзінская кананада, у параўнаньні з монтэ-касынскай, была мініятурай. Мелася ўражаньне, што глядзім у нейкі жудасны, вялізарны пякельны кацёл, дзе ўсё гарыць, кіпіць, пераварачваецца…
Колькі тонаў зялеза змарнавалі падчас гэтай кананады — цяжка сказаць, і, здаецца, ніхто гэтага не рахаваў. Гэтая навала згодна з плянам трывала 40 хвілін. Мы назіралі яе, як глядачы з лёжы нейкага макабрычнага тэатру. Нават заўзяты пэсыміст дзядзька Лукаш крыкнуў:
«Дык мы-ж пойдзем як нож у масла! Пасьля гэтага там застанецца толькі кучка смуроду!..»
Валодзька Мацкевіч глытаў вачыма гэтую сцэну. (Ён-жа хацеў быць героям). Таму сказаў з тонам расчараваньня:
«Там нам нічога ня будзе рабіць».
Памыліліся, нажаль, абодва. Засталося ўсё, а работы было шмат зашмат: восем дзён крывавіцца й паміраць.
Нехта можа паставіць пытаньне: як пасьля такой навалы там нехта мог застацца жывы? Зусім проста. Кажуць:
«Хіцёр Зьміцёр, але й Саўка ня дурны».
Немцы ведалі, што бяз артылерыйскага падрыхтаваньня ніхто ня зможа штурмаваць, таму мелі пабудаваныя сховішчы на адхонах — «мёртвых полях», куды не магла дастрэліць ні артылерыя, ні мінамёты. Вось-жа адразу, як артылерыйскую навалу перанесьлі на далейшыя пазыцыі, яны папаўзьлі ў бункеры. Пры гэтым бункеры былі моцна збудаваныя й замаскаваныя, на іх быў пакладзены дэтанацыйны пласт каменьняў, на якіх гранат разрываўся. Пэўна-ж глушыў жыхара бункера, але вялікай шкоды яму не рабіў. Проста змарнавалі сотні тонаў волава й зялеза.
Гарматы малацілі камяністыя горы дакладна, колькі прадбачвалася паводле пляну. Пасьля перанесьлі агонь на далейшыя аб'екты.
Немцы адбрэхваліся слаба. Ашчаджалі амуніцыю, якая ім пазьней прыдалася. Яны толькі фарамі й ракетамі асьвятлялі поле, што яшчэ павялічала макабрычнасьць відовішча.
Але затое, калі нашая артылерыя перанесла агонь далей наперад — слова ўзяла нямецкая артылерыя й мінамёты.
Сьвісток. Наперад пабеглі на чале з афіцэрамі два патрулі разьміноўваць поле й трасаваць сьцежкі. За імі мелі йсьці мы. Але ўзьніклі праблемы: папершае магнэтычныя йголкі сапэраў павар'яцелі, бо ўсё поле засыпанае зялезам, падругое немцы ўжывалі драўляныя міны, на якія не рэагуе магнэс. Жаўнеры з гэтых патрулёў узялі штыкі й імі пачалі наколваць грунт, ды шукаць мінаў. Але працавалі яны нядоўга. На іх рынулася стыхія артылерыйскага агня з усіх чатырох старон. Абодва патрулі былі выбітыя.
Читать дальше